19 апреля 2024, пятница, 5:04
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Цуды Беларусі: сем велічных сынагог, якія трэба ратаваць

Цуды Беларусі: сем велічных сынагог, якія трэба ратаваць

Гэта — асобная катэгорыя культурных скарбаў нашай краіны.

З сотняў сынагог, збудаваных на тэрыторыі Беларусі, цяпер дзейнічаюць адзінкі. Галоўную сынагогу ў Горадні называюць адной з найпрыгажэйшых і найстарэйшых у Эўропе. Частка будынкаў былых сынагог выкарыстоўваецца не па прызначэньні — прыкладам, у былой Харальнай сынагозе ў Менску цяпер тэатар імя Горкага. Асобная катэгорыя — ацалелыя, але закінутыя сынагогі, якія праз занядбаньне і час страчваюць сваю велічнасьць. Пра іх гаворыцца у публікацыі «Радыё Свабода».

1. Галоўная сынагога ў Быхаве

Быхаўскі раён, Магілёўская вобласьць

Быхаўская сынагога — галоўны і найвялікшы з адзінаццаці юдэйскіх малельных дамоў Быхава. Узьведзеная ў XVII стагодзьдзі ў традыцыях рэнэсансу, з элемэнтамі абарончага дойлідзтва, яна адпавядала выгляду горада-крэпасьці, якім быў гістарычны Быхаў. Яе магутныя сьцены ў таўшчыню дасягаюць двух мэтраў, у пляне будынак амаль квадратны. На круглай вуглавой абарончай вежы з прыступкамі — вузкія нішы-байніцы. Калісьці інтэрʼер сынагогі быў багата ўпрыгожаны ляпнінай і росьпісамі.

Да сёньня ўнутры будынка захавалася біма — каменная катэдра з калёнамі для публічнага чытаньня Торы і кніг прарокаў падчас набажэнстваў. Біма ў быхаўскай сынагозе — адна з чатырох, якія захаваліся ў Беларусі. Астатнія тры — у сынагогах у Слоніме, Горадні і Ружанах. Сынагога на колішнім рынку Быхава на паўночны захад ад замка ўнесеная ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў краіны.

2. Галоўная сынагога ў Століне

Фото: planetabelarus.by

Столінскі раён, Берасьцейская вобласьць

Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя Столін быў амаль цалкам габрэйскім мястэчкам. З чатырох сынагог тут захавалася белая, узьведзеная ў 1792–1793 гадах. Гэта двухпавярховы квадратны ў пляне будынак зь белымі тынкаванымі сьценамі, высокімі вокнамі, упрыгожаны пілястрамі і карнізамі звонку і каляровымі фрэскамі ўнутры. Сынагога мае рысы позьняга барока і клясыцызму — яе называюць рэдкім прыкладам сумяшчэньня стыляў XVIII стагодзьдзя. Малельны дом не ацяпляўся і меў натуральнае асьвятленьне.

У наступныя стагодзьдзі будынак моцна цярпеў ад пажараў. Агонь не пашкадаваў бімы і каштоўных скруткаў Торы. Да нашых дзён захавалася, аднак, ня толькі сама сынагога, а і сёе-тое побач зь ёй — дом рабіна, цокальны паверх габрэйскай школы, каменная гаспадарчая пабудова. Комплекс будынкаў лічыцца помнікам архітэктуры XVIII–XIX стст. Тым ня менш стан сынагогі і ацалелых будынкаў кепскі, яны патрабуюць рэстаўрацыі.

3. Вялікая сынагога ў Ружанах

Фото: planetabelarus.by

Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць

Ружанская сынагога збудаваная напрыканцы XVIII стагодзьдзя па праекце Яна Самуэля Бэкера, якога магнаты Сапегі запрасілі на пасаду прыдворнага архітэктара. Яна гармануе зь іншымі культавымі пабудовамі і палацавым комплексам мястэчка — усе іх спраектаваў той самы дойлід, якога пазьней назавуць пачынальнікам беларускага клясыцызму.

Звонку сынагога была далікатна ўпрыгожаная тонкімі пілястрамі і дэкаратыўнымі аркамі. Усярэдзіне захаваліся біма і фрагмэнты старых фрэсак.

Будынак сынагогі цяпер на тэрыторыі аўтабазы. Ён занесены ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, аднак стан яго аварыйны.

4. Сынагога ў Поразаве

Фото: planetabelarus.by

Сьвіслацкі раён, Горадзенская вобласьць

Поразава — старажытнае каралеўскае мястэчка з магдэбурскім правам і гербам. Цяпер гэта гарадзкі пасёлак на рацэ Рось. Каменная сынагога зьбірала ў Поразаве юдэйскіх вернікаў з канца ХІХ стагодзьдзя. Апусьцела пасьля Другой усясьветнай вайны, калі нацысты зьнішчылі амаль усё габрэйскае насельніцтва мястэчка — больш за 300 чалавек.

Сьцены поразаўскай сынагогі змураваныя з бутавага каменю і ўтвараюць будынак плошчай амаль 500 квадратных мэтраў. Гэта ня толькі прыгожая, але і рэдкая зьява, бо сынагогі часьцей будаваліся альбо з дрэва, альбо з цэглы. З бутавага каменю складзеныя сынагога і міква ў Лужках каля Шаркаўшчыны, якую занесьлі ў сьпіс гісторыка-культурнай каштоўнасьцяў. А вось значна большай па памерах поразаўскай сынагогі ў ахоўных сьпісах няма.

Пасьля вайны каменны будынак выкарыстоўвалі як склад. У гэтым жа статусе летась сынагогу выставілі на аўкцыён.

5. Вялікая любавіцкая сынагога ў Віцебску

Фото: planetabelarus.by

Віцебскі раён, Віцебская вобласьць

Любавіцкая сынагога ў Віцебску — адзінае, што ацалела з габрэйскіх культавых збудаваньняў, якіх у горадзе на 1917 год налічвалася 74. І адна з шасьці, дзе вернікі вызнавалі любавіцкі хасыдызм, альбо Хабад. Заснавальнікам гэтага адмысловага кірунку ў юдаізьме быў Шнэўр Залман зь Ляд. Тыя Ляды — у Дубровенскім раёне, на мяжы з Расеяй, а нарадзіўся Шнэўр Залман у Лёзьне, што пад Віцебскам.

Першапачаткова сынагога на колішняй Вялікай Ільінскай, а цяпер Рэвалюцыйнай вуліцы была драўляная. Цагляныя муры ўзьвялі на пачатку ХХ стагодзьдзя. Але домам малітвы любавіцкая сынагога прабыла нядоўга. Пасьля закрыцьця тут месьціліся адзін за адным аэраклюб, дом культуры, кіназаля, бібліятэка і склад. Віцебская сынагога дагэтуль ня ўключаная ў сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны. Гарадзкія актывісты спрабуюць прыцягнуць увагу гараджан і гарадзкіх уладаў да адметнай памяткі мінуўшчыны. Мінулым летам валянтэры прыбраліся вакол сынагогі і павесілі на дзьвярах інфармацыйную шыльду з кароткай гісторыяй помніка.

Тры гады таму ў Віцебску адкрылася новая сынагога — з рэпрадукцыямі вітражоў Марка Шагала ўсярэдзіне.

6. Вялікая сынагога ў Кобрыні

Фото: planetabelarus.by

Кобрынскі раён, Берасьцейская вобласьць

У дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў будынак былой сынагогі ў Кобрыні датуецца другой паловай ХІХ стагодзьдзя. Ён двухпавярховы, у пляне блізкі да квадрата, завершаны мансардай. І адзін з найбольшых сярод малітоўных дамоў на тэрыторыі Беларусі: яго агульная плошча — 576,7 квадратнага мэтра. Вялікая сынагога ў Кобрыні — адна зь сямі, якія былі ў мястэчку на пачатку ХХ стагодзьдзя. Тады больш за палову яго насельніцтва складалі габрэі. У вайну ў сынагозе разьмяшчалася адно з двух кобрынскіх гета. Пасьля вайны будынак прыстасавалі пад вытворчасьць — да 90-х гадоў тут працаваў бровар.

7. Сынагога ў вёсцы Індура

Фото: planetabelarus.by

Горадзенскі раён, Горадзенская вобласьць

Вёска Індура, што на Горадзеншчыне, найбольш вядомая Траецкім касьцёлам — помнікам архітэктуры пачатку XIX стагодзьдзя. Вялікую, складзеную зь сьветлай цэглы індурскую сынагогу ўзьвялі праз 70 год, у 1885-м. Тады ў вёсцы жыло больш за дзьве тысячы габрэяў і дзейнічала дзевяць сынагог. Цагляная сынагога заняла найвышэйшае месца ў вёсцы, якое раней было Сынагагальнай плошчай, і фасадам глядзела ў бок Ерусаліма. У ёй было шмат шырокіх вокнаў, і кожны вернік мог бачыць кавалак неба.

У пасьляваенны час будынак былой сынагогі аддалі калгасу, які прыстасаваў яго пад склад для ўгнаеньняў. Цяпер гэтая вясковая славутасьць у запусьценьні, як і сядзібны комплекс, таксама пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі.

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях