3 апреля 2020, пятница, 20:35
Народный карантин
Рубрики

Кангрэсмэн Дынгел: Насуперак усім перашкодам, вольны дух Беларусі перамагае

1
Кангрэсмэн Дынгел: Насуперак усім перашкодам, вольны дух Беларусі перамагае

У 1966 годзе Джон Дынгел, кангрэсмэн-дэмакрат із штата Масачусэтс, выступіў з прамовай з нагоды Дня Волі.

23 сакавіка 1966 года Джон Дынгел (John D. Dingell), кангрэсмэн-дэмакрат із штата Масачусэтс, выступіў з прамовай з нагоды набліжаючагася 25 сакавіка, Дня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, піша сайт radabnr.org.

Джон Дынгел (1926 – 2019) прабыў на пасадзе да 2015 года, стаўшы сябрам Палаты прадстаўніком, які займаў сваю пасаду самы доўгі час у гісторыі ЗША.

Сайт прыводзіць ягоную прамову пра Беларусь у арыгінале:

- Пане сьпікер, мы сьвяткуем угодкі Дня беларускай незалежнасьці 25 сакавіка 1918 г., і для нас вялікая радасьць зноў нагадаць самім сабе пра важнасьць ідэяў у сьвеце, дзе, здавалася б, граюць ролю перадусім факты і дзеяньні.

Мы ўшаноўваем вельмі важны факт зьяўленьня Беларусі як незалежнай дэмакратычнай рэспублікі. Але гэты факт і нават самое існаваньне Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе сапраўды незалежнай форме былі вельмі непрацяглымі. Ідэя за гэтым фактам, аднак, мае сотні гадоў гісторыі, і яна захавалася, нягледзячы ні на якія спробы зьнішчыць яе.

Непрацягласьць існаваньня гэтай незалежнай рэспублікі падкрэсьлівае сілу ідэі, якая прывяла да яе зьяўленьня і якая захавала рэспубліку жывой у розумах беларусаў, хоць прайшло ўжо амаль паўстагодзьдзя з таго моманту, як яна гвалтоўным чынам была зробленая часткай Савецкага Саюза.

Нібыта сувэрэнітэт Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі як члена Арганізацыі Аб’яднаных Нацый – гэта пустышка. Гэта ўсяго толькі спосаб саветаў атрымаць яшчэ адзін прыхільны голас у ААН, але ўва ўсім астатнім гэты сувэрэнітэт парушаецца ўва ўсіх магчымых аспэктах.

Нягледзячы на ранейшае расейскае, а пазьней савецкае панаваньне, на жорсткі ўціск любых прызнакаў нацыяналістычных тэндэнцый у Беларускай ССР, ідэя сапраўднай незалежнасьці Беларусі працягвала віраваць стагодзьдзямі. Незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, якую мы сьвяткуем сёньня, была кульмінацыяй надзеяў і высілкаў народа гэтай краіны, які стагодзьдзямі марыў пра свабоду. Нягледзячы на пастаянны гвалтоўны пераход пад кантроль то аднаго, то іншага суседа – Расеі, Польшчы, Нямеччыны, потым зноў Расеі – беларускі народ захаваў свой намер зрабіцца свабодным, сваю веру ў будучае здабыцьцё свабоды, а таксама цэласнасьць сваіх культуры і абычаяў. Нягледзячы на ўвесь вонкавы ціск, беларусы дабіліся посьпеху ў рэалізацыі сваёй ідэі, і на нядоўгі час атрымалі сапраўдную незалежнасьць.

Калі савецкія войскі зьнішчылі Беларускую Народную Рэспубліку як незалежную краіну і ўсталявалі над ёй свой суцэльны кантроль, ідэя незалежнасьці не памерла. Нягледзячы на ўсе савецкія спробы сьцерці яе, яна трывае.

Мы ў Злучаных Штатах, каму ідэя свабоды дарагая ад саміх нашых каранёў, сёньня ўшаноўваем гэтую ідэю, сьвяткуючы беларускія ўгодкі. Насуперак усім перашкодам, вольны дух Беларусі перамагае.