29 марта 2024, пятница, 11:52
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Палкоўнік МУС з Віцебска пайшоў збіраць подпісы за Бабарыку

6
Палкоўнік МУС з Віцебска пайшоў збіраць подпісы за Бабарыку
фота з сацсетак Міхасёва

Апошнім штуршком для былога ідэолага віцебскай міліцыі стала смерць маці з сімптомамі COVID.

Віцебчуку Сяргею Міхасёву 61 год. Раней ён быў вялікім міліцэйскім кіраўніком: узначальваў Першамайскі РАУС Віцебска, потым працаваў намеснікам начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. Даслужыўся да палкоўніка.

У 2012 годзе Міхасёў выйшаў на пенсію. Пэўны час папрацаваў юрысконсультам у прыватнай фірме, затым быў начальнікам бюро пашпартызацыі насельніцтва УУС Віцебскага аблвыканама.

Сёлета ён увайшоў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі і з гонарам расказвае: сабраў амаль тры сотні подпісаў!

«Але тыдзень таму я звольніўся. Скажам так: заяву напісаў па ўласным жаданні, — распавядае Міхасёў «Нашай Ніве». — Ці былі праблемы на працы праз удзел у групе Бабарыкі? Давайце без каментаў на гэтую тэму».

Сяргей Міхасёў у 2011 годзе. Фота Белта

Міхасёў запэўнівае: раней ён наўпрост палітыкай ніколі не займаўся. Хіба толькі галасаваў «не за дзеючага кіраўніка краіны і ў 2010, і ў 2015».

«Але ж усяму ёсць мяжа. Цярпенне скончылася. Сам я лічу, што ў краіне трэба мяняць шмат што. Гэта маё меркаванне.

Можа быць, апошняй кропляй стала сітуацыя з каранавірусам. У мяне родная сястра жыла з ляжачай маці ў Оршы. Маме было 85 гадоў. І ў сястры з'явіліся ўсе сімптомы кавіда, тэмпература трымалася тры тыдні… Але тэстаў мы не дабіліся, іх не зрабілі ні сястры, ні маме. Нават я са сваімі сувязямі нічога не змог зрабіць. Хлусня на ўсіх узроўнях наконт каранавіруса, гэтыя байкі, што ўсё нармальна… У выніку сястра паправілася. Але на гэтым тыдні будзе 40 дзён па маці… — расказвае «Нашай Ніве» Сяргей Міхасёў.

— І гэтая сітуацыя з каранавірусам была апошнім штуршком не толькі для мяне, я так мяркую. Я, пакуль збіраў подпісы, пачуў ад людзей шмат што: яны проста хацелі выгаварыцца і расказвалі мне пра свае праблемы.

І цяпер выбары мусяць быць шчырымі і празрыстымі, бо калі Бабарыка не прыме ў іх удзел, то выбары проста не адбудуцца. Чаму? Бо выбар людзей сёння відавочны. Відавочна, што большасць сёння за Бабарыку.

Прычым бачная зацікаўленасць людзей. Нават у вёсцы, дзе маё лецішча, усе падпісаліся за Бабарыку без сумневаў. А тыя, хто не меў з сабою пашпартоў, пасля нават самі прыходзілі да мяне, каб пакінуць подпіс».

Агулам, кажа Міхасёў, ён змог сабраць каля 300 подпісаў. Цяпер ён уступіў і ў групу па правядзенні рэферэндума, які прапанаваў Бабарыка. Таму палкоўнік у адстаўцы працягне збіраць подпісы і далей.

«Чаго чакаць далей — цяжка сказаць. Хацелася б пазітыўных перамен», — мяркуе Міхасёў.

Цікава, што літаральна на днях з дзяржаўнай працы звольнілася і яго жонка — Валянціна Міхасёва. Яна шмат гадоў адпрацавала суддзёй Кастрычніцкага раёна Віцебска. У 2006 годзе Міхасёва карала суткамі прыхільнікаў Мілінкевіча, у 2017 — адпраўляла на суткі журналістаў-фрылансераў за асвятленне Дня Волі. Праваабаронцы ўключалі яе ў «чорны спіс» — прасілі, каб Еўрасаюз не пускаў яе.

Цяпер стала вядома, што суддзя Міхасёва сышла з пасады.

Сяргей Міхасёў запэўнівае, што палітыкі ў яе рашэнні нібыта ніякай няма.

«Яна сама звольнілася. Гэта яе прыватнае рашэнне, не звязанае з палітыкай. Гэтае рашэнне даўно назравала. Бо немалады ўжо ўзрост і праца няпростая, — сцвярджае Сяргей Міхасёў.

— Што тычыцца палітыкі і маёй сённяшняй актыўнасці, то жонка стараецца ў гэтыя пытанні не ўмешваецца. Яна не прымае ўдзел, і пазіцыю сваю не выказвае».

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях