23 октября 2020, пятница, 8:36
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Святлана Зелянкоўская: Мой дом цяпер у Кіеве, вучу ўкраінскую мову

2
Святлана Зелянкоўская: Мой дом цяпер у Кіеве, вучу ўкраінскую мову
Фота: Сяргей Сараханаў

Актрыса Купалаўскага тэатра з дваццацігадовым стажам распавяла пра свой новы этап жыцця.

Мы ведаем Святлану Зелянкоўскую як актрысу Купалаўскага тэатра, прычым з дваццацігадовым стажам, выканальніцу галоўнай ролі ў фільме «Анастасія Слуцкая» і жонку Сяргея Міхалка. Ужо некалькі гадоў Святлана ў асноўным жыве ў Кіеве, дзе разам з мужам чакае трэцяе дзіця. «Наша Нiва» звязалася з актрысай, каб распытаць пра жыццё-быццё, а таксама пагаварыць пра выбар паміж Мінскам і Кіевам.

— Да пандэміі вы жылі на два гарады — Мінск і Кіеў. Дзе вас заспеў каранавірус?

— Я сапраўды жыла на два гарады, але збольшага ў Кіеве — нейкі час таму я выбрала гэта месца для жыцця, і тут цяпер мой дом. Да таго ж нядаўна я даведалася, што мой дзед па бацькавай лініі — украінец. Хачу знайсці, дзе ён пахаваны. Пандэмія мяне заспела ў Кіеве ж, бо мой сын Макар толькі пайшоў у школу, дарэчы, украінскамоўную. Разам з ім вывучаю ўкраінскую, бо яна патрэбна мне для «спілкування» і, галоўнае, для працы.

— Вашае жыццё неяк памянялася з-за пандэміі?

— Мне нават здаецца, сусвет рыхтаваў мяне да каранавіруса і каранціну. Так склалася, што і муж гэты час бавіць у Кіеве, я забрала сюды сваю старэйшую дачку ад першага шлюбу, да таго ж я цяпер на сёмым месяцы цяжарнасці — гэта будзе маё чацвёртае дзіця, таму цяжарнасць ужо як звычка. Адзіны боль звязаны з тым, што ў Мінску засталіся нашы з Сяргеем мамы, мужавы сястра і старэйшы сын, а таксама нашы сябры. А жыццё змянілася яшчэ да каранавіруса: я шчыльна занялася працай у тэатры, бо без тэатра не магу, і знайшла дом — мы яго арандуем, але ён стаў «нашым».

— Не страшна ў такія неспакойныя часы чакаць яшчэ адно дзіця?

— Наадварот, гэтае дзіця — наш талісман. Яно абараняе, у тым ліку ад каранавіруса, усю сям’ю, бо кожны ўсведамляе небяспечнасць і становіцца больш адказным.

Фота: Сяргей Сараханаў

— Вы сказалі, што вучыце ўкраінскую мову, а беларускую сёння выкарыстоўваеце?

— Беларуская мова дапамагае мне жыць у Кіеве і разумець украінскую, але замінае ў гаворцы, таму што я ўвесь час на яе збіваюся. Даводзіцца думаць над кожным словам, ці не зрабіла я памылку, а пераключацца, у тым ліку ў вымаўленні, у мяне не заўсёды не атрымліваецца.

Я не забываю беларускую мову, бо і страчваць сувязь з Беларуссю, таксама ў працы, не хачу. Праўда, не ведаю, калі мы зможам вандраваць, як раней.

— Пасля таго як вы канчаткова сышлі з Купалаўскага, ці ўдалося знайсці сваё месца ва Украіне?

— Я яго ствараю. Спачатку я шукала яго ў кіно і серыялах, але гэта былі хаатычныя спробы, каб было хоць нешта. Цяпер я больш накіравана на тэатр — на тое, у чым магу праявіцца найярчэйшым чынам. Нядаўна ў адным з кіеўскіх тэатраў павінна была адбыцца прэм’ера спектакля, дзе я граю галоўную ролю, але з-за каранавіруса яна перанеслася. Мне б хацелася працаваць таксама ў Беларусі, але пра планы расказваць не буду.

— Як вам, ужо вядомай у Беларусі актрысе, было пачынаць кар’еру ў іншай краіне?

— Гэта такі кайф, калі ты зноў у пачатку — гэта ж і ёсць маладосць і жыццё, не варта заседжвацца на тым, што ты ўжо зрабіў. Мае набыткі застаюцца са мной, а месца — проста месца. У Купалаўскім я прайшла добрую школу, але, на жаль, перастала бачыць у ім сваю будучыню, не змагла ўявіць сябе на гэтай сцэне праз, скажам, дзесяць гадоў. І паехала за мужам: ён захацеў у Кіеў — і я адправілася за ім.

— А чаму быў абраны менавіта Кіеў?

— Асабіста ў мяне шмат звязана з гэтым горадам, я нават была тут зачатая. У нас з Сяргеем у Кіеве адбылося шмат падзей, памятаю, мы неяк сюды прыехалі і я адчула, што хачу тут жыць. Бачыце, жаданні здзяйсняюцца.

— Калі вы пераязджалі ў Кіеў, па вашых выказваннях здавалася, што вы робіце гэта ў тым ліку з-за недастатковасці магчымасцяў у Мінску. Ці так гэта?

— Так, мне не хапала свабоды праяўлення і я не адчувала, што магу паказаць сябе неяк па-новаму. Радзіма для мяне — святое, я ніколі не адмоўлюся ад таго, што я беларуская актрыса, як і мой муж — беларускі спявак, дзе б ён ні жыў. Але я хачу далей развівацца, а для гэтага патрэбны адпаведныя ўмовы — не толькі ж адна барацьба павінна быць. Дарэчы, адной якасці беларускага тэатра ў Кіеве мне не хапае — стрыманага шляху да ісціны праз рамкі і абмежаванні.

Ва Украіне шмат таго, што называецца «гуляй, душа» і «прачніся і спявай», ёсць нейкая ўсёеднасць, а ў Беларусі з-за адсутнасці рознай мішуры тонкае мастацтва звініць больш пранізліва, і я б хацела быць да яго датычнай.

Дарэчы, у Мінску ёсць чалавек, з якім я заўсёды гатова працаваць, — Ларыса Сімаковіч. Апошні раз у яе фольк-тэатры «Госціца» я сыграла ў 2018 годзе, гэта быў музычны спектакль «Плошча Якуба Коласа».

Фота: Сяргей Сараханаў

— З пункту гледжання акцёрскага майстэрства вы адчулі адрознасць працы ва Украіне?

— Тут таксама ёсць мінусы, і свабода залежыць у тым ліку ад унутранага стану. Некаторым паняццям, у тым ліку свабодзе, мы надаем занадта вузкія значэнні. Часам, каб яе адчуць, патрэбны барацьба і аковы, а часам — усёдазволенасць. Я ў пэўны момант проста захацела рэлаксу — каб мяне ніхто не павучаў і не абмяжоўваў, а я магла рабіць, што хачу. Прачнуўся здаровы эгаізм — і я з’ехала туды, дзе мне камфортна. Магчымасцяў для праяўлення ва Украіне, канечне, больш, і гэта важна таксама для маіх дзяцей.

У Беларусі я стамілася змагацца з некультурнасцю і невуцтвам, дзе ўсе найлепшыя людзі адсоўваюцца на задні план і шмат упіраецца ў паперкі і чыноўнікаў.

— Не так даўно быў вынесены прысуд Харві Вайнштэйну — што вы думаеце пра харасмент і маштабы, якіх ён дасягнуў у кінаіндустрыі?

— Я заўсёды стану на абарону слабога, бо люблю справядлівасць, але Вайнштэйн аказаўся ў гэтым выпадку ахвярным казлом. Дзякуй Богу, я не трапляла ў сітуацыі, калі б мяне спрабавалі сэксуальна эксплуатаваць, але калі б трапіла, лічыла б гэта і сваёй памылкай. Любы досвед, нават самыя сумныя гісторыі, патрэбен нам для нечага, — магчыма, такая пабудова свету павінна была прымусіць жанчын перайсці на нейкі іншы ўзровень свядомасці і навучыцца адстойваць свае межы.

— А ў беларускім кіно, як вы думаеце, сэксуальная эксплуатацыя была магчыма?

— Магчыма, толькі ў іншым маштабе: колькі там таго кіно ў Беларусі здымаецца? Гэта, дарэчы, яшчэ адна прычына, чаму я выбрала Кіеў: украінскае кіно сёння развіваецца вельмі хутка, і яно не залежыць ад Расіі, чаго я жадаю і беларускаму.

— У Беларусі вы найбольш вядомая як выканаўца галоўнай ролі ў «Анастасіі Слуцкай» — як яна паўплывала на вашу кар’еру?

— Вельмі моцна, «Анастасія Слуцкая» адкрыла мне шмат дзвярэй — часам тым, што сыграла ў такім фільме, я магла скарыстацца для сваіх мэтаў, а недзе гэта замінала, бо я асацыявалася з адной роллю. У мяне нават была мара нафарбавацца, надзець парык і прыйсці на пробы, каб ніхто не ведаў, хто я. Лёс у выніку здзейсніў мару: у Кіеве мяне ніхто і не ведае. «Анастасія Слуцкая» — самае вядомае, што я зрабіла ў Беларусі. Не сказаць, каб у гэтым фільме я паказала каласальны акцёрскі талент — у іншых ролях я праяўлялася нашмат цікавей, але гэта гістарычная карціна, на якую зганялі школьнікаў, з-за якой у мяне з’явіліся паклоннікі. Своеасаблівы і важны ў маім жыцці досвед, і ў тым ліку ад яго я збегла ў Кіеў. Я ўжо не тая 23-гадовая Света Зелянкоўская.

Фота: Сяргей Сараханаў

— Вы ўдзельнічалі ў здымках фільма «Ідзі і глядзі», раскажыце падрабязней.

— Тады мне было гадоў пяць ці шэсць, мама ўвесь час вадзіла мяне на здымачныя пляцоўкі. Я помню толькі, што мы павінны былі бегчы з абрыву, крычаць і плакаць. Пачынаць трэба было па сігнальнай ракеце, дык вось мы сядзелі і чакалі яе ўвесь дзень — паліла сонца, нам хацелася есці, а там было пшанічнае поле, і мы сталі даставаць з каласкоў зярняткі. Можа, такім чынам нас адмыслова ўводзілі ў стан бежанцаў, якія цярпяць ад страшэннай спёкі і харчуюцца зярняткамі. Але фільм, вядома, надзвычайны, і я ганаруся, што ў ім удзельнічала, хай і была дзіцём.

— Наколькі вы з мужам уключаны ў беларускі кантэкст? Цяпер у нас перадвыбарныя месяцы — вы сочыце за навінамі?

— Пільна я сачу толькі за інфармацыяй пра каранавірус, бо хвалююся за здароўе мамы. Што тычыцца палітыкі і выбараў, я гляджу навіны, але так, як раней, на іх больш не рэагую і да ўсяго стаўлюся спакойна. Напэўна, таму што цяпер гэта не тычыцца маіх дзяцей. Але мне падаецца, каранавірус нешта разруліць у Беларусі, разварушыць людзей. Мне самой цікава, у што гэта ўсё выльецца.

— Вы ў сям’і абмяркоўваеце навіны з Беларусі?

— Абмяркоўваем хіба, як будзем бачыцца са сваякамі, куды і калі ездзіць, а ў цэлым размаўляем больш пра сусветныя навіны. А калі ў нас выбары?

— 9 жніўня. Вы так міла спыталі: «калі ў нас выбары».

— Дакладна. Але ж я грамадзянка Беларусі і хачу ёй застацца.