25 апреля 2024, четверг, 7:38
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Маці Беларусі — шляхта

1
Маці Беларусі — шляхта

Калі б не бальшавіцкі пераварот, Беларусь магла быць зусім іншаю.

Цяжка пагадзіцца з тымі гісторыкамі, якія сьцьвярджаюць, што пераважная большасьць шляхты Беларусі ўжо ў XVIII стагодзьдзі цалкам успрыняла літоўскі этнагенэтычны міт пра сваё паходжаньне ад рымлян і цалкам зраклася «рускай» мовы і русінскай сьвядомасьці.

У Беларусі і ў XVIII стагодзьдзі, і ў пачатку ХІХ стагодзьдзя заставалася яшчэ праваслаўная шляхта, было нямала ўніяцкай і беднай каталіцкай шляхты. Трапляліся нават зямяне, а на поўначы Віцебшчыны аж да пачатку ХІХ стагодзьдзя захоўваліся памежныя паселішчы панцырных баяраў. Усе яны карысталіся беларускай мовай у побыце і памяталі пра сваё «рускае» паходжаньне, як пра яго яшчэ ў пачатку XVII стагодзьдзя сказаў Мялеці Сматрыцкі:

«Ня вера русіна русінам, паляка палякам, літоўца літоўцам робіць, але нараджэньне і кроў руская, польская і літоўская».

Ня ўся і буйная шляхта цалкам забылася на сваю «рускасьць». Беларускамоўная паэзія XVIII стагодзьдзя шляхецкага паэта Дамініка Рудніцкага або апошняга канцлера Вялікага Княства Літоўскага Яўхіма Храптовіча гэтаму пацьверджаньне.

Дзясяткі беларускіх пісьменьнікаў першай паловы ХІХ стагодзьдзя — гэты час называюць пэрыядам літаратурнага абуджэньня Беларусі — паходзілі са шляхты, і толькі адзінкі — Паўлюк Багрым, Вінцэсь Каратынскі — зь сялян. Ды яшчэ Ян Баршчэўскі быў сынам уніяцкага сьвятара.

Менавіта дзякуючы шляхце на сьвет зьявілася новая Беларусь. І менавіта пад кіраўніцтвам шляхты наш народ прайшоў няпростую дарогу ад Русі празь Літву і часткова Польшчу да Беларусі.

Нярэдка кажуць, што «беларусы» і «Беларусь» — не саманазвы народу і краіны. Гісторыя, аднак, сьведчыць пра адваротнае. Менавіта гэтую назву ў ХІХ стагодзьдзі выбралі самі віленскія і наогул заходнебеларускія ліцьвіны і русіны, калі вырашылі выразна адрозьніць сябе ад балцкага насельніцтва гістарычнай Літвы на падставе сваёй (або сваіх продкаў) «рускай» мовы.

Калі б не распаўсюджанасьць польскай мовы сярод эліты тагачаснага грамадзтва — нашым нацыянальным назовам мог стаць этнонім і палітонім «ліцьвіны». Але для польскамоўных пачынальнікаў беларускай ідэі ў ХІХ стагодзьдзі слова «ліцьвін» (Litwin) было сынонімам сёньняшняга слова «літовец» (балт, lietuvis). Пачынальнікі адчувалі патрэбу самаідэнтыфікавацца, аддзяліць сябе ад балтаў. Таму выбар быў зроблены на карысьць «Беларусі» і «беларусаў».

Ужо ў сярэдзіне 30-х гадоў ХІХ стагодзьдзя студэнт Мэдыка-хірургічнай акадэміі ў Вільні, беларускі паэт і рэвалюцыянэр Францішак Савіч у вершы «Дзе ж тое шчасьце падзелася» ад імя беларусаў усклікне:

Ліцьвін, валынец, падайце ж мне рукі,

Так — прысягаем на Госпада-Бога,

Царам —— на згубу, панам — для навукі,

Што на той зямлі не паўстане і нога —

Ані гэта паганска, ані гэта тыранска...

І сама выбраная назва — беларусы — таксама тлумачыцца польскамоўнасьцю тых, хто выбіраў. Для іх гэта была важная гістарычная пераемнасьць. Па-польку русіны — Rusini, а беларусы — Białorusini.

Гэты выбар зрабіла пераважна ўжо польскамоўная шляхта і, у меншай ступені, прадстаўнікі ўніяцкіх і праваслаўных адукаваных колаў. Гэтыя людзі сябе амаль не пераймяноўвалі — былі русіны, сталі — «беларусіны».

Добра гэта ці дрэнна — абмяркоўваць ня мае сэнсу. У момант зараджэньня нацыі яе заснавальнікі далі ёй такую назву. І сёньня гэта ўжо ня зьменіш.

Складанасьць гэтага пошуку ідэнтычнасьці і назвы ілюструюць дзьве цытаты. У пачатку 40-х гадоў ХІХ стагодзьдзя Адам Міцкевіч падчас лекцый казаў студэнтам:

«Гаворкаю Белай Русі, званаю русінскай ці літоўска-русінскай... размаўляе каля 10 мільёнаў чалавек: гэта гаворка найбагацейшая і найчысьцейшая; яна распрацоўвалася з даўніх часоў: вялікія князі літоўскія карысталіся ёю ў дыпляматычным ліставаньні ў пару незалежнасьці Літоўскага княства».

Празь дзесяць гадоў — у 1853 годзе — сябар і паплечнік Адама Міцкевіча Аляксандар Рыпінскі ў прадмове да выдадзенай ім беларускай баляды «Нячысьцік» пісаў:

«Просты народ на Беларусі і амаль што ва ўсёй Літве, там, дзе селянін не па-літоўску, але па-руску гаворыць, сьпявае на сваёй мове нейкую сьмешную песьню пра дзіўнага ілгуна Мікіту...»

Як бачым, Рыпінскі, выдаючы ўласны паэтычны твор на беларускай мове, усё яшчэ вагаўся з назвай мовы, на якой пісаў.

Удзельнік паўстаньня 1830–1831 гадоў, беларускі паэт Аляксандар Рыпінскі (крайні зьлева) сярод курсантаў Дынабурскай школы падхарунжых. 1820-я гады

Але аўтары абедзьвюх цытатаў былі далёка ад Беларусі. Міцкевіч сказаў гэта ў Парыжы, Рыпінскі — у Лёндане. У самой Беларусі ў пачатку 60-х гадоў ХІХ стагодзьдзя справа з назвай мовы, народу і краіны была ўжо вырашана канчаткова.

У гэтага выбару былі добры і дрэнны бакі. Новая назва захавала гістарычную пераемнасьць і справядлівасьць — Русь значна старэйшая за Літву. Разам з тым, вылучэньне Беларусі і беларусаў з гістарычнай Літвы як бы пазбавіла іх фармальнага права на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Таму для беларускай нацыянальнай ідэі заўсёды важным застаецца фактар гістарычнай адукацыі. Кожны школьнік павінен ведаць, што ВКЛ — адна з апораў беларускай дзяржаўнасьці і культуры, але не адзіная — да яе былі Полацкая дзяржава, Тураўскае княства і сярэднявечны Наваградак.

Вядома, ня ўся шляхта тады і пазьней зрабіла выбар на карысьць беларускай нацыянальнасьці і Беларусі. Шмат хто выбраў Польшчу. Часам гэты падзел праходзіў паміж членамі адной сям’і або паміж пакаленьнямі.

Але перадавая частка шляхты, якая захоўвала гістарычную памяць і адчувала сувязь з народам, выбрала Беларусь.

Лідэрам і выказьнікам пазыцый перадавой часткі шляхты быў Кастусь Каліноўскі са сваімі паплечнікамі.

Адна зь некалькіх перапісных картак князя Гераніма Друцкага-Любецкага.

Усяго праз паўстагодзьдзя, увесну 1917 году, у Расейскай імпэрыі праводзіўся перапіс уладальнікаў сельскіх гаспадарак, падчас якога ўпершыню ў гісторыі задавалася пытаньне пра нацыянальнасьць. І вось тады ўжо практычна ўсе сяляне і пераважная большасьць шляхты і арыстакратаў Меншчыны назвалі сябе беларусамі. Сярод іх былі і Друцкія-Любецкія, і Гутэн-Чапскія, і Скірмунты, і Радзівілы, і Любанскія, і Ваньковічы, і многія, многія іншыя.

Калі б не бальшавіцкі пераварот кастрычніка 1917 году, Беларусь магла быць зусім іншаю.

Сяргей Абламейка, «Радыё Свабода»

***

Таксама чакаем вас на фэстывалі «Uzajemna», які пройдзе 2 лютага з 17:00 да 22:00 у клюбе «Re: public». У 17:00 Сяргей Абламейка падпіша кнігі першым 100 наведнікам фэсту.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях