19 июля 2019, пятница, 12:14
Мы в одной лодке
Рубрики

Пойдзем, хлопцы, да Касцюшкі

3
Тадэвуш Касцюшка

Чаму наш нацыянальны герой павінен перамагчы Суворава.

«Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў». Францыск Скарына

На Брэстчыне ў старажытным горадзе Кобрыне ёсць музей расійскага палкаводца Аляксандра Суворава. Насупраць музея ўзвышаецца бюст Суворава, пастаўлены ў 1947 годзе.

Чым вызначыўся гэты палкаводзец у Беларусі?

У 1794 годзе, камандуючы карнымі войскамі, знішчаў на Брэстчыне паўстанцаў, якімі кіраваў Тадэвуш Касцюшка. Чаго хацелі паўстанцы? Вызваліцца ад расійскай акупацыі. Таму і праходзіла яно пад лозунгам «Свабода, цэласнасць, незалежнасць».

Думкі паўстанцаў ярка выразіла народная «Песня беларускіх жаўнераў», складзеная на мове:

Помнім добра, што рабілі, Як нас дзёрлі, як нас білі.

Дакуль будзем так маўчаці? Годзе нам сядзець у хаце!

Нашто землю нам забралі? Нашто ў путы закавалі?

Дачкі, жонкі нам гвалцілі! Трэ, каб мы ім заплацілі!

Ці ужо мы ўсе сабакі? Гаспадары – не бурлакі.

За што маем крыўду знаці? За што церпіць наша маці?

Бывай здарова, Грыпіна! Параска! Мая дзяўчына!

Ад вас цяпер ад`язджаем, Да Касцюшкі ўсе прыстаем.

Народная песня мае яшчэ такія словы: «Пойдзем, хлопцы, да Касцюшкі – рубаць будзем маскалюшкі».

Што было, тое было. Як гаворыцца, з песні слова не выкінеш.

Жорсткая, крывавая ішла сеча. У ёй удзельнічалі і мясцовыя сяляне, узброеныя косамі. Касінерамі іх называлі.

У сваёй аповесці «Панскае дзіця» я прыводжу адзін з эпізодаў гэтай бітвы. Пра яго ўспамінае царскі карнік капітан Іваноў: «А сапраўднае пекла ён [капітан Іваноў] зведаў на Кобрыншчыне, калі пад вёскай Крупчыцы 17 верасня (войскам камандаваў генерал-паручнік Аляксандр Васільевіч Сувораў) сустрэліся ў баі з паўстанцамі. Упершыню ён, капітан Іваноў, убачыў, як зацята б`юцца сяляне-касінеры. Не аднаго салдата косамі звалілі яны з каня. Калі б не казакі, то невядома, чыя ўзяла б. Націснулі казакі, і адступілі паўстанцы, схаваўшыся за сценамі Крупчыцкага кляштара (А. Я. : манастыра) кармелітаў. Але і кляштар іх не выратаваў. Уварваўшыся ў кляштар, казакі пасеклі іх шаблямі, нават параненых не пашкадавалі».

Тадэвуш Касцюшка

Хто павінен быў адзначыць заслугі «графа рымнікскага, святлейшага князя Італійскага, графа Расійскай і Рымскай імперый, генералісімуса расійскіх сухаземных і марскіх сіл, фельдмаршала аўстрыйскіх і сардзінскіх войск, Сардзінскага каралеўства, гранда і прынца каралеўскай крыві і кавалера 19 ордэнаў»?

Канечне, тая краіна, якая паставіла яго ў Беларусі на чале карных атрадаў. Яна тады і адзначыла, не паскупілася. Праўда, за наш кошт.

Так, Аляксандр Сувораў атрымаў ад імператрыцы Кацярыны Другой «в вечное и потомственное владение» Кобрынскую воласць з больш як 13 000 сялянскіх душ. Гэтая зямля была не куплена, а сілком забрана ў тутэйшых гаспадароў. Забіралі зямлю і людзей, устанаўлівалі новыя парадкі, накіраваныя на знішчэнне тутэйшай мовы, культуры.

Такі наказ царыца Кацярына дала і расійскаму салдату, і расійскаму настаўніку, і расійскаму папу.

Вось што напісана ў яе ўказе ад 1795 года, калі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Расіяй і Аўстрыяй Расійская імперыя праглынула ўсе беларускія землі (заходнюю частку Беларусі і ўсходнюю частку Летувы): «Великое Княжество Литовское впредь именовать только Белой Русью, а народ её – белорусами, чем на века привяжем её к России. Замирить Литву (А. Я. : гэта значыць Вялікае Княства Літоўскае, пазней Беларусь) военной силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя».

А ці было ўслаўлена імя змагара за народную волю і роўнасць паміж людзьмі Тадэвуша Касцюшкі, які пасля паражэння паўстання вымушаны быў пакінуць радзіму і сем гадоў правёў у Амерыцы, дзе актыўна ўдзельнічаў у барацьбе паўночнаамерыканскіх калоній супраць англійскага каланіяльнага панавання (з`яўляецца нацыянальным героем ЗША і Польшчы, ганаровым грамадзянінам Францыі)?

На Брэстчыне ў вёсках Марачоўшчына і Малыя Сяхновічы (радзіме Тадэвуша Касцюшкі) створаны музеі, прысвечаныя Тадэвушу Касцюшку.

Што ж выходзіць? І Тадэвуш Касцюшка, і Аляксандр Сувораў з`яўляюцца нашымі нацыянальнымі героямі? Ці магчыма такое? Напэўна, магчыма ў грамадстве, раздзеленым супрацьлеглымі перакананнямі і імкненнямі. Ці не таму ястрабы з усходняй краіны-суседкі час ад часу, як метка выказаўся адзін наш вядомы палітык, «спрабуюць нас на зуб». «Спрабуюць на зуб», бо лічаць нас ці не самым слабым звяном у шэрагу краін, якія выйшлі з былога Савецкага Саюза.

Аляксей Якімовіч, «Газета Слонімская»