24 сентября 2020, четверг, 21:19
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Зянон Пазьняк заклікаў адзначыць Дзень Волі дома, зь сям'ёй

18
Зянон Пазьняк заклікаў адзначыць Дзень Волі дома, зь сям'ёй
Зянон Пазьняк
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Нельга рабіць баль у час чумы.

Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, былы кіраўнік Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянон Пазьняк, які цяпер знаходзіцца ў Нью-Ёрку, павіншаваў суайчыньнікаў з Днём Волі, перадае «Радыё Свабоды».

У гутарцы з карэспандэнтам Пазьняк зьвярнуў увагу на гістарычнае значэньне абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

«Настае 25-ты сакавік, Дзень Волі. Гэта наша вялікае нацыянальнае сьвята. 25 сакавіка 1918 года была аб’яўлена незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ў этнаграфічных межах расьсяленьня беларусаў. Гэта было фактычна адраджэньне Вялікага Княства Літоўскага ў новай нацыянальнай назве —Беларусь. Стварэньне дзяржавы Беларусь засьведчыла жыцьцядзейнасьць новай беларускай нацыі. Віншую ўсіх беларусаў з гэтым вялікім днём! Віншую і разумею, што нельга рабіць баль у час чумы, выходзіць на вуліцы і плошчы. Каранавірус — гэта ёсьць чума ХХI-га стагодзьдзя. Таму заклікаю адзначаць сьвяты і гэты вялікі дзень у нашых душах, у сем’ях, у нашых дамах, побач зь блізкімі людзьмі, разам зь сябрамі. Няхай сёлета гэты гістарычны дзень стане нашым сямейным сьвятам. Няхай з’яднае ўсіх нас блізка, ідэйна. Няхай агонь Волі гарыць у нашых вокнах! Няхай засьведчыць у цяжкі для Бацькаўшчыны час салідарнасьць і духоўнае адзінства нашай нацыі!».

Паводле Зянона Пазьняка, сам ён таксама будзе адзначаць Дзень Волі дома, разам з жонкай. У Нью-Ёрку спыненыя масавыя мерапрыемствы, і беларуская дыяспара ўпершыню за некалькі дзясяткаў гадоў ня ладзіць ніякіх публічных сьвяточных імпрэзаў.