23 ноября 2020, понедельник, 21:45
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Чалавек Рэнэсансу

2
Чалавек Рэнэсансу
Анджэй Струміла
фота: Ўладзімер Піпін

Вянок памяці Анджэю Струмілу.

Яго почасту называлі грамадзянінам сьвету. Пан Анджэй Струміла не пярэчыў, але звычайна ўдакладняў, што ён, як і ягоны блізкі знаёмы Чэслаў Мілаш, найперш лічыць сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага.

Гэта знайшло важкае і маляўнічае пацьверджаньне ў чатырохмоўным шасьцікіляграмовым фаліянце гістарычных і культуралягічных эсэ «Кніга Вялікага Княства Літоўскага», сярод аўтараў якой выпаў гонар быць і мне.

У Беларусі прэзэнтацыя «Кнігі» адбывалася на вялікай сцэне паўнюткага Купалаўскага тэатру. Пан Анджэй, што разам з Чэславам Мілашам і Томасам Венцлавам быў ініцыятарам выданьня, а затым стаў незаменным рухавіком праекту, распрацаваў канцэпцыю і напісаў прадмову, выглядаў чалавекам ня проста шчасьлівым, а такім, які зьдзейсьніў адну з найважнейшых справаў свайго жыцьця. Ён лічыў яе данінаю памяці народжаным у Менску дзеду і бацьку. Ня раз гучала тады імя яшчэ аднаго менчука паводле нараджэньня — Ежы Гедройця, чыя думка аб тым, што агульная эўрапейская гісторыя былых народаў Княства — гэта своеасаблівы пропуск у іх агульную эўрапейскую будучыню, зьяднала аўтараў кнігі.

Тры гады таму мы з скульптарам Уладзімерам Піпіным адшукалі Анджэя Струмілу ў Сувалкаўскай лякарні, той самай, дзе сёньня раніцой адляцела ў Вечны Вырай яго душа.

А тады позьнім травеньскім вечарам, а дзясятай гадзіне ўжо няёмка было стукацца ў палату, але мэдсястра пашанотліва паведаміла, што «пан прафэсар ня сьпіць, а працуе».

Пан прафэсар у вялікім сшытку пісаў вершы. Выдатны мастак, вучань славутага Ўладыслава Страмінскага, які, дарэчы, таксама прыйшоў на сьвет у Менску, пан Анджэй быў яшчэ і паэтам, аўтарам некалькіх ілюстраваных ім самім жа тамоў паэзіі. Зрэшты, ягоныя празаічныя аўтабіяграфічныя і мастацтвазнаўчыя эсэістычныя тэксты я зноў жа чытаю як паэзію, і мне часам хочацца зьмяніць іхнюю графіку і, дадаўшы крышачку інвэрсіі, разьбіць на радкі вэрлібру. Напрыклад, вось гэтае прызнаньне:

«Жывапіс быў маім першым каханьнем... Я меў розныя прыгоды ў пілігрымцы да сьвятыні мастацтва. Я пазнаў Усход і Захад. Абшар мастацтва бязьмежны, можна ісьці ва ўсіх напрамках. Кожны крок складаны. Вабіць спакуса напоўненых барокавым багацьцем формаў касьмічнай мандалы, а зь іншага боку — голад простасьці й аскеза мінімалізму. Усё больш падабаюцца мне белыя малюнкі майго першага Майстра і чорныя квадраты Малевіча. Я хацеў бы ўцячы ад будзённай рэчаіснасьці. Я сумую па крылах ды ідэальным знаку».

Адзін зь ягоных вершаў пачынаецца радкамі:

у маладосьці я часта лётаў
узьлятаў зазвычай зь вяршыні катэдраў

Ён часта, нязьмерна высока і далёка — а як іначай, калі маеш такую стартавую пляцоўку — лётаў, вандруючы па сьвеце і сьвеце мастацтва ня толькі ў маладосьці, але ўсё доўгае жыцьцё, што не зьмясьцілася і ў дзевяць дзесяцігодзьдзяў.

Камуністычная ўлада яго не любіла, і гэтае пачуцьцё было ўзаемным. Дастаткова сказаць, што ў часы надзвычайнага становішча на гарышчы Струмілавага дому знайшоў прытулак Анджэй Вайда. Усе свае высокія ўзнагароды, у ліку якіх тры Крыжы (кавалерскі, афіцэрскі і камандорскі) ордэну Адраджэньня Польшчы, пан Анджэй пачаў атрымліваць адно ў 1990-я.

Аднак у 1956-м яму пашчасьціла ўладкавацца праектантам выставачных павільёнаў Польскага гандлёвага дому, што дало магчымасьць падарожжаў па Эўропе і Азіі, пранікненьня ў мастацкія традыцыі дзясяткаў краінаў і нават, пасьля выйгранага творчага конкурсу, двухгадовае працы ў ААН.

Шмат хто зьдзівіўся, даведаўшыся, што Анджэй Струміла, маючы шырокія магчымасьці, вырашыў нарэшце атабарыцца не ў Варшаве ці ў Кракаве, а на польска-беларуска-літоўскім памежжы ў вёсцы Мацькова Руда над Чорнай Ганьчай. Гэтыя мясьціны нагадвалі яму, віленчуку нараджэньнем, што правёў юнацтва на Наваградчыне, атмасфэру і часы, калі рабіў першыя крокі на шляху сьветабачаньня, сьветаразуменьня і сьветаўяўленьня.

Сюды, у Мацькову Руду, дзе пан Анджэй гадаваў коней і плённа працаваў у жывапісе, графіцы, скульптуры, сцэнаграфіі, фатаграфіі й дызайне, прыходзілі запрашэньні на пэрсанальныя выставы амаль з усіх кантынэнтаў. Геаграфія гэтых болей чым ста выставаў пачынаецца з Варшавы, Прагі ды Менску і ня сканчваецца Катманду, Нью-Дэлі, Токіё і Нью-Ёркам.

Ягоны адмысловы дом зь лістоўніцы і яго адмысловую постаць, сагнутую наперад, здавалася, зусім ня векам патрыярха, а ўсяго толькі моцным сустрэчным ветрам, будуць памятаць многія беларускія мастакі, запрошаныя ім на дзясяткі пленэраў. Мне ўяўляецца, што сёньня, калі праз страшную бяду пандэміі немагчыма паехаць на разьвітаньне з Майстрам, шмат хто захоча паглядзець зьняты беларусам Андрэем Куцілам адметны фільм «Сума», дзе Струміла прысутны зь першага да апошняга кадру.

Астатні раз у Мацьковай Рудзе мы пілі з панам Анджэем чырвонае італійскае віно, частаваліся з рук ягонай дачкі Ганны, якая ў тэхніцы батыку стварае цудоўныя шалікі і сукенкі, размаўлялі зь ягоным сынам Рафалам, таленавітым графікам, скульптарам і кавалём, што ў розныя поры году ходзіць басанож, шакуючы ўплывовых замоўцаў пры пасадах.

Тады, за сталом, нечакана прагучаў аповед гаспадара пра сябра юнацтва, які ў паваенныя гады здрадзіў агульным перакананьням і проста здрадзіў, недаравальна парушыўшы правілы кансьпірацыі, пра сябра, які зрабіў у камуністычнай Польшчы бліскучую кар’еру і які ўрэшце заслужыў дараваньне пана Анджэя за велізарны даробак у аднаўленьне разбуранага варшаўскага Старога Мяста. Я злавіў сябе на тым, што падчас гэтага аповеду Струміла ў нейкі момант нагадаў мне старазапаветнага прарока.

Мы разьвіталіся, ня ведаючы, што назаўсёды, у яго майстэрні, дзе, апрача іншага, уражвала вялікая калекцыя беларускіх кніг.

Здаецца, да самай беларускай мяжы я думаў, як акрэсьліць дух, што лунаў у тых сьценах. Потым — няхай хтосьці і папракае мяне за збыткоўную ўзьнёсласьць — прыйшла яснасьць: гэта быў дух Рэнэсансу.

Ён і сам уяўляецца мне сёньня чалавекам Рэнэсансу — былога ці, наіўна думаецца ў гэтыя чорныя дні — будучага.

Уладзімер Арлоў, «Радыё Свабода»