28 марта 2024, четверг, 13:53
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

За што Беларусь мусіць быць удзячная Алесю Адамовічу

1
За што Беларусь мусіць быць удзячная Алесю Адамовічу

26 студзеня — дзень памяці нашага славутага земляка.

26 студзеня — дзень памяці Алеся Адамовіча (1927-1994), пісьменьніка, грамадзкага дзеяча, члена-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, «няўрымсьлівага дзейніка дэмакратычнай культуры ХХ стагодзьдзя», як казаў пра яго Васіль Быкаў.

Стварыў новы жанр у беларускай літаратуры

Разам зь пісьменьнікамі Янкам Брылём і Ўладзімерам Калесьнікам Алесь Адамовіч выдаў дакумэнтальную аповесьць «Я ў вогненнай вёскі», у якой сабраныя ўспаміны пра зьнішчаныя нацыстамі разам зь іх жыхарамі паселішчы. Гэта была ня першая кніга з запісамі ўспамінаў удзельнікаў і сьведкаў вайны, але менавіта Адамовіч, Брыль і Калесьнік выйшлі на такі мастацкі ўзровень, які дазволіў казаць пра стварэньне новага жанру дакумэнтальнай прозы ў беларускай літаратуры. Пазьней нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч назаве Алеся Адамовіча ў ліку сваіх настаўнікаў.

Алесь Адамовіч, Іван Мележ, Іван Навуменка і Янка Брыль. Канец 1960-х гг.

Запісаў успаміны Васіля Быкава

У сакавіку 1985 года Алесь Адамовіч угаварыў Васіля Быкава падзяліцца ўспамінамі пра дзіцячыя і юнацкія гады і запісаў дыялёгі на магнітафон. Тэкст быў зьняты Верай Сямёнаўнай Адамовіч, у жніўні 2001-га ў Франкфурце Быкаў дапоўніў успаміны — адначасна працуючы над кнігай «Доўгая дарога дадому», якую прачытаў перад мікрафонам Радыё Свабода.

Алесь Адамовіч у дзень 60-годзьдзя зь сябрамі.

Быў першым, хто голасна сказаў праўду пра Чарнобыль

У першыя тыдні пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Адамовіч атрымаў ад беларускіх навукоўцаў і сакратара ЦК КПБ Аляксандра Кузьміна інфармацыю пра істотнае падвышэньне радыеактыўнага фону (такія зьвесткі лічыліся сакрэтнымі). У траўні 1986 генэральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў у выступе з нагоды аварыі заявіў па тэлебачаньні, што «горшае ў мінулым». Адамовіч зьвярнуўся да Гарбачова зь лістом, у якім выклаў рэальныя факты забруджаньня ня толькі так званай 30-кілямэтравай зоны, але і раёнаў і нават вобласьцяў, якія лічыліся «чыстымі». Адамовіч пісаў пра пагрозу радыяцыйнага атручваньня праз прадукты харчаваньня, пра адсутнасьць дазымэтраў, пра неабходнасьць стварэньня спэцыялізаваных мэдычных установаў. Гарбачоў паведаміў пра гэты ліст членам Палітбюро.

Таксама, Адамовіч патрабаваў ад 1-га сакратара ЦК КПБ Мікалая Сьлюнькова з патрабаваньнем неадкладна выканаць рэкамэндацыі сумленных навукоўцаў для выратаваньня людзей. Як пазьней прыгадваў Адамовіч, ён заявіў Сьлюнькову, што «гэта катастрофа, роўная вайне, а можа быць, і болей.

Арганізаваў дапамогу чарнобыльцам

Яшчэ ў савецкі час Адамовіч удзельнічаў у міжнародных антыядзерных канфэрэнцыях і быў добра вядомы заходнім актывістам ядзернага руху. Таму ягоныя выступы і публікацыя пра Чарнобыль істотна паўплывалі на ўсьведамленьне грамадзкасьцю заходніх краінаў маштабаў трагедыі. Адамовіч паспрыяў арганізацыі дапамогі для ахвяраў Чарнобыля з краінаў, дзе раней пра Беларусь ведалі мала, у прыватнасьці, зь Японіі.

Патрабаваў «экалягічнага Нюрнбэргу»

На першым «Чарнобыльскіім шляху» 30 верасьня 1989 Адамовіч запрасіў віцэ-прэзыдэнта АН СССР фізыка-ядзершчыка Яўгена Веліхава, каб ён убачыў і паслухаў людзей з Нароўлі, Брагіна, Чэрыкава ды іншых забруджаных раёнаў. Камуністычная прэса БССР замоўчвала маштаб акцыі, аднак інтэрвію Адамовіча пра «Чарнобыльскі шлях» шырока разышлося па сьвеце і паказала ступень усьведамленьня беларускім народам экалягічнай трагедыі. Адамовіч сказаў пра неабходнасьць «экалягічнага Нюрнбэргу», браў удзел у арганізаваных Беларускім Народным Фронтам Асамблеі народаў «Чарнобыльскі шлях» (восень 1989) і «Чарнобыльскім трыбунале» (вясна 1991).

З дачкой Натальляй і жонкай Верай. Фота Яўгена Коктыша

Абгрунтаваў немэтазгоднасьць будаўніцтва АЭС

У № 9 за 1988 год на той час самага папулярнага ў СССР літаратурнага часопіса «Ноый мир» было надрукаванае эсэ Алеся Адамовіча «Честное слово, больше не взорвётся», у якім казалася пра небясьпеку ядзернай энэргетыкі. Гэтая публікацыя супала з барацьбой супраць плянаў пабудовы Віцебскай АЭС і дала экалягічным актывістам дадатковыя аргумэнты. У выніку, упершыню ў СССР пад ціскам грамадзкасьці (было сабрана каля 60 тысяч подпісаў віцяблянаў) улады былі вымушаныя адмовіцца ад будаўніцтва атамнай станцыі.

Алесь Адамовіч з Васілём Быкавым. Фота Яўгена Коктыша

Падтрымаў дэмакратычныя сілы Беларусі

У гады перабудовы Алесь Адамовіч падтрымліваў дэмакратычныя ініцыятывы ў тагачаснай БССР і, у прыватнасьці, стварэньне Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне». Пасьля жорсткага падаўленьня «Дзядоў» увосень 1988 года ён назваў кансэрватыўнае кіраўніцтва БССР «Вандэяй перабудовы», і гэтыя словы прыжыліся для характарыстыкі партыйных лідэраў Беларусі ня толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.

Папярэджваў пра магчымасьць путчу

У 1989 годзе Алесь Адамовіч быў абраны народным дэпутатам СССР ад Саюзу кінематаграфістаўз СССР і адразу далучыўся да Міжрэгіянальнай групы, якая супрацьстаяла пракамуністычным і праімпэрскім дэпутатам. Адамовіч выступаў супраць мілітарысцкіх плянаў кіраўнікоў ваенна-прамысловага комплексу і папярэджваў пра магчымасьць рэваншу праціўнікаў дэмакратычны’ пераменаў. У мэмуарах Міхаіла Гарбачова «Жыцьцё і рэформы», перакладзенай на шмат якія мовы, адзіны выступ, які падае аўтар, прычым без якіх бы тое скарачэньняў — прамова Алеся Адамовіча на з’езьдзе народных дэпутатаў.

Падтрымаў права прыватнай уласнасьці на зямлю

Адамовіч лічыў, што сялянам павінна быць вернутае права быць поўным гаспадаром на сваёй зямлі. 6 сьнежня 1990 года на запрашэньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ Алесь Адамовіч, як народны дэпутат СССР, выступіў на сэсіі Вярхоўнага Савета БССР у падтрымку ўвядзеньня інстытута прыватнай уласнасьці на зямлю. Ягоная прамова выклікала раздражнёную рэакцыю прыхільнікаў калгасна-саўгаснага ладу, але была вялікай маральнай падтрымкай для дэмакратычных сілаў.

Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях