18 апреля 2024, четверг, 21:23
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як працуе хрысьціянскі цэнтар, дзе гадуюць беларускую эліту

9
Як працуе хрысьціянскі цэнтар, дзе гадуюць беларускую эліту
Фота: «Радыё Свабода»

Гэта нешта новае для Беларусі.

На будынку велізарны крыж, уваход на сыгналізацыі, а за дзьвярыма — жыцьцё, падобнае да любога садка ці школы. Чаму менчукі сюды водзяць дзяцей і як каталіцкая манашка кіруе нетыповай установай, — у матэрыяле Свабоды.

Прымуць і мусульман, і атэістаў

Хрысьціянскі сацыяльны цэнтар працуе ў Менску другі год. Месьціцца сярод хрушчовак паблізу станцыі мэтро «Пралетарская». Некалі тут была школа. Цяпер навабуд. Большасьць наведнікаў «пляцоўкі» — дзеці ад 2,5 да 18 гадоў. Іх каля 70. Цэнтар разьлічаны на 130 дзяцей.

«Тут гадуецца беларуская эліта. Спадзяюся, яны стануць людзьмі зь вялікай літары», — кажа дырэктарка цэнтру, каталіцкая манашка Часлава Навіцкая.

Тут ня школа і не дзіцячы садок. Асяродак называюць «Місія добрага самараніна». Гэта рэлігійная арганізацыя. Яна падпарадкоўваецца кіраўніку Каталіцкай царквы ў Беларусі мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу. Але сюды ходзяць дзеці ня толькі з каталіцкіх сем’яў. У цэнтры кажуць, што прымуць і мусульман, і атэістаў. Перацягваць у сваю канфэсію тут забаронена.

Дырэктарка цэнтру, каталіцкая манашка Часлава Навіцкая

Установа фарматам падобная да групы падоўжанага дня або прыватнай школы ці садка. Малыя наведваюць мастацкія, музычныя, танцавальныя, тэатральныя заняткі, бавяць час у саляным пакоі. Дзеці школьнага ўзросту спазнаюць матэматыку, мовы, гісторыю ды ўсе навукі, якія выкладаюць у звычайнай школе. Кожнае дзіця мае свой асабісты расклад.

Што асаблівага ў цэнтры

Усё на беларускай мове.

Заняткі пачынаюцца з агульнай кароткай малітвы. У кабінэтах ёсьць абразы, крыжы. Замест «Добры дзень!» вітаюцца «Хвала Хрысту!» У будынку месьціцца капліца, куды ходзяць на богаслужэньні.

Групы невялікія.

Цэнтар працуе на ахвяраваньні бацькоў і дабрачынцаў, няма датацый дзяржавы. У кожным выпадку сума абмяркоўваецца індывідуальна. Большасьць грошай ідзе на падаткі і абслугоўваньне будынка.

«Тут малыя групкі. Мы разам сустракаемся на шпацыры. Ладзяцца супольныя сьвяты, вельмі па-хатняму. Гэта нешта новае для нашай Беларусі», — кажа выхавальніца Настасься Толкач, якая раней працавала ў дзяржаўным садку.

Выхавальніца Настасься Толкач

«Тут як другі дом. Мы адна сям’я, усе адно аднаго ведаюць. Няма канвэеру і безасабовасьці. Адчуваньне еднасьці — як вулей з пчолкамі», — кажа Ларыса Царова, якая дапамагае дзецям знаёміцца з мастацтвам.

Цэнтар наведвае ейны 9-гадовы сын Мар’ян, які знаходзіцца на хатняй адукацыі.

Выхавальніца Ларыса Царова

«Адчуваньне, што ўсім ёсьць справа да дзяцей. Мой брат ніколі не любіў вучыцца. Дзякуючы тутэйшай атмасфэры перамог гэты страх», — дадае старэйшая сястра Мар’яна Ліда Царова.

Ліда Царова

Дашкевіч: «Змагацца зь дзяржавай у мяне не хапіла б здароўя»

Палітык Зьміцер Дашкевіч прыйшоў забіраць пасьля заняткаў 5-гадовую Мару і 3-гадовага Давіда.

«Гэта адзіная ўстанова ў Беларусі, у падмурку якой закладзены хрысьціянскія каштоўнасьці і беларуская мова. Змагацца зь дзяржавай, дзе ў беларускамоўных школах і садках выхавальнікі размаўляюць па-расейску, дзе ёсьць „23 февраля“ і „9 мая“ зь іхнай ідэалягічнай „шызафрэніяй“, у мяне не хапіла б здароўя», — кажа Зьміцер.

Зьміцер Дашкевіч

Сям’я пратэстантаў Дашкевічаў ня бачыць праблемы ў тым, што цэнтар стваралі каталікі. Зьміцер сам рабіў сюды мэблю.

«Біблія ж адна, Ісус Хрыстос адзін, каштоўнасьці адны. Мы не жагнаемся, вось і ўся розьніца», — кажа Зьміцер.

— Не баіцеся, што дзеці захочуць стаць каталікамі?

— Часлава [дырэктарка] пагражае забраць кагосьці ў кляштар. Я пра гэта ня думаў. Сям’я закладае ўвесь падмурак, — усьміхаецца Зьміцер.

Ён зазначае, што дырэктарка — «вельмі крутая спадарыня».

Лабадзенка: «Я па дзецях бачу вынік»

Сюды водзіць сыноў 4 і 7 гадоў сям’я Лабадзенак.

«Мы шукалі месца, дзе будзе сапраўдная беларуская мова, а ня толькі на паперы. Нам спадабалася атмасфэра — яна не казённая, не савецкая», — тлумачыць журналіст і грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка.

Глеб Лабадзенка

Іхны старэйшы сын хадзіў у два дзяржаўныя беларускамоўныя садкі, дзе «нахапаўся расейскай мовы».

«У дзяржаўным садку нам сказалі: „Вы яму на фізкультуру далі аранжавую майку, а трэба, каб быў сьветлы верх, цёмны ніз“. Я кажу: „Вы нармальныя людзі? Дзіцяці 4 гады. Ён ня можа ў аранжавай майцы хадзіць?“ — „Такія правілы“. Я зразумеў, што нельга ім аддаваць дзяцей, што яны выхоўваюць паслухмяных, зашораных клонаў», — кажа Глеб.

Сям’я Лабадзенак не наведвае касьцёл рэгулярна. Глеб спадзяецца, што цэнтар дапоўніць у рэлігійным выхаваньні тое, чаго недадаюць бацькі.

«Пачаткі сыстэмнай адукацыі ў Беларусі — гэта езуіцкія калегіюмы. У сьвеце моцная традыцыя каталіцкай адукацыі. Гэта ўзровень якасьці. Сястра Часлава — вельмі прасунуты чалавек, сочыць за тэндэнцыямі ў асьвеце, шмат бывае за мяжой. Я па дзецях бачу вынік — пра што яны гавораць, якія пытаньні задаюць. У дзяржаўных установах арыентуюцца на паказчыкі, зубрэньне, дзяцей ня вучаць думаць», — кажа Лабадзенка.

«На першым месцы тут стаіць Бог»

Шасьцігадовая дачка бізнэсоўца Віктара Обуха Соф’я наведвае заняткі па фартэпіяна, хор, фэхтаваньне, польскай і ангельскай мове.

«Я заўсёды марыў, каб дзіця выхоўвалася ў веры, праўдзе, добрымі выхавальнікамі. Сьвятая Ўршуля сказала: „Дайце дзецям Бога, і Бог дасьць ім усё“. Важна, што тут на першым месцы стаіць Бог», — кажа Віктар.

Віктар Обух з дачкой Соф'яй

Сям’я Сухоцкіх водзіць сюды дзьвюх малых дачок. Пяцігадовая Агата мае сындром Даўна і праблемы з сэрцам. Калі яна хадзіла ў дзяржаўныя садкі, то шмат хварэла. Адтуль папрасілі сысьці, бо дзіця «займае месца». «Місія стала прыязным месцам для дзяўчынкі», — кажа маці Наста Сухоцкая.

У місіі таксама ладзяць сустрэчы для дарослых інвалідаў.

«Я першая, хто будзе казаць, што тут няма ні мовы, ні тоеснасьці»

У цэнтры робяць акцэнт на беларускую мову, гісторыю, тоеснасьць.

«Я першая, хто будзе казаць, што тут [у Беларусі] няма ні мовы, ні тоеснасьці, ні сьцяга, нічога... — разважае сястра Часлава. — Я ад нараджэньня не гаварыла па-расейску, двух слоў не зьвяжу. У нас гаварылі па-польску і па-беларуску. Камуністы тут усё выпаласкалі. Якая там любоў да краіны? Тут няма нічога. Яны моладзь выхоўваюць? Якую? Трэба за нешта змагацца, нешта рабіць. Жыцьцё хутка праходзіць. Я веру, што ў нас зьменіцца сытуацыя ў краіне, будзе больш свабоды, каб рабіць дабро».

У місіі, акрамя асобных заняткаў па рэлігіязнаўстве, хрысьціянскае выхаваньне адбываецца і на матэматыцы, і на прагулцы. Выхавальнікі тлумачаць, што калі некага пхнуў, варта папрасіць прабачэньня, разьліў ваду — выцерці, пасьля працы прыбраць сваё месца.

«Калі зайсьці ў любую школу, гэтага няма. Няма выхаваньня дзіцяці, каб яно думала пра іншую асобу. Дзіця думае пра сябе, хваліцца: „У мяне такі мабільны тэлефон“. Тут на гэта адразу ёсьць рэакцыя, мы тлумачым, чаму так ня варта рабіць. Ёсьць людзі з абмежаванымі магчымасьцямі. Мы кажам: „Зьвярні ўвагу на гэтага чалавека. Ён патрабуе твайго позірку, добрага слова“», — расказвае сястра Часлава.

Яна шукае сучасныя мэтады, каб хрысьціянства стала модным.

«Калі я скажу зараз: „Дзеткі, будзем маліцца ўвесь час“, дзеці адкажуць: „Ведаеш што, сястра Часлава, ідзі ты са сваім хрысьціянствам!“ Хрысьціянства — гэта найперш міласэрнасьць, гэта другі чалавек. Папа Францішак паказвае, якім павінна быць служэньне іншаму. Нам варта выйсьці да людзей, быць зь імі, адчуваць іх, „прапахнуць авечкамі“. Тады яны прыйдуць і скажуць: „Я хачу быць, як ты“. За вушы іх не прыцягнеш у касьцёл. Што гэта за хрысьціянства сілком?» — разважае манашка.

«Такія цуды можа рабіць толькі Бог»

«Хто? Ну што за пытаньні? Хто гэта ўсё робіць? Такія цуды можа рабіць толькі Бог», — адказвае сястра Часлава на пытаньне, хто заснаваў цэнтар.

Яна просіць не рабіць акцэнту на ейнай асобе, хоць ідэю стварыць такое месца менавіта яна прывезла з Польшчы. Тады задума здавалася маларэальнай.

Справа пачалася з цуду, перакананая сястра Часлава. Памалілася, выйшла з касьцёла, але не да канца верыла, што нешта атрымаецца. У гэты момант ёй пазваніў чалавек і сказаў, што хоча ахвяраваць суму грошаў, якіх акурат хапіла б на выдаткі, зьвязаныя з рэгістрацыяй місіі. Будоўля пачалася ў 2014 годзе. Цэнтар адкрыўся летась увесну.

Аздараўленчы саляны пакой у цэнтры

Асяродак будаваўся за сродкі нямецкай дабрачыннай арганізацыі Renovabis, шматлікіх ахвярадаўцаў і памочнікаў.

Сястра з усьмешкай кажа, што паспаць за суткі пяць гадзін — гэта шмат. На малітву ў будны дзень яна знаходзіць каля 4 гадзін. Большасьць часу праводзіць зь людзьмі. Позна ўвечары адказвае на лісты, шукае грошы на існаваньне цэнтру, робіць іншую папяровую працу.

Цяпер мары новыя. Сястра хоча, каб у цэнтар прыходзіла больш старэйшых дзяцей.

«Каб яны ведалі, хто яны, валодалі беларускай мовай, каб за мяжой іх распазнавалі па іхнай мове. Каб не забыліся сваёй спадчыны. Каб чулі, што гэта іхнае, блізкае. Каб яны зьмянілі аблічча гэтай зямлі. Каб тут яны сустракалі жывога Бога. Мы стаміліся ад зла, перасьледу, страху. Хочацца прыгажосьці, вясны і надзеі», — кажа сястра Часлава.

Написать комментарий 9

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях