17 ноября 2019, воскресенье, 11:30
День второй
Рубрики

«Басовішча» для мяне – гэта сімвал беларускага року

«Басовішча» для мяне – гэта сімвал беларускага року
Фота: racyja.com

Успаміны гітарысткі полацкага гурта INDRA.

Полацкі гурт «INDRA» браў удзел у «Басовішчы -2007». На той час музыкі гралі разам амаль 4 гады і ўжо мелі першы альбом «Сонцавакол», запісаны ў Беластоку і выдадзены накладам 5 тысяч паасобнікаў, перадае «Радыё Рацыя».

Слухачам падабаліся песні, якія выконвалі тады яшчэ зусім маладыя палачане – удзельнікам гурта было ў сярэднім па 20-22 гады. І сама назва калектыву нібыта абяцала перамогу, бо INDRA – гэта імя бога навальніц і апякуна вольных музыкаў у ведычнай культуры.

Але перамогу ў спаборніцтве на «Басовішчы-2007» атрымаў іншы гурт, – «ФЛЯУС І КЛЯІНН», які таксама прыехаў з Полацку. І для ўдзельнікаў «INDRA» гэта не ўспрымалася як параза, кажа гітарыстка Марына Шэф:

– Увогуле «Басовішча» для нас было сімвалам беларускага року. І што калі мы трапім на яго, то гэта ўжо будзе паказнікам узроўню і вядомасці гурта. Ну, а тое, што мы не перамаглі, – было трошкі крыўдна. Але конкурс – гэта падвышэнне свайго музычнага ўзроўню, у першую чаргу, і задавальненне ад сваёй музыкі ў час выканання.

«Басовішча» запомнілася перадусім якасцю арганізацыі і цеплынёй сяброўскай атмасферы, калі музыкі-пачаткоўцы маглі папросту размаўляць з «мэтрам» беларускага року, а слухачы ставіліся спагадліва да ўсіх выканаўцаў без выключэння.

Паводле Марыны Шэф, традыцыя «Басовішчаў» не павінна перарывацца, і добра было б, каб музычны фэст з часам аднавіўся ў якім-небудзь іншым фармаце.

Фота: racyja.com