24 апреля 2024, среда, 1:38
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Арамаіс Міракян: Хачу пакласці жыццё на тое, каб тут было, як у Польшчы і Літве

4
Арамаіс Міракян: Хачу пакласці жыццё на тое, каб тут было, як у Польшчы і Літве
Арамаіс Міракян

Шчыры аповяд чалавека, які стаў знакамітым пасля кубку гарбаты.

Папіў гарбаты і стаў знакамітым — так можна сказаць пра мінчука Арамаіса Міракяна, які днямі праславіўся калі не на ўвесь свет, то на бліжэйшае замежжа — дакладна. А ён толькі і зрабіў, што замовіў у Мінску гарбату па-беларуску. Але мы гутарым з Маісам не толькі пра духмяны напой ды беларускую мову, але і пра палітыку, правы чалавека і многае іншае, піша «Новы Час».

«Добры дзень! Якая ў вас ёсць гарбата?» — пытаецца Арамаіс Міракян у кавярні на Плошчы Перамогі, дзе мы сустрэліся для інтэрв'ю. Прадавачка без усялякага здзіўлення на твары пералічвае віды гарбаты. Рэч у тым, што днямі Арамаіс у адной са сталічных фірмовых крам «Камунарка» замовіў гарбату па-беларуску. Касірка яго не зразумела і пагражала выклікаць ахову. Інцыдэнт залагодзіла адміністратарка ўстановы. І ўсё б сціхла, калі б на выпадак не адрэагаваў шэраг расійскіх СМІ і нават член Савету Федэрацыі РФ сенатар Ігар Марозаў. Услед за гэтым на Міракяна пасыпаліся сотні пагрозаў і абразлівых каментароў ад расійскіх інтэрнэт-карыстальнікаў.

«Калі чую «Купалінку», адчуваю, што гэта сваё»

— Пазаўчора я зноў быў з сябрам на «Камунарцы» — абслужылі па-беларуску, — падзяліўся апошнімі навінамі суразмоўца.

— Беларускамоўныя людзі часта сутыкаюцца з тым, што іх не разумеюць у тых ці іншых установах. Але як ты думаеш, чаму твой выпадак выклікаў такі розгалас?

— Калі я размяшчаў допіс у Фэйсбуку, я разумеў, што пэўны рэзананс будзе. Але каб мнехто сказаў, што на тое, што я замоўлю гарбату, адрэагуе верхняя палаты расійскага парламенту… Проста цяпер такі час — ідзе абвастрэнне паміж афіцыйным Мінскам і Масквой, ну і я трапіўся. Як жартуюць мае сябры, цяпер слова «гарбата» вывучылі да Хабараўска.

На сітуацыю з гарбатай сацсеткі выбухнулі мемамі, Symbal.by абвясціў чэлендж «Гарбаты, калі ласка!», а LSTR Adzieńnie выпусціла канцэпт да Дня роднай мовы

— Як на гэтую сітуацыю адрэагавалі твае родныя?

— Было рознае стаўленне. Я напалову рускі, напалову армянін, ува мне няма беларускай крыві. Мяне вельмі падтрымала мая мама, яна рускамоўная, з рускай сям’і. Яна нарадзілася ўжо тут, падчас перапісу насельніцтва пазначыла сябе беларускай.

Бацька мой з Арменіі, ён пераехаў у Беларусь пасля землятрусу 1988 года. Да гэтага ён працаваў токарам на вялікім прадпрыемстве, і ў той дзень уратаваўся цудам. Быў абедзенны перапынак, яны з калегамі гулялі ў даміно, якое пачало скакаць па стале. Адзін з мужчынаў, які з імі быў, сказаў: «Вы, маладыя, уцякайце, а я пабягу папярэдзіць астатніх». Ён пабег, і там і застаўся, як і вельмі шмат хто. Мой бацька тыдзень працаваў на разборы завалаў, ён пасівеў у 28 гадоў.

На гісторыю з гарбатай бацька адрэагаваў больш спакойна, яму не падабаецца хваля вакол майго імя, хаця ён заўжды будзе на маім баку.

— Ты ўжываеш дзве мовы, чаму ў той дзень вырашыў зрабіць замову па-беларуску?

— Я карыстаюся мовамі ў залежнасці ад кампаніі: з беларускамоўнымі — беларускай, з рускамоўнымі — рускай. У штодзённым ужытку гэта 70 на 30 з перавагай беларускай мовы. Таму гэта быў не першы раз, калі я замовіў гарбату па-беларуску, але ўпершыню на мяне за гэта пагражалі выклікаць ахову.

Беларускую мову я вывучыў у школе, гэта не першая мая мова. У 2010 годзе, калі мне было 15, адбываліся падзеі Плошчы, і гэта на мяне вельмі моцна паўплывала. З тае пары пачаўся мой паступовы пераход да беларускай мовы.

— Некаторыя каментатары абвінавачваюць цябе ў нацыяналізме. Дарэчы, кім ты сябе адчуваеш перадусім — беларусам, армянінам ці рускім?

— Беларусам, адназначна. Я не магу быць рускім, бо не разумею гэтых людзей. Я бываў у Расіі, але амаль ніколі там не жыў. Мой самы працяглы перыяд жыцця там — два месяцы, у мяне там была гісторыя вялікага кахання. У Арменіі я ўвогуле быў адзін раз з бацькам у сярэдзіне 2018 года. Там я чужы. Калі я чую «Купалінку», адчуваю, што гэта сваё. З расійскімі ці армянскімі мелодыямі такога няма.

А тое, што мяне вінавацяць у нацыяналізме… Я б адрозніваў беларускіх каментатараў і расійскіх. На нашых парталах ніхто не заклікаў мяне забіць, выслаць. Там не было і блізка такога, што «ты павінен здохнуць» ці «ехаць уздымаць народную гаспадарку Нагорнага Карабаха».

— А ўвогуле, на якіх каштоўнасцях цябе выхоўвалі, што і хто паўплываў на цябе як асобу?

— Вельмі моцна на мяне паўплывала мая бабуля, якая сыйшла ад нас у мінулым годзе. Яна, маці, бацька, цётка — усе казалі адно: ты павінен быць чалавекам, абараняць слабых, нікога не крыўдзіць, рабіць подлага. Казак пра Каліноўскага мне не чыталі. Але ў мяне абвостранае пачуццё справядлівасці. Ва ўніверсітэце мне часам за гэта «прылятала», таму што я мог пайсці да адміністрацыі кагосьці бараніць.

«Ты можаш быць ліфцёрам, вахцёрам і падлогацёрам»

— Чаму ты абраў прафесію журналіста?

— Класа ад восьмага я зразумеў, што хачу быць журналістам. Але гэта было няпроста, таму што праз інваліднасць мне трэба было праходзіць медычную камісію. Ёсць спіс «дазволеных» прафесій, і мне прыйшлося зламаць сістэму, скардзіцца, ісці ў вышэйшыя інстанцыі, каб дамагчыся таго, чаго хацеў. Мне казалі: «Ты можаш быць ліфцёрам, вахцёрам і падлогацёрам». Яшчэ — зборшчыкам лазы. Я сказаў: «Калі вы пазбаўляеце мяне права на навучанне, я буду пісаць у Адміністрацыю прэзідэнта». Урэшце мне забаранілі быць міжнародным журналістам, але на журфак дапусцілі. Здаецца, я адзін такі на ўсю краіну, хаця чуў яшчэ пра аднаго хлопца.

— Не расчараваўся ў журналістыцы ў Беларусі?

— Канешне, нашыя дзяржаўныя СМІ — гэта не журналістыка. Але ж незалежныя СМІ працуюць, проста для іх паўстаюць пэўныя выклікі, і гэта магчымасці для ўдасканалення. Не магу сказаць, што ў нас непрафесійная журналістыка. Той жа «Новы Час» — маленькая храбрая рэдакцыя.

— Для чалавека з інваліднасцю кожны дзень — своеасаблівае пераадоленне, прынамсі, так можа падавацца збоку. Ці так гэта ў тваім выпадку?

— Пераадоленне — гэта, хутчэй, для людзей з набытай інваліднасцю. У мяне яна ад нараджэння. У мяне няма і не будзе іншых вачэй і іншых ног. Гэта не пераадоленне, а проста жыццё, якое амаль нічым не адрозніваецца ад звычайнага. Пераадоленне — гэта пра пакуты. Я не пакутую. Да мяне ніколі не было стаўлення як да пакрыўджанай у плане здароўя асобы.

«Крыўдна, што гавораць пра гарбату, а не пра Емяльянава з Комарам»

— Ты вывучаеш замежныя мовы і займаешся перакладамі. Адкуль такая цікаўнасць?

— Аднойчы я зразумеў, што, калі ведаеш толькі рускую і беларускую мовы, то вельмі моцна сябе абмяжоўваеш. Бліжэйшай мовай была ўкраінская, спачатку вывучаў яе сам, потым заняў нейкае месца на конкурсе перакладаў «Зразумець Украіну». Пасля вывучаў мову на курсах ад амбасады, здаў іспыт на ўзровень валодання ўкраінскай В1. Польскую і сербскую вучыў самастойна. Не магу размаўляць, але чытаю і перакладаю свабодна. Зараз пачаў вывучаць ідыш — і гэта нечакана натхніла мяне на пераклады з баснійскай. Я проста люблю, каб галава працавала і не магу не вучыцца.

Адна з маіх найбольшых зацікаўленасцяў — Балканы. Гэта прагучыць нясціпла, але гісторыю і культуру Балкан так, як ведаю я, мала хто ў нас ведае. Цяпер я перакладаю вершы жывога класіка баснійскай літаратуры Абдулы Сідрана. Вельмі хачу перакласці яго вялікую паэму «Срэбраніца» пра разаніну ў 1995-м, падчас апошняй вайны. Бо ў нас на гэтую вайну пануе расійскі погляд.

— Сярод тваіх зацікаўленасцяў — правы чалавека. Як ты стаў займацца гэтай тэмай?

— Я даведаўся пра чачэнскіх уцекачоў у Брэсце. Мы разам з сябрамі з тэатральнай лабараторыі Свабоднага тэатру, у якіх я трохі выкладаў журналістыку, ездзілі размаўляць з імі. Выйшаў вялікі матэрыял у трох частках, які перамог як найлепшы матэрыял пра ўцекачоў у 2018 годзе па версіі Цэнтра падтрымкі ўцекачоў. Я прыйшоў валанцёрыць у Human Constanta, потым прайшоў агульны і паглыблены курсы па правах чалавека.

Не трэба баяцца адстойваць свае правы. Цяпер мяне вельмі турбуе справа анархістаў, якіх прызналі палітзняволенымі. Мне крыўдна, што гавораць пра гэтую чортаву гарбату, а не пра Емяльянава з Комарам. Я салідарызуюся з імі. Падзяляю я іх погляды ці не, але даваць людзям па сем гадоў за шкоду ў 1,5 рубля — гэта вар’яцтва.

— Няма адчування, што Беларусь і правы чалавека — гэта нешта несумяшчальнае?

— Чым больш паглыбляешся, тым больш разумееш, што ёсць некалькі інструментаў, але не працуе ніводны з іх. У нас любяць з’ехаць з Беларусі і потым казаць, як тут усё блага, а там — залатыя рэкі цякуць. Але я не хачу з’язджаць у Польшчу ці Літву. Я хачу пакласці жыццё на тое, каб Польшча і Літва былі тут. Пакуль у нас не працуюць правы чалавека, але не заўжды яны працавалі і там. І калі я чытаю праваабарончыя справаздачы з Узбекістану, Таджыкістану, афрыканскіх краін, то ў нас — проста Швейцарыя. І я хачу — цяпер гэта мне падаецца галоўнай мэтай майго жыцця — зрабіць так, каб тут было жыць лепей. Я разумею, што мне дзесяці жыццяў не хопіць на гэта. Але нават калі тры беларускія кавярні вывучаць слова «гарбата» — я ўжо пражыў жыццё недарма.

Мне баліць за правы мігрантаў. Я мару пра Беларусь без дыскрымінацыі паводле розных прыкметаў.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях