29 марта 2024, пятница, 10:58
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як замаўляць каву і гарбату па-беларуску

2
Як замаўляць каву і гарбату па-беларуску
Севярын Квяткоўскі

Cловам лютага 2020 году сталася «гарбата».

Арамаіс Мірак’ян ня першы і, відаць, не апошні чалавек, на чыю беларускую мову работніца сэрвісу зрэагавала груба.

Але мяняецца грамадзтва, зьмяняецца стаўленьне да беларускай мовы, а таму «гарбата», якую папрасіў Арамаіс, выбухнула ня толькі ў сацыяльных сетках, а нават у расейскай мэдыйнай прапагандзе.

У абмеркаваньні, як сябе паводзіць, калі цябе не разумеюць па-беларуску, я сустрэў два прынцыповыя падыходы. Першы — паводзіць сябе жорстка, патрабавальна, не праяўляць ніякай літасьці, маўляў, «затое добра запомняць, што беларуская мова — ня жарты, яе паважаць трэба».

Другі падыход мне асабіста больш падабаецца. Асьветніцтва і прамоцыя. Ты разумееш, што тваю «гарбату» ці «рахунак» мусяць разумець, бо гэта слоўнікавыя словы, а людзі ў школьным атэстаце маюць станоўчую адзнаку па беларускай мове. З другога боку, ты ведаеш, што ўся дзяржаўная сыстэма часоў Лукашэнкі працавала і працуе супраць хоць якога пашырэньня беларускай мовы.

І калі твая генэрацыя яшчэ магла чуць жывую беларускую мову на вёсцы, то цяперашнія дваццацігадовыя пазбаўленыя і такой магчымасьці. Таму спачатку патлумач. І, толькі калі адчуеш агрэсію, рабі крок у адказ.

Што далей?

Далей колькасьць гарадзкіх носьбітаў беларускай мовы будзе павялічвацца. Напрыклад, у Менску ўжо дастаткова кавярняў, дзе прыязна ставяцца да беларускай мовы, а дзе-нідзе могуць адказаць па-беларуску. Але трэба разумець, што і праціўнікі пашырэньня беларускай мовы нікуды ня зьнікнуць у адзін момант. Для многіх зь іх беларуская мова — проста лішняя праблема. Штосьці з разраду «не дурыце галавы», «не выпендрывайцеся», «Вам больш за ўсіх трэба?» і т.п.

Распачынаць бясконцую вайну? Здаецца, дзяржава ўсё-ткі магла б паўдзельнічаць у рэгуляваньні праблемы камунікацыі беларускай мовай у публічнай прасторы. У ідэале — зрабіць расейскую факультатыўнай, а беларускую абавязковай. Але можна пачаць з больш лагодных захадаў.

Напрыклад, абавязаць людзей са сфэры сэрвісу ведаць мінімальны набор словаў і фразаў. Моцным дадатковы аргумэнтам пры прыёме на работу можа быць адзнака ў атэстаце. Калі ты маеш там хоць бы «шасьцёрку», то мусіш ведаць словы «кава» і «рахунак». А веданьнем слова «гарбата» цябе забясьпечыць працадаўца.

Як працуе вяртаньне карэннай мовы ў сэрвіс, вы можаце пабачыць у Кіеве, дзе спальныя раёны ўсё яшчэ расейскамоўныя, але турыстычны цэнтар скрозь украінскамоўны. Замена мовы на масавым узроўні адбываецца дзесяцігодзьдзі.

Беларуская сытуацыя ўнікальная тым, што, нягледзячы на незалежнасьць і адсутнасьць наўпроставага кіраваньня з былой мэтраполіі, улада працягвае антынацыянальную палітыку, распачатую калянізатарамі. І вось у гэтай неспрыяльнай сытуацыі беларушчына прабівае сабе шляхі.

А што ж тады будзе, калі беларуская дзяржава павернецца тварам да беларускай мовы? На пэўным этапе ў гарадах утворацца дзьве моўныя супольнасьці. І вось тут варта ўжо цяпер умець, з аднаго боку, рашуча бараніцца, з другога — быць дыпляматамі.

Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях