29 марта 2024, пятница, 4:31
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Балаклавы здзёрты

5
Балаклавы здзёрты
Сяргей Законнікаў

А далей усё залежыць ад саміх беларусаў.

Дыктатары і іхнія паслугачы любымі спосабамі спрабуюць знішчыць праўду, здаровы сэнс жыцця. Яны абараняюць цемрашальскую сістэму хлуснёй, фальсіфікацыямі, падтасоўкамі, правакацыямі і нават зброяй. У такіх умовах многім грамадзянам веданне рэальнай сітуацыі недаступна.

Развіццё падзей паказвае, што беларускі народ — гэта несумненны герой сучаснай эпохі, бо ў 2020 годзе ён выйшаў з інфармацыйнага вакууму, з грамадзянскай абыякавасці і нанёс планетарнаму злу і гвалту паразу. Наш мірны, багаты гуманістычнымі і маральнымі выявамі пратэст каштоўны сваім прыкладам. Ён выходзіць за межы краіны, бо дапамагае ў праўдзівым святле ўбачыць жыццё ўсяго чалавецтва, якое змагаецца з гвалтам.

Мне як чалавеку, датычнаму да вобразнасці, усе стваральнікі і служкі дыктатарскіх сістэм бачацца ў чорных масках. Беларускія жанчыны, якія здзіраюць балаклавы з садыстаў-амапаўцаў, сталі самым яркім сімвалам цяперашняга хлуслівага, прадажнага і пустога часу. Для таго каб убачыць яго заганы, трэба зрываць заслону сакрэтнасці, таемнасці, якая адгароджвае ўладу ад народа.

Пратэст, які нарадзіўся з народнай нянавісці да хлусні, гвалту і катаванняў, ачышчальнай хваляй пайшоў у розных кірунках. У першую чаргу балаклава «гераічнага змагара з карупцыяй, абаронцы простых людзей і незалежнасці Беларусі» здзёрта з А. Лукашэнкі. Аказалася, што «кароль» — голы. Ліслівы піяр, які стваралі прыдворныя і замежныя заангажаваныя журналісты, знік.

Засталася праўда: разбэшчаны, непадкантрольны дыктатар развязаў вайну амапаўцаў, спецпадраздзяленняў КДБ, салдат і афіцэраў унутраных войск з мірным, безабаронным народам. Дзяржава вядзе цяпер тэрор літаральна супраць кожнага праўдзівага, сумленнага чалавека. Захад, хоць кажа пра рэпрэсіі, але не ўяўляе, што гэта такое ў лукашэнкаўскім варыянце.

Прапагандысцкая балбатня наконт замаху на канстытуцыйны лад не праходзіць. Парушальнікамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у час выбараў якраз выступілі ЦВК, чыноўнікі вертыкалі і сам дзеючы прэзідэнт. А затым бензіну ў полымя незадаволенасці людзей тым, што іх трымаюць за дурняў, падлілі садысцкімі дзеяннямі сілавікі. Адсюль выбух народнага гневу.

Узурпатар супраціўляецца, але яго час скончыўся.Жахліва, што ў сваю агонію ён уцягнуў сілавыя структуры. Прытым сілавікі заяўляюць, што будуць падаўляць пратэст бязлітасна. Яны страляюць гранатамі і гумовымі кулямі, пырскаюць пярцовы газ з балончыкаў проста ў твар бабулькам-пенсіянеркам і дзяўчатам.

Зразумела, што служакі, якія маюць высокую зарплату, жыллё і ўвогуле намнога лепшы дабрабыт, чым у большасці грамадзян, нічога губляць не хочуць. Але пара ўцяміць, што трыванне народа заканчваецца. Ён не будзе трымаць далей на плячах армію нахлебнікаў (колькасць сілавікоў на душу насельніцтва вышэйшая ў Еўропе!), якая яго знішчае.

Не толькі матэрыяльны аспект штурхае людзей у пагонах на нечуваны тэрор. Асабовы склад няспынна апрацоўваецца прапагандыстамі. Маладыя вайскоўцы наогул не ведаюць, што адбываецца. Іх накручваюць «грашыма», якія нібыта выплачваюць на пратэстах, фантастычнымі казкамі пра «агентов Запада», «кукловодов», «агрессивных поляков и литовцев», «экстремистов», «боевиков», «бандитов», «наркоманов». Услухайцеся ў тое, што вяшчаюць А. Лукашэнка, Н. Качанава, У. Андрэйчанка, В. Вакульчык, У. Макей, А. Швец, І. Наскевіч, І. Церцель, Ю. Караеў, Ю. Назаранка, Д. Балаба і параўнайце з «аргументамі», якія даводзіць пратэстуючай жанчыне сяржант-амапавец, адразу стане яснай «кухня». Усё, як пад капірку!

Такую ж вар’яцкую страву сілавікам, як і ўсім карыстальнікам, прапануюць беларускія афіцыйныя СМІ. Яны ў мярзоце «распрануліся» дарэшты. Расійскі аглядальнік Р. Папкоў не вытрымаў і абурыўся: «А вот приехавшие на акцию протестующих пенсионеров сотрудники государственного белорусского телевидения (БТ) — вот это чудовищно. Мы в России такого хамства, такого морального уродства не видели никогда, никакие наши НТВ и RT рядом не стоят с этими персонажами. Злобные, издевающиеся над стариками, провоцирующие. Это надо было видеть. Вот это действительно позор».

Але ў Расіі не ў многіх людзей праўдзівае бачанне. Для яе кіраўніка ў Беларусі нічога жудаснага не адбываецца: «Да, и жесткость была, и все, а может быть, даже неоправданная, но тогда пусть ответят те, кто это допустил, но в целом, если сравнивать и посмотреть на картинки, — во всяком случае безоружному человеку в спину никто не стрелял из боевого оружия». Заявачка яшчэ тая! Але нічога дзіўнага няма. Прэзідэнт Расіі ходзіць у «балаклаве» з таго часу, як адчуў сябе «царом», «збіральнікам імперыі», аддаючы загады на захоп Крыма, на ваенныя дзеянні ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны. Пуцін імкнецца зацягнуць у імперска-алігархічна-чэкісцкі «вір» і Беларусь. Крэмль баіцца дэмакратычных змен, за якія мужна змагаюцца беларусы. Ён хоча да ўпору карыстацца нелегітымным дыктатарам, каб затым замяніць яго новым прарасійскім аўтакратам.

Але на Беларусі Пуцін пракалоўся, яна здзёрла з яго «балаклаву». Пра гэта ў сацыяльных сетках кажуць расіяне: «Вот уже более 100 лет Россия, как в агонии, мечется от людоедов к грабителям и обратно во мраке лжи, серости и мракобесия». А цяпер цытую выказванне, якое высвечвае сітуацыю, розніцу паміж народамі: «Вот и стал ясен водораздел между московско-ордынскими-царскими-имперскими-совковыми холопами и вольными потомками литвинов — белорусами».

Сапраўды, доля ў кожнага народа свая. Расіяне не могуць пераадолець як вялікадзяржаўніцтва, імперскую пыху, так і рабства, таму шлях на свабоду замаруджаны: «Висит над нами тень веков из трону преданных лакеев».

А беларусы — народ еўрапейскі, мабільны, ініцыятыўны і крэатыўны. У адказ на хлуслівую валтузню У. Пуціна і А. Лукашэнкі з Канстытуцыяй прыдумалі дасціпную складушку: «Лучшая поправка — Сашина отставка!»

Калі ў нядзелю сілавікі напампавалі тэхнікай Мінск, перакрылі праходы, зачынілі станцыі метро, блакавалі сувязь, то людзі не разгубіліся. Вялікія калоны пратэстуючых сабраліся пехатой і выматвалі амапаўцаў, гулялі з імі ў «даганялкі» ў цэнтры, а значная частка гараджан мітынгавала ў мікрараёнах. Такім чынам, агулам сабралася мабыць найбольшая колькасць людзей за ўвесь час пратэстаў.

Сілавікі, як заўжды, дзейнічалі подла і палахліва, калі людзі пачалі разыходзіцца, сталі пуляць гранатамі ў мірныя калоны, распачалі страляніну гумовымі кулямі, а затым чорнымі зграямі высочвалі і хапалі пратэстоўцаў па адным у дварах і пад’ездах…

Беларусы зрываюць балаклавы не толькі з амапаўцаў, але і з «выхавальнікаў» узурпатара, што балбаталі пра правы і свабоды, а самі падтрымлівалі А. Лукашэнку. Яны бачаць свет праз проразь у масцы, у якой мільгацяць толькі грошы і іншыя выгоды. Хопіць Захаду двурушна прыкрывацца клопатамі пра простых беларусаў, не ўводзячы сур’ёзныя санкцыі. Дыктатара трэба атакаваць з усіх бакоў!

«Балаклавы» здзёрты. А далей усё залежыць ад саміх беларусаў. Акрамя фізічнай моцы, ёсць яшчэ маральны гарт. Мы справімся з усімі задачамі, якія паўстаюць, калі не страцім сённяшняй еднасці, смеласці, мужнасці і сілы духу.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях