28 марта 2024, четверг, 19:09
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Сёння ўлада і народ крочаць рознымі шляхамі

5
Сёння ўлада і народ крочаць рознымі шляхамі
СЯРГЕЙ ЗАКОННІКАЎ

Стыль кіравання Лукашэнкi сябе абсалютна не апраўдаў.

Грамадзяне, занятыя будзённым выжываннем, не задумваюцца над тым, што чакае краіну, якая існуе ў рэжыме ручнога кіравання. Прапагандысцкая апрацоўка зверху і бясконцыя клопаты ўнізе замінаюць убачыць агульную знішчальную дэградацыю. А яна нарастае пры аўтарытарызме.

Галоўная загана нашага жыцця ў тым, што грамадствам не ўсвядомлена і не распрацавана доўгатэрміновая стратэгія развіцця Беларусі. На працягу 25 гадоў, нягледзячы на прынятыя ўладай дакументы планавання, у тым ліку і маштабнага дзяржаўнага ўзроўню, дынамічнага поступу ў лепшую будучыню так і не адбылося.

Патрыятычная, велічная і высакародная стратэгія развіцця краіны, роднай для амаль 9,5 мільёна людзей, звялася да вельмі вузкай, меркантыльнай і асуджанай на немінучы крах праграмы захавання абсалютнай улады адным чалавекам. Такая мадэль кіравання трымаецца на тактыцы: на лавіраванні, пазыках, пастаянным латанні «дзірак» у эканоміцы і іншых сферах, на адміністратыўным рэсурсе і сілавым дыктаце супраць іншадумцаў. Яна не дае свабоды народнай ініцыятыве, прадпрымальніцтву, самастойнасці.

Што тычыцца знешняй палітыкі, то папулярнымі сталі хлусня, шантаж, матэрыяльны і маральны подкуп уплывовых міжнародных дзялкоў, цеснае сяброўства з такімі ж адыёзнымі рэжымамі, пошук замежных «ворагаў», якія нібыта перашкаджаюць краіне паспяхова развівацца.

У 90-х гадах ХХ стагоддзя адукаваны, культурны і палітычна прасунуты пласт грамадства не змог давесці да ўсяго насельніцтва незалежнай Беларусі важнасць усталявання дэмакратычнага ладу і рынкавай эканомікі.

Ініцыятыву тады перахапіла каманда папуліста з «наменклатурных нізоў». Дробны функцыянер, які стаў дэпутатам на рэспубліканскім узроўні, лічыў сябе недаацэненым і пачаў апантана прадзірацца ў «вялікія начальнікі». Людзям, звыклым, што над імі абавязкова павінен стаяць нейкі камандзір (ад брыгадзіра, начальніка ўчастка, старшыні калгаса, дырэктара саўгаса або прадпрыемства і да генеральнага сакратара ЦК КПСС), хітра падсунулі інстытут прэзідэнцтва, а кандыдатам на высокую пасаду «свайго хлопца», і яны бяздумна падтрымалі.

Цяпер многія з тых, хто рваў глотку за цынічнага папуліста, змянілі любоў на гнеў і абуранасць, але нічога не вернеш. Аўтарытарызм схапіў запалоханае грамадства «мёртвай хваткай» за горла. Даводзіцца, як даўно кажуць у народзе пасля прагляду кінафільма «Семнадцать мгновений весны», сядзець «под колпаком у Мюллера». Крыўдна, што на пустапарожнюю балбатню, пыхлівую дэмагогію і сумніўныя пражэкты (напрыклад, з Венесуэлай) згублены каштоўны час.

Мне даводзілася на працягу дваццаці пяці гадоў выкрываць у друку яўную непераканаўчасць і немінучае банкруцтва аўтарытарнай улады. Засцярогі, прагнозы, датычныя дэградацыі пры ёй эканамічнага, сацыяльнагага і культурнага жыцця, спраўдзіліся. У мяне з гэтай прычыны няма злараднасці, проста канстатую. На жаль, канстатацыя горкая. А магло б быць зусім інакш.

У маёй новай паэме «Піке» ёсць раздзел «Дыктатура скончыла дактарантуру»:

«За праўду станавіся смела!»

Кастусь Каліноўскі

Дыктатура скончыла дактарантуру!

Ды няўжо?

На табе, навіна якая!

Хто ж калісьці яе адважна пратурыць?

Люд тутэйшы да рабства лёгка звыкае...

Хто ад страху, а нехта і проста здуру,

Зноў «жалезны кулак» зубамі праверыў…

Дыктатура скончыла дактарантуру,

А няўгодных студэнтаў гоняць за дзверы.

Дыктатура скончыла дактарантуру,

Хоць вучылася кепска нават у школе.

Што яна нашу нацыю ўрэшце разбурыць,

Бачна добра ў чарговым уладным прыколе.

Як не ліжаш начальства, то маеш правіну,

А тваё меркаванне ніхто не спытае.

Дыктатура ў піке загнала краіну,

І смяротная хуткасць штодня — нарастае.

Мы ад гвалту страты яшчэ не злічылі,

Бо чвэрць веку праспалі ў зманлівых мроях.

Зноў выпіхваюць тупа моладзь з Айчыны...

Хто ж паўстане на змену былым героям?

Падобны лёс напаткаў нашых усходніх суседзяў. Расійскі літаратуразнаўца, перакладчык і сацыёлаг Б. Дубін (1946 — 2014) ацаніў сітуацыю так: «Россия, ее население, ее наиболее продвинутые, образованные и думающие группы, люди трибуны, экрана и подиума не знают, кто они, где и зачем существуют, куда идут. Страна упустила, профукала шанс стать другой (из эссе Борхеса 1971 года: «Сто пятьдесят лет назад мы приняли решение стать другими»). Не приняла вызов современности. Не сделала выбор. И осталась со своим не пройденным наново, не расспрошенным, не переработанным прошлым — осталась в прошлом. На своем, более никем не обитаемом острове. Смотреть на взрослого человека в таком состоянии мучительно, общаться с ним — если вы не родственник, не врач, не антрополог — крайне тяжко. Понятно, что все другие такого человека стараются избегать».

Безумоўна, у сучасным свеце стасункі адбываюцца нават паміж краінамі з супрацьлеглымі палітычнымі і эканамічнымі сістэмамі, але быць пастаянна пад пагрозай міжнароднага ганьбавання, асуджэння, увядзення санкцый — доля незайздросная.

Палітыкам, так званым дэпутатам, прыўладным бізнесоўцам, сілавікам Беларусі, якія дзейнічаюць у кругавой паруцы, надзвычай з’яднана, хочацца мець імгненны асабісты камерцыйны вынік. Мы бачым, што такой мэты яны дасягаюць. Але ўласнае абагачэнне, прытым пераважна незаконнымі спосабамі, закрывае перад імі гарызонты агульнага развіцця. Яны не ўсведамляюць важнасць працэсу нацыястварэння для беларускай будучыні, не хочуць вынікова рашаць праблемы не толькі роднай мовы, адукацыі, культуры, але і рынкавай эканомікі.

Апошнія інспектарскія паездкі правіцеля па краіне паказалі, што яго стыль кіравання сябе абсалютна не апраўдаў, бо дысцыпліна знаходзіцца на нізкім узроўні, бюджэтныя народныя грошы і замежныя пазыкі трацяцца гранічна неэфектыўна або наогул раскрадаюцца. Правалы ў гаспадаранні былі заўсёды, але цяпер яны сталі яшчэ больш яўнымі і значнымі. Дык куды мы прыйшлі?

Сёння ўлада і народ крочаць рознымі шляхамі, адны — будуюць сабе палацы, раскашуюць, а другія — з цяжкасцю выжываюць. Паміж імі няма шчырай размовы, зваротнай сувязі. Тутэйшае жыццё пабудавана на адным заганным прынцыпе: мы вяшчаем — вы слухайце, мы нешта выдумляем, прымаем любое рашэнне — вы паслухмяна выконваеце.

Чаму за абарону незалежнасці краіны людзей з шэрагаў мірных дэманстрацый судзяць і штрафуюць? Што гэта за парадкі, калі чалавеку правы і свабоды трэба рэгулярна вырываць з зубоў у аўтарытарных цэрбераў?

З кожным годам у краіне падвышаецца трыбунная пахвальба, націск прапагандысцкай хлусні, расце начальніцкае жульніцтва і хамства, а таму становіцца ўсё складаней і цяжэй кожнаму быць прыстойным чалавекам. Так далей існаваць нельга.

Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь я супраць боўтання ў аўральнай тактыцы дзеля захаванасці кіруючага клана. Нам патрэбна разумная нацыянальная стратэгія.

Без патрыятычнага, свядомага і свабоднага грамадства, здольнага маральна і практычна падтрымліваць прагрэс, ніколі не зможа адбыцца дынамічнае і паспяховае развіццё краіны.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях