28 марта 2024, четверг, 14:40
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Людзі нязломнага духу

Людзі нязломнага духу

Як беларусы змагаліся з самаўладдзем і станавіліся прэзідэнтамі Гавайскіх выспаў.

Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ў беларускіх губернях дзейнічалі асаблівыя жорсткія законы. Цяжэйшым стаў нацыянальны ўціск. Пад забаронай заставалася беларуская мова. На ёй нельга было друкаваць кнігі, газеты і часопісы, забаранялася размаўляць у дзяржаўных установах.

Расейскія ўлады за ўвесь час гаспадарання на нашай зямлі не дазволілі адчыніць аніводнай беларускай школы. З 1840 года забароненай была і сама назва «Беларусь». Невыпадкова якраз яе каліноўцы ўзялі для свайго паролю. Каланізатарам не ўдалося запалохаць край. На змену ваярам 1863-га прыходзілі новыя адважныя людзі…

Людзі нязломнага духу

У 1870-я гады ў Расейскай імперыі набраў сілу рэвалюцыйны рух народніцтва. Многія з гэтых рэвалюцыянераў лічылі, што царызм можна перамагчы, калі «пайсці ў народ»: апрануць сялянскае адзенне, хадзіць па вёсках, раздаваць простым лю¬дзям кнігі, весці з імі гаворку пра тое, што нельга цярпець уладу цара і яго памагатых.

Але сяляне сустракалі такіх «хадакоў» насцярожана, часта здавалі іх паліцыі. Тысячы народнікаў і тых, хто ім спачуваў, былі арыштаваныя і засуджаныя на доўгія тэрміны. Расчараваўшыся ў «хаджэнні ў народ», частка рэвалюцыянераў пастанавіла перайсці да збройнага змагання і стварыла падпольную партыю «Народная воля».

Адзін з першых народніцкіх гурткоў у Беларусі заснавалі ў Магілёве навучэнцы мужчынскай гімназіі і духоўнай семінарыі. Такія гурткі дзейнічалі ў Менску, Віцебску, Слуцку, Воршы, Горы-Горках, Пінску.

Вядомымі народнікамі сталі нараджэнцы беларускіх губерняў Мікалай Судзілоўскі, Рыгор Ісаеў, Анатоль Бонч-Асмалоўскі, Антон Барэйша, Сяргей Кавалік, Язэп Лукашэвіч, Геся Гельфман. Яны прайшлі праз арышты, турмы, сібірскую катаргу, але не гублялі веры ў сваю праўду, захоўвалі гонар і годнасць.

Язэп Лукашэвіч

Гэты народнік (родам з-пад Вільні) быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення ў страшнай Шлісельбургскай турме. Праз некалькі гадоў вязням дазволілі перадаваць кнігі, і Язэп стварыў «турэмны ўніверсітэт». Зняволеныя рэвалюцыянеры займаліся геалогіяй і біялогіяй, хіміяй і фізікай, псіхалогіяй і філасофіяй.

Шлісельбургскія «студэнты» захапляліся самаахвярнасцю «прафесара» Лукашэвіча. Калі ў часе лекцыі яму трэба было маляваць геалагічныя карты або схемы, Язэп для чорнай фарбы браў копаць з турэмнай сцяны, для сіняй — сашкрабаў пазногцямі сінюю палоску на сцяне камеры, а для чырвонай ужываў уласную кроў.

Улада вырашыла выкарыстоўваць навуковыя распрацоўкі вязняў. З імі дазволілі звязацца аднаму з пецярбургскіх музеяў. Лукашэвіч з таварышамі атрымаў замову скласці калекцыю па батаніцы, мінералогіі ды палеанталогіі (навуцы пра выкапнёвыя парэшткі раслін і жывёлаў) для Сусветнай выставы 1889 года ў Парыжы. Калекцыя была адзначаная залатым медалём, аднак на выставе ніхто так і не даведаўся імёнаў сапраўдных лаўрэатаў.

Геся Гельфман

У арганізацыях беларускіх народнікаў было нямала жанчын. Адна з іх — мазыранка Геся Гельфман — наймала ў Пецярбурзе кватэру, дзе нарадавольцы выраблялі бомбы для забойства цара Аляксандра ІІ. Жандары высачылі і схапілі Гесю.

Маладую жанчыну прысу¬дзілі да смяротнага пакарання на шыбеніцы. Але нарадаволька павінна была нарадзіць дзіця, і ў многіх еўрапейскіх краінах разгарнулася змаганне за яе жыццё. У Лондане і Брусэлі адбыліся мітынгі ў падтрымку Гесі. Цару прыходзілі сотні лістоў з патрабаваннямі захаваць ёй жыццё. Адзін з такіх лістоў напісаў французскі пісьменнік Віктор Гюго.

Хадайніцтва памілаваць рэвалюцыянерку на імя расейскай імператрыцы падпісала тысяча італьянак. Еўрапейская кампанія ў абарону Гесі Гельфман змусіла царскіх суддзяў замяніць смяротную кару вечнай катаргай, ды самой нарадавольцы пра гэта не паведамілі.

Да нараджэння дзіцяці заставалася чатыры месяцы. Турэмныя каты не пакідалі дапытваць Гесю, марна спрабуючы вырваць у яе паказанні. Пра замену прысуду сказалі адно перад родамі. У хуткім часе Геся, пазбаўленая дапамогі дактароў, памерла. Ненадоўга перажыло маці і няшчаснае дзіця.

Так распраўляліся з тымі, хто меў адвагу кідаць выклік царызму…

Прэзідэнт Гавайскіх астравоў

Адзін з самых знаных у свеце беларускіх народнікаў — магілёвец Мікалай Судзілоўскі.

Студэнт-медык Кіеўскага ўніверсітэта, ён быў у ліку выдатнікаў. Захапіўшыся рэвалюцыйнымі ідэямі, Мікалай узяў удзел у «хаджэнні ў народ». Адурманеныя царскай прапагандай сяляне данеслі на Судзілоўскага ў паліцыю. Каб уратавацца ад арышту, ён назаўжды пакінуў імперыю.

Мікалай стаў доктарам медыцыны, але адмовіўся ад спакойнага заможнага жыцця, якое яму магла даць гэтая навуковая ступень. Пасяліўшыся ў Румыніі, Мікалай Судзілоўскі займаўся пастаўкамі зброі балгарскім паўстанцам, што змагаліся з турэцкім прыгнётам. У адным з рэстаранаў Бухарэста былы народнік зладзіў святочную вячэру ў гонар Парыжскай камуны.

Ратуючыся цяпер ужо ад румынскай паліцыі, Судзілоўскі трапіў у Амерыку. Ён жыў на Гавайскіх астравах і праславіўся там як лекар, што вярнуў здароўе сотням безнадзейна хворых астраўлянаў. Па сваёй натуры былы народнік не мог заставацца ўбаку ад палітыкі. Гаваі імкнуліся да незалежнасці ад ЗША, і Мікалай Судзілоўскі далучыўся да змагароў за свабоду. Ён меў такі вялікі аўтарытэт, што гавайцы абралі яго спачатку сенатарам, а потым і прэзідэнтам Гавайскіх астравоў.

Пазней Судзілоўскі жыў у Японіі ды Кітаі, авалодаў мовамі гэтых краін. Ён застаўся ў гісторыі як падарожнік і географ, адкрыў некалькі астравоў у Ціхім акіяне. Разам з тым быў здольным хімікам, біёлагам і аграномам.

Цягам усяго жыцця Мікалай Судзілоўскі заставаўся верны юначым народніцкім перакананням. Калі ў Расеі перамаглі бальшавікі, ён адмовіўся вяртацца на радзіму, бо прадбачыў, што яе чакаюць цяжкія выпрабаванні. Як толькі ў савецкай Расеі пачаўся голад, былы народнік арганізаваў першы ў Азіі «Камітэт дапамогі галадаючым Расеі».

Пра Судзілоўскага ў розных краінах свету напісаныя сотні нарысаў, артыкулаў і кніг.

Запавет Ігната Грынявіцкага

Партыя «Народная воля» асудзіла цара Аляксандра ІІ на смерць. Рэвалюцыянеры разлічвалі, што выкананне гэтага прысуду выкліча ва ўсёй імперыі народнае паўстанне. З сарака сямі добраахвотнікаў, што хацелі прынесці жыццё ў ахвяру дзеля перамогі рэвалюцыі, кіраўніцтва «Народнай волі» абрала чатырох. У гэтую групу трапіў Ігнат Грынявіцкі.

Ігнась быў сынам беларускага шляхціча. Ён вучыўся ў Беластоцкай гімназіі. Там даведаўся пра таемнае таварыства «Вайсковыя сябры», што некалі сарвала ў размешчаных вакол Беластока імперскіх палках прысягу Мікалаю І. Юнак ведаў імёны герояў 1863 года Кастуся Каліноўскага, Валера Урублеўскага, Зыгмунта Серакоўскага. У рукі беластоцкіх гімназістаў траплялі нумары газеты «Мужыцкая праўда». Ужо тады Ігната захапіла мара вызваліць Айчыну ад царскага прыгнёту.

З гімназічным атэстатам, дзе былі толькі выдатныя адзнакі, Грынявіцкі быў залічаны ў сталічны Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. Выкладчыкі адразу вылучылі бліскуча падрыхтаванага і адказнага юнака. Яму абяцалі выдатную кар’еру інжынера або вучонага. Але Ігнат неўзабаве ўступіў у «Народную волю». Ён збіраў грошы на патрэбы палітычных вязняў, гаспадарыў у так званай «нябеснай канцылярыі», дзе рабілі неабходныя рэвалюцыянерам дакументы. Адначасова Грынявіцкі ўвайшоў у лік тых, хто сачыў за паездкамі цара, а затым — тых, каму даручылі выканаць смяротны прысуд.

Напярэдадні дня, вызначанага для рашучых дзеянняў, Ігнат склаў запавет. Ён прадбачыў, што ягонае маладое жыццё хутка абарвецца. «Недалёкая будучыня пакажа: мне або іншаму давядзецца нанесці апошні ўдар, рэха якога разнясецца па ўсёй Расеі, — пісаў Грынявіцкі. — Што будзе далей? Ці шмат яшчэ ахвяраў запатрабуе няшчасная радзіма дзеля свайго вызвалення?»

Гэты апошні ўдар 13 сакавіка 1881 года выпала зрабіць якраз беларусу Грынявіцкаму. Пасля выбуху бомбы на набярэжнай Кацярынінскага канала ў Пецярбурзе Ігнат перажыў імператара ўсяго на некалькі гадзін.

Рэвалюцыянеры памыліліся: ніякіх хваляванняў у народзе забойства цара не выклікала, а палітыка новага ўладара імперыі — Аляксандра ІІІ і ягоных міністраў стала значна больш жорсткай.

Сродкі змагання нарадавольцаў былі памылковыя, аднак гэтыя мужныя ахвярныя людзі заслужылі памяць нашчадкаў.

«Гоман» загаманіў пра Беларусь

Ігнат Грынявіцкі помсціў цару і за расправу над каліноўцамі, і за тое, што была пад забаронай для друку і ў школах беларуская мова, што нельга было карыстацца самім найменнем «Беларусь».

У 1884 годзе пецярбургскія студэнты з Беларусі выдалі два нумары часопіса «Гоман». Грынявіцкага яны называлі папярэднікам і гарачым аднадумцам. «Мы — беларусы і павінны змагацца за інтарэсы беларускага народа», — гаварылася ў першым выпуску «Гомана».

«Гоманаўцы» заклікалі суайчыннікаў не абмяжоўвацца вывучэннем роднага краю і асветаю яго жыхароў. Яны пераконвалі беларусаў, што ім неабходна змагацца за палітычныя правы. Аўтары часопіса сцвярджалі: Беларусь мае магутныя сілы, у якія трэба ўрэшце паверыць. «Гоман» нагадваў пра жыццёвую трываласць беларусаў, што не зрабіліся ні палякамі, ні расейцамі. З гонарам успамінаючы вызвольныя паўстанні 1831 і 1863 гадоў, часопіс прадказваў, што хутка распачнецца новы этап барацьбы за будучую самастойнасць Айчыны.

Уладзімір Арлоў, «Новы час»

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях