19 апреля 2024, пятница, 18:07
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Калі сымптомаў няма, пацыентаў з COVID-19 і пнэўманіяй выпісваем»

«Калі сымптомаў няма, пацыентаў з COVID-19 і пнэўманіяй выпісваем»
Ілюстрацыйнае фота. Рэанімацыя з апаратам ШВЛ
фото: rk.gov.ru (official website)

Людзей са станоўчымі тэстамі на каранавірус актыўна выпісваюць са шпіталяў.

Мінздароўя і дзяржаўныя СМІ кажуць, што шпіталі, якія ў красавіку былі перапрафіляваныя пад лячэньне каранавірусных, паступова вяртаюцца да працы па сваіх звычайных профілях. У той жа час вось ужо цягам месяца фіксуецца, па афіцыйным дадзенным, прыкладна 900 новых выпадкаў захворваньня штодня. Як такое можа быць?

«Радыё Свабода» разьбіралася, чаму тэрмінова выпісваюць недалечаных хворых.

Інфікаваных менш не становіцца, а шпіталі перапрафілююць

На пачатку красавіка многія шпіталі, у тым ліку і вузкапрофільныя, пачалі перапрафіляваць пад лячэньне пацыентаў з каранавірусам. Калі колькасьць людзей са станоўчымі тэстамі на COVID-19 дасягнула прыкладна 35 тысяч, па версіі Міністэрства аховы здароўя, шпіталі пачалі вяртацца да ранейшай спэцыялізацыі.

Пра тое, што шпіталі, аддадзеныя пад каранавірус, паступова будуць вяртацца да свайго асноўнага профілю, заявіў міністар Уладзімер Каранік, 10 дзён таму, наведваючы Віцебск.

28 траўня ў Віцебскім абласным клінічным шпіталі пачалі працаваць у звычайным рэжыме 5 тэрапэўтычных аддзяленьняў і тры хірургічныя, паведамляе БТ.

З 1 чэрвеня аднаўляюць звычайную працу Менскі гарадзкі анкалягічны дыспансэр, 8-я гарадзкая гінэкалягічная бальніца, 11-ы шпіталь, шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі, паведаміў першы намесьнік міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч.

У той жа час роўна 10 дзён таму, 19 траўня, у 5-м клінічным шпіталі Менску пасьля капітальнага рамонту адкрылі 9-павярховы нэўралягічны корпус, у якім меркавалася разьмясьціць чатыры аддзяленьні: нэўралягічнае, фізіятэрапэўтычнае, эндаскапічнае і аддзяленьне кампутарнай тамаграфіі. Аднак яго адразу зрабілі пульманалёгіяй і вельмі хутка запоўнілі ўсе 300 ложкаў каранавіруснымі пацыентамі.

У палатах па 6 чалавек з пнэўманіямі, лячэньня практычна няма

Галоўны доктар 5-га шпіталя Міхаіл Назарчук 19 траўня ў эфіры Беларускага тэлебачаньня расказваў пра добрыя ўмовы, сучаснае абсталяваньне:

«Мы разьмесьцім нашых пацыентаў па два, па тры, па чатыры ў палаце».

Так, ёсьць у ім палаты па 2 чалавекі, аднак шмат палат і па 6 чалавек. Прычым тут ляжаць людзі зь цяжкімі пнэўманіямі, кашлем.

Лечаць каранавірусных хворых дактары-нэўролягі, якія перакваліфікаваліся ў пульманолягаў.

65-гадовая Вольга з канца красавіка лячылася ў адным з РНПЦ. 15 траўня раптоўна страціла прытомнасьць, паўсталі праблемы з сэрцам. На «хуткай дапамозе» яе павезьлі ў кардыялёгію ў Ждановічы. Там зьбілі ціск, зрабілі кардыяграму і завезьлі назад у РНПЦ.

Праз пару дзён у Вольгі паднялася тэмпэратура, яе зьмясьцілі ў ізалятар, зрабілі тэст. 20 траўня стаў вядомы вынік — станоўчы. То бок CОVID-19 яна магла падчапіць толькі ў шпіталях ці пры перавозцы «хуткай дапамогай». Вольгу тэрмінова накіравалі ў Менскі гарадзкі скурвэндыспансэр. Там зрабілі кампутарную тамаграфію, якая паказала двухбаковую пнэўманію. І адразу ж перавялі ў 5-ы шпіталь.

Так Вольга трапіла ў 5-ю пульманалёгію ў той самы адрамантаваны корпус. У палаце 6 чалавек. Адна жанчына моцна кашляла, яе празь дзень перавялі ў рэанімацыю на ШВЛ.

Спачатку ўсю палату лячылі процімалярыйным прэпаратам «імарт», прычым усе хворыя падпісвалі паперу, што згодныя. Два дні таму Вользе зрабілі кардыяграму, і той імарт адмянілі. Адмянілі імарт яшчэ дзьвюм суседкам па палаце. Даюць толькі амбраксол — ад кашлю.

У 5-м шпіталі лечацца і мэдыкі, які захварэлі на COVID-19, іх нямала. Мэдсястра аднаго з аддзяленьняў Тацяна на ўмовах ананімнасьці сказала, што толькі зь яе аддзяленьня захварэлі 11 мэдыкаў. Сама Тацяна спачатку была дома на самаізаляцыі. Тыдзень таму стан рэзка пагоршыўся, на хуткай яе прывезьлі ў шпіталь. КТ паказала двухбаковую пнэўманію. Праўда, «сваіх» кладуць не ў шасьцімесныя, а ў двухмесныя палаты.

«Калі сымптомаў амаль няма, пацыентаў з COVID-19 і пнэўманіяй выпісваем»

На гэтым тыдні пацыентам сказалі, што ў каго пнэўманіі ня вельмі цяжкія, тых паступова будуць выпісваць. Адных перавядуць на рэабілітацыю ў санаторыі, кагосьці адправяць дадому — дабываць 21 дзень ізаляцыі.

Тры дні таму ўсёй палаце зрабілі тэсты. Дзьвюм жанчынам ужо прыйшоў вынік, тэсты станоўчыя. Нягледзячы на гэта, у чацьвер іх выпісалі і накіравалі ў Аксакаўшчыну на рэабілітацыю. Вользін тэст яшчэ не прыйшоў, таму ёй сказалі, што яе выпішуць у панядзелак ці ў аўторак.

«Мне сказалі, што мяне на рэабілітацыю не адправяць, а накіруюць сядзець у самаізаляцыі дома. Можа, так і лепш, бо лячэньня ўсё адно ніякага, шпіталі за месяц мне ўжо абрыдлі», — кажа Вольга.

Доктарка, які вядзе палату, на ўмовах ананімнасьці патлумачыла, што ва ўсіх яе пацыентаў зьмены ў лёгкіх, пнэўманія запаленчага характару, якую паказала КТ.

«А паводле дасьледаваньняў, якія ёсьць на сёньня, зьмены ў лёгкіх могуць заставацца да 6 месяцаў. Прычым у многіх хвароба бессымптомна працякае. Таму крытэрам да выпіскі ці пераводу куды-небудзь на рэабілітацыю зьяўляюцца самаадчуваньне пацыента, тэмпэратура і сатурацыя. Калі сымптомаў амаль няма, пацыентаў з COVID-19 і пнэўманіяй мы выпісваем на рэабілітацыю ці далечвацца дома», — кажа доктар.

У санаторыях лячэньня ніякага, ізаляцыя ў пакоях па 3 чалавекі

Што да рэабілітацыі ў санаторыі, як расказала адна з жанчын, якую перавялі з 5-га шпіталя ў Аксакаўшчыну, іх разьмясьцілі па трохмесных палатах.

«Аднак лячэньня ніякага няма, з палат выходзіць нельга. Каля дзьвярэй у калідоры стаіць столік, куды ставяць ежу ў аднаразовым посудзе. Дзякуй Богу, ёсьць балькон, можна хоць сьвежым паветрам падыхаць. Сказалі, што ад пачатку хваробы мы павінны знаходзіцца ў ізаляцыі 21 дзень. 8 дзён мы праляжалі ў 5-м шпіталі, то бок 13 дзён мы будзем у Аксакаўшчыне», — кажа Валянціна.

А на месцы тых, хто выпісаўся, адразу ж засяляюць новых хворых — у фае пульманалёгіі сядзіць чарга з тых, каго толькі што шпіталізавалі. Людзі чакаюць, пакуль вызваляцца ложкі.

Пасьля 21-га дня лячэньня ці самаізаляцыі людзям закрываюць бальнічныя і адпраўляюць на працу. Пра гэта кажуць і людзі, якія перанесьлі каранавірус, і дактары.

Атрымаць камэнтар Міністэрства аховы здароўя не ўдалося. Апошні раз Мінздароўя праводзіла брыфінг для журналістаў 24 красавіка (але на пытаньні намесьніца міністра Алена Богдан ужо не адказвала). Міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік апошні раз кантактаваў з журналістамі 17 красавіка.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях