29 марта 2024, пятница, 9:12
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як сэр Макартні пра Беларусь даведаўся

6
Як сэр Макартні пра Беларусь даведаўся

60 гадоў таму распачалася эпоха The Beatles.

10 красавіка 1960 году пра сваё існаваньне заявіў калектыў The Beatles — лівэрпульская чацьвёрка, якой было наканавана стаць самым яскравым фэномэнам усясьветнай культуры ХХ стагодзьдзя, перадае «Радыё Свабода».

Беларускі бітламан з больш як паўвекавым стажам, уладальнік, магчыма, самай багатай Beatles-фанатэкі ў краіне, калекцыянэр рарытэтаў той пары Віктар Маразевіч у інтэрвію згадаў, як сэр Пол Макартні асабіста блаславіў яго на адкрыцьцё ў Менску Beatles Cafe — месца збору аматараў творчасьці культавага ансамбля.

Школьныя аматары зрабіліся заканадаўцамі стылю

Усё пачалася з Quarrymen. У другой палове 1950-х Джон Ленан з аднаклясьнікамі сабраў аматарскі ансамбль і назваў яго ў гонар сваёй школы Quarry Bank. У 1957 годзе да іх далучыўся ляўша-мультыінструмэнталіст Пол Макартні, а неўзабаве прывёў і свайго сябра Джорджа Гарысана. Тройца стала касьцяком гэтай ды наступных камандаў, для іншых удзельнікаў рок-н-рол аказаўся падлеткавым захапленьнем. У 1959-м Ленан паклікаў на бас-гітару Ст’юарта Саткліфа, зь якім вучыўся ў арт-каледжы. Вакантным заставалася месца за ўдарнымі, якое займаў хтосьці з публікі.

Хлопцы пачалі выступаць актыўней, і давялося мяняць шыльду — пасьля школьнага выпускнога старая назва зрабілася папросту неактуальнай. Так на зьмену «Куорымэнам» прыйшлі Johnny and the Moondogs. Пасьля «месячных сабачак» спрабавалі і іншыя варыянты, адзін нават як бы зазірнуў у недалёкую будучыню — Long John and The Silver Beetles.

Да канца 1950-х гурт выконваў пераважна апрацоўкі іншых папулярных брытанскіх і амэрыканскіх выканаўцаў і быў вядомы хіба ў межах Лівэрпуля. 10 красавіка 1960-га каманда зрабіла чарговы рэбрэндынг, пакінуўшы ад грувасткай назвы толькі апошняе слова. Дый тое мадыфікаванае — The Beatles. Замяніўшы ўсяго адну літару («e» на «a»), атрымалі такую каштоўную для творцаў двухсэнсоўнасьць з гульнёй словаў: замест просталінейнага «жука» (beetle) — удар, рытм (beat). Або біт-музыка.

Са зьяўленьнем барабаншчыка Піта Бэста склад каманды атрымаў завершанасьць. Тым жа летам навасьпечаныя «бітлы» выправіліся на свае першыя замежныя гастролі — у нямецкі Гамбург.

Ад 1961 году яны стала прыпісаліся да лівэрпульскага клюбу Cavern. У 2001-м, да паўвекавога юбілею той падзеі, рашэньнем ЮНЭСКА будзе адзначаны World Beatles Day. 16 студзеня клюб пачаў дзейнасьць. І ў гэты ж дзень 1964-га песьня I Want To Hold Your Hand заняла першае месца ў амэрыканскім гіт-парадзе, а сынгл за тыдзень разышоўся мільённым накладам.

Улетку здарыліся апошнія кадравыя пэртурбацыі: сышоў Ст’юарт Саткліф, узровень якога не зусім адпавядаў амбітным плянам каманды, а месца за барабанамі замацаваў за сабой перацягнуты ад канкурэнтаў Рынга Стар. 5 кастрычніка 1962 году ў продаж паступіла першая кружэлка The Beatles пад назвай Love Me Do. Усё астатняе ўжо нагадвала шаленства плянэтарнага маштабу. У фэномэна нават зьявілася ўласная назва — «бітламанія».

Беларуская «ахвяра» бітламаніі

Віктару Маразевічу было 13, калі праз глушылкі на замежнай радыёстанцыі ён пачуў мэлёдыю, якая ўвяла ў ступар. Любоў зь першых акордаў, на ўсё астатняе жыцьцё, сьмяецца ён.

«Як цяпер памятаю: 1968 год, з „варожага“ „Голасу Амэрыкі“ гучыць песьня. Я не разумеў сэнс словаў, бо ў школе вучыў нямецкую. Ня ведаў, хто гэта, што за песьня, але мяне літаральна працяла наскрозь. У той вечар я стаў ахвярай „бітламаніі“, а песьня, якая пераламіла маё далейшае жыцьцё, была Can’t Buy Me Love. Пачаў, як той крот, рыць углыбіню, шукаць хоць якую інфармацыю. Здабываў польскія, чэскія часопісы, як мог перакладаў, выразаў здымкі. Першая кружэлка, потым другая, трэцяя, і панеслася».

З узростам захапленьне лівэрпульскім квартэтам не зьнікала, наадварот, патрэба ў гэтай музыцы толькі нарастала. І ўжо студэнтам-першакурсьнікам магілёўскага машынабудаўнічага інстытуту Віктар упершыню пацярпеў за бітлоў. Гэта быў 1972 год.

«Тады можна было скінуцца па 5 рублёў, і таксіст завязе ў Вільню і верне назад. Нашай мэтай была барахолка, якая летам працавала зь першымі промнямі сонца — ад 3-4 гадзіны раніцы. Неверагодна пашчасьціла, я за дурныя грошы набыў майку: на грудзях — брытанскі сьцяг, на сьпіне — надпіс The Beatles. І ўсё, ні партрэтаў, анічога. Увечары вяртаюся, натуральна, першым чынам надзяю абноўку і выходжу на вуліцу. Ад сілы мэтраў 200 прайшоў, спыняе міліцыя. І павялі ў аддзяленьне».

У нагу з тагачаснай модай допыт нагадваў размову сьляпога з глухім, працягвае ён.

«Ды ты прадаўся буржуям, ды прапагандуеш заходні лад, ды з інстытуту вылеціш», — галасіў міліцэйскі маёр.

Спробы патлумачыць, што напісана ня лаянка, а ўсяго толькі назва музычнага калектыву, былі бессэнсоўныя. Прымусілі зьняць майку і зачынілі як патэнцыйнага «здрадніка радзіме».

Пасярод ночы на сыгнал заявіліся партыйныя ідэолягі, але, паглядзеўшы, што перад імі ня п’яніца і не дэбашыр, а распрануты падлетак, загадалі адпусьціць.

Каб зноў не нарвацца на патруль у начным горадзе, Віця вяртаўся дадому па пояс голы, але шчасьлівы, што не прымусілі пакінуць рэчавы доказ у міліцыі. Так на ўласнай скуры адчуў, што можна трапіць у няласку за адну толькі згадку пра «Бітлз».

«Балвінізм», ягонымі словамі, працягваўся. Наяўнасьць у інстытуце вайсковай катэдры прадугледжвала «ўзорна-камсамольскія парадкі».

Раз-пораз «валасацікаў» спрабавалі пастрыгчы нажніцамі проста падчас заняткаў. Каб прыхаваць шавялюру, даводзілася прылізвацца, укладаць яе крэмамі.

Але выбіць адданасьць кумірам ідэолягі не змаглі. За наступныя дзесяцігодзьдзі калекцыя ўнікальных бітлз-артэфактаў у кватэры Маразевіча разраслася да музэйных памераў. Звыш 10 тысяч вінілавых кружэлак і кампакт-дыскаў, арыгінальныя фатаграфіі і плякаты, жартаўлівыя сувэніры і хэндмэйд-падарункі. І нават цэлая кавярня ў гонар любімага квартэту, пра якую бітламан са стажам марыў з таго часу, як зарабіў першыя прадпрымальніцкія грошы.

Кавярня імя герояў рок-н-ролу

У 2003 годзе Віктар Маразевіч падступіўся да рэалізацыі праекту Beatles Cafe. Каб вытрымаць усе патрабаваньні да аўтарскіх правоў, трэба было прайсьці абавязковыя працэдуры — як у Беларусі, так і ў Вялікай Брытаніі. Бо ў ягоным уяўленьні карцінка на фасадзе не магла быць ніякай іншай, як толькі ў выглядзе клясычнага варыянту на барабане Рынга Стара: The Beatles плюс адрасная лякалізацыя — Cafe.

Тагачасныя нормы прадугледжвалі больш жорсткае афармленьне візуальнай рэклямы — напісаньне па-беларуску ці па-расейску. Калі ж лацініцай, ды назва яшчэ запатэнтаваная, трэба было папярэдне атрымаць дазвол і тады ўжо толькі зьвяртацца да гарадзкіх уладаў.

«Я не зьбіраўся нічога парушаць: даслаў лісты Ёка Она, удаве Джона Ленана, і ў кампанію Пола Макартні MPL Communications. Апісаў канцэпцыю, прыклаў дызайн-праект. Ёка хутка адрэагавала, ідэю ўхваліла і пажадала плёну. З кампаніі Пола адказала дырэктарка Ліліян Маршал. Падзякавала за ініцыятыву, сказала, што нешта падобнае спрабавалі зрабіць у Бразыліі, але ўрэшце ўсё трансфармавалася ў небезьвядомы Cavern-club. І паабяцала, што апошняе слова скажа Макартні».

Неўзабаве Віктар атрымаў яшчэ адзін ліст. Там было запрашэньне асабіста наведацца ў Лёндан і абмеркаваць праект кавярні з Бэры Маршалам — юрыстам, які ў MPL Communications адказваў за аўтарскія правы імпэрыі The Beatles. Двойчы запрашаць не давялося: беларускі бізнэсовец атрымаў візу, набыў квіткі і паляцеў з надзеяй зялёнага сьвятла. Стаяў красавік 2003 году.

«Прыйшоў у прызначаны час у офіс. Ахова агледзела, усё лішняе сказалі пакінуць. Мяне сустрэла Ліліян, папрасіла пачакаць Бэры. Сяджу, нага падрыгвае, думка адна — каб толькі не дарэмна прыпёрся. Нарэшце дзьверы адчыняюцца, заходзіць Маршал, а сьледам... сэр Макартні. Бэры павітаўся, а Пол пайшоў да Ліліян. Чую, цікавіцца, што за госьць. Тая тлумачыць: зь Менску, адносна кавярні. Ён падышоў, паляпаў па плячы і ўсьміхнуўся: „І што, думаеш будзе добры бізнэс?“ Я аж ахранеў. Чаго-чаго, а такога не чакаў. Хацелася сябе ўшчыпнуць, што ўсё гэта рэальна».

Калі «апрытомнеў», працягвае Віктар Маразевіч, зразумеў, што больш такой сустрэчы ў жыцьці дакладна ня будзе. Выдыхнуў паветра і запытаўся: «Сэр Пол, а можна з вамі сфатаграфавацца?»

«Ён толькі павёў вачыма — для чаго? Гэта ж выдатна, кажу, калі ў Beatles-cafe будзе здымак з вашым пажаданьнем — лепшага старту для справы і не прыдумаць. Толькі вось трэба ўніз па камэру спусьціцца, ахова забрала. Пол спыніў жэстам, папрасіў Ліліян, каб паклікала Пітэра. Заходзіць чалавек з фотаапаратам. Макартні з іроніяй: „Такі прыкід пасуе?“. А на ім чорная майка, чорныя джынсы. Я стаю, мову адняло. І, каб разрадзіць абстаноўку, разварочваю яго за плечы, падымаю майку — нармальная фірма, пойдзе. І пакуль мы жартавалі, Пітэр нас здымаў».

Невядома, ці ў курсе Пол Макартні, што ягоная першая жонка, якая памерла ад раку ў 1998-м, мела непасрэднае дачыненьне да Беларусі. Лінда зьявілася на сьвет у Нью-Ёрку. Яе бацька, юрыст Лі Істман (Леапольд Вайль Эпштэйн) — сын Луі Эпштэйна і Стэлы Школьнік. Як вынікае з архіваў, бацькі Лі (дзед і баба Лінды) нарадзіліся ў Гомлі ў 1886 і 1889 гадах адпаведна. На пачатку ХХ стагодзьдзя, калі зь беларускіх земляў масава выпраўляліся на заробкі за акіян, трапілі ў Злучаныя Штаты. Тут у 1910-м нарадзілі сына Леапольда. А ўжо той праз 30 гадоў стаў татам Лінды.

Лівэрпульцы за гіпсакардоннай сьцяной

Пасьля тыя здымкі ў кампаніі з сэрам Макартні беларускі бітламан атрымаў на хатнюю пошту. З адзінай умовай — не выкарыстоўваць іх у публічнай прасторы. Што 17 гадоў бесьпярэчна выконвае: нельга — значыць, нельга, рэагуе ён на рэпліку пра тэрмін даўнасьці.

Запаветны праект Beatles Cafe быў пасьпяхова рэалізаваны, у яго сьценах адбыліся сотні культурніцкіх імпрэзаў, тут гасьцявалі і давалі інтэрвію рок-ідалы 1960-1970-х. Ня так даўно з пэўных прычын установу давялося перапрафіляваць. І мала хто здагадваецца, што хаваецца за гіпсакардоннымі сьценамі.

«Была ідэя ўвекавечыць вокладку Abbey Road — бітлоў, якія пераходзяць дарогу, — дзеліцца сакрэтам гаспадар. — Прасьцей за ўсё надрукаваць на банэры, але я шукаў партрэтыста, які зробіць бездакорную копію. Вывелі на такога. Каб было зразумела, гэта палатно 5,70 на 3 мэтры. Пры такім фармаце захоўваецца адпаведнасьць росту. Макартні ў жыцьці 1,82 мэтра, то і на карціне гэткі ж. Мастак пісаў алеем, пакрываў ахоўным растворам.

Наведнікі былі ў культурным шоку. А калі рыхтавалі плошчы пад новы аб’ект, я паставіў умову, каб да працы паставіліся ашчадна і яна засталася для гісторыі. Цяпер твор схаваны за гіпсакардонам. Спадзяюся, некалі яго зноў адкрыюць, як старую фрэску».

Адкрыць Beatles Сafe меўся Ўладзімер Мулявін — зь яго боку была такая згода. І якраз напярэдадні «пясьняр» трапіў у аўтакатастрофу, а неўзабаве пайшоў з жыцьця. Цырымонія адклалася. Нехта параіў, што годнай заменай будзе гітарыст тых жа «Песьняроў» Уладзімер Ткачэнка.

Пазьней, па-новаму натхніўшыся творчасьцю лівэрпульцаў, Ткачэнка напісаў для аркестру сымфонію «Beatles». А яшчэ з адным былым удзельнікам «Песьняроў» Віктарам Малчанавым пачалі выконваць бітлоўскія рэчы. Назву дуэту падказаў Віктар Маразевіч — у гонар песьні Double Fantasy Джона Ленана. Потым у піцерскай студыі былі запісаныя два альбомы беларусізаванай «Двайной фантазіі».

Сумнае завяршэньне прыгожай казкі

У 1970-м, празь дзесяцігодзьдзе пасьля пачатку трыюмфальнага заваяваньня кантынэнтаў, The Beatles выпусьцілі свой апошні альбом Let It Be. Тады ж калектыў распаўся. Многія вінавацяць ва ўнутраным разладзе японскую мастачку-авангардыстку Ёка Она, якая за год да таго стала жонкай Джона Ленана.

Пасьля гэтага ўдзельнікі гурту засяродзіліся на аўтаномных праектах. Джон Ленан запісаў альбом John Lennon/Plastic Ono Band, Пол Макартні — McCartney, Рынга Стар — Sentimental Journey, Джордж Гарысан — All Things Must Pass.

Сольныя экспэрымэнты працягваліся. На хвалях незатухаючай славы ўсе ціхамірна заплылі ў 1980 год, пакуль 8 сьнежня ў Нью-Ёрку ня быў застрэлены Джон Ленан. Трое ягоных сяброў неадкладна аб’ядналіся, каб запісаць сынгл All Those Years Ago.

У 1995-м здарылася яшчэ адно яднаньне дзеля двух кампакт-дыскаў The Beatles Anthology, куды ўвайшлі нявыдадзеныя студыйныя запісы і канцэртныя выступы.

У розны час усе бітлы былі ўведзеныя ў рок-н-рольную Залю славы. Джон Ленан у 1994 годзе, Пол Макартні — у 1999-м, Джордж Гарысан — у 2004-м. Сам гурт сваё месца заслупаваў яшчэ раней — у 1988-м.

У канцы лістапада 2001 году ад анкалягічнага захворваньня памёр Джордж Гарысан. Двое з былога лівэрпульскага квартэту — Пол Макартні і Рынга Стар — працягваюць творчыя кар’еры паасобку. Іх апошні сумесны канцэрт адбыўся ў красавіку 2009-га ў Нью-Ёрку.

Бітлы пакінулі пасьля сябе вялізную колькасьць шлягераў, вось толькі самыя пазнавальныя: «Мішэль» (Michelle), «Учора» (Yesterday), «Элеанора Рыгбі» (Eleanor Rigby), «На дапамогу!» (Help!), «Чалавек зь ніадкуль» (Nowhere Man), «Адзін дзень з жыцьця» (A Day in the Life), «Люсі ў нябёсах з алмазамі» (Lucy in the Sky with Diamonds), «Жоўтая субмарына» (Yellow Submarine), «Пэні Лэйн» (Penny Lane), «Сунічныя паляны» (Strawberry Fields), «Дурань на ўзгорку» (The Fool on the Hill), «Гэй, Джуд!» (Hey Jude) ды многія іншыя.

Галоўны бітламан Беларусі Віктар Маразевіч не сумняецца: гэтая спадчына магла б быць непараўнальна большай, каб не хуткацечнасьць казкі пад назвай The Beatles.

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях