28 марта 2024, четверг, 18:00
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Адкрыты ліст журналіста ў другім пакаленні Сяргея Ваганава да журналісткі ў трэцім пакаленні Кацярыны Андрэевай

1
Адкрыты ліст журналіста ў другім пакаленні Сяргея Ваганава да журналісткі ў трэцім пакаленні Кацярыны Андрэевай
Кацярына Андрэева

Трымайся, мы побач!

Выданне «Новы Час» апублікавала адкрыты ліст журналіста Сяргея Ваганава да арыштаванай журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай:

— Дарагая! Я пішу да цябе гэты ліст, і праз няспынныя выбухі і страляніну зноў чую твой голас: «Мы ляжым на падлозе… яны страляюць… кідаюць гранаты… свецяць ліхтарыкамі па вокнах… людзі хаваюцца ў кватэрах… дзякуй гаспадарам…»

— Яна што, працягвала весці рэпартаж?! — здзівіўся адзін з нашых сяброў пасля словаў падтрымкі і спачування.

Толькі потым мы даведаліся, што граната выбухнула побач з табой…

Я пішу да цябе гэты ліст, чую твой голас праз няспынныя выбухі, страляніну, а перад вачыма высокі ўзгорак над Сораццю, прытокам ракі Вялікай, у пушкінскім Міхайлаўскім, і мой тата, твой прадзед, раптам кажа:

— Унь, бачыш той мост над Вялікай?..

Так, я бачыў той мост, бачу дасюль, і не магу ўявіць сабе, як мой тата і твой прадзед, маленькі ростам, фізічна не вельмі моцны і, як мне здавалася, не асабліва храбры, прыняў, калі загінуў камбат, камандаванне на сябе:

— …мы адбілі тады 19 танкавых атак…

Мой тата і твой прадзед патрапіў у той батальён, каб напісаць пра жаўнераў, пра тое, як яны рыхтуюцца да наступу, бо на вайне і ваяваў, і быў журналістам. У нашым сямейным архіве захавалася цыдулка аднаго з жаўнераў з просьбай да капітана Пінхасіка прывезці як мага болей газет, бо не хапае паперы на самакруткі…

Я спытаў тады, над Сораццю, ці напісаў ён пра тыя атакі. «Так, — адказаў тата, — напісаў… Але давялося перапісваць. Бо паперы патанулі ў Вялікай. Калі сам ледзь не патануў…»

Ён быў Журналістам, мой тата і твой прадзед.

Я пішу да цябе гэты ліст, сэрца захлынаецца любоўю, а ў скронях, нібы чарга з аўтамата, пульсуе крывёю пытанне: «Чаму?».

Чаму? Як так здарылася, што амаль праз стагоддзе ад той вайны праўнучка журналіста, каторы ваяваў з фашызмам, унучка журналіста, каторы пражыў у сваёй прафесіі адносна мірнае жыццё, зноў трапіла на вайну з фашызмам, мо нават куды больш мярзотную з ягонага боку, бо гэта вайна з уласным народам, які прагне Праўды, Жыцця і Свабоды.

Я пішу да цябе гэты ліст і адчуваю глыбокі сорам за тое, што маё пакаленне журналістаў не здолела прадухіліць наступ дзікунства.

Я пішу да цябе гэты ліст і адчуваю неймаверную цяжкасць, з якой твае бацькі, мы з бабуляй, цягам амаль усяго твайго жыцця ў журналістыцы намагаемся спалучыць гонар за цябе з неадчэпным хваляваннем за тваё здароўе. А з моманту, калі ты з’яднала сваё жыццё з Ігарам (палітолаг Ігар Ільяш. — Рэд.), — і за яго, за вас, за вашу маладую сям’ю.

Ты памятаеш, як усе мы настойліва ўгаворвалі вас з’ехаць з краіны, пазбегнуць кратаў, якія з кожным тваім стрымам усё хутчэй набліжаліся да цябе, да вас. Мо зараз ты думаеш, што мы ў адчаі згрызаем локці, паўтараем пра сябе: «Як жа мы былі правы… мы ж гаварылі… прадбачылі… папярэджвалі…» Не думай так. Бо калі мы ўбачылі і адчулі неймаверна вялікую хвалю салідарнасці з усімі кінутымі за краты журналістамі, з табой асабіста; калі мы ўбачылі, як ты, танюткая, бы сцяблінка, і не вельмі моцная на здароўе, трымаешся на гэтай вайне, мы пазбавіліся цалкам зразумелай і даравальнай родным людзям слабасці. І сказалі сабе: мы не можам дазволіць сабе быць няроўнымі табе ў трыванні ўдараў лёсу, у разуменні тваёй адданасці прафесіі, якая ўласцівая кожнаму твайму кроку ў ёй.

Магчыма, ты асудзіш мяне, але я размаўляў са следчым па тваёй справе. Мяне цікавіла адно: якія менавіта дзеянні крымінальнага кшталту ты здзейсніла падчас стрыму з Плошчы Пераменаў, то-бок выканання сваіх прафесійных абавязкаў… Ён адказаў, што не скажа, і ўсклікнуў: «Ды якая яна журналістка?!». Мне стала і смешна і горка. Я ведаў, канечне, стаўленне ўлады да журналістыкі, але ўпершыню сутыкнуўся з такім шчырым неразуменнем яе сутнасці. Без усялякіх хістанняў думкі яны лічаць журналістыку сферай абслугоўвання ўлады, а журналістаў — нанятымі яе абслугоўваць. Яны не разумеюць і ніколі не зразумеюць, што сапраўдная журналістыка, у адрозненне ад палітыкі, — ратавальная для чалавецтва прафесія.

Бо толькі праз журналістыку чалавецтва бачыць сваё жыццё непасрэдна ў наўпроставым эфіры і атрымлівае магчымасць супрацьстаяць Злу.

Ты не ўяўляеш сабе, якая колькасць сяброў, знаёмых і ўвогуле незнаёмых людзей з Беларусі і розных куткоў планеты выказваюць падтрымку табе, нам, усім тваім сябрам і калегам, якія кінуты за краты. Акрамя салідарнасці я чую ў гэтай хвалі прагу наўпроставага эфіру Праўды.

Прагу з’яўлення ў наўпроставым эфіры цябе, тваіх мужных сяброў і калег, журналістыкі, незалежнай ад нічога і нікога, акром Праўды.

Трымайся, дарагая!

Мы побач.

Мы разам…

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях