29 марта 2024, пятница, 13:57
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Для свайго люду — па-беларуску!

4
Для свайго люду — па-беларуску!

Мова - магутная сіла, якая згуртоўвае нацыю ў час цяжкіх выпрабаванняў.

Ёсць такое выслоўе: літаратуру не намажаш на лусту хлеба, аднак яна — самы трывалы падмурак грамадства. Але так адбываецца, калі кнігі прыходзяць да чытачоў на роднай мове. Мова — магутная сіла, якая згуртоўвае нацыю ў час цяжкіх выпрабаванняў.

У другой палове ХІХ стагоддзя ўсё больш літаратараў разумелі гэта. Пераадольваючы шматлікія перашкоды, часам нават не называючы сваіх імёнаў, яны пачыналі пісаць па-беларуску.

«Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат»

Надзвычай папулярнай была ананімная сатырычна-гумарыстычная паэма «Тарас на Парнасе». Палясоўшчык Тарас выправіўся ў пушчу паляваць на цецерукоў ды зусім неспадзявана патрапіў на Парнас — міфічную гару, дзе жылі багі, паэты і музы. Аднак на гэтай гары многае вельмі нагадвае беларускую вёску. Зеўс грэецца на печы. Багіні ў начоўках мыюць багам кашулі і порткі. Усе гавораць на сакавітай беларускай мове, а калі надыходзіць пара падсілкавацца, багіня Геба нясе на стол смачныя беларускія стравы…

Шмат чытачоў мела яшчэ адна сатырычная ананімная паэма — «Энеіда навыварат». Яе сюжэт быў запазычаны з «Энеіды» старажытнарымскага паэта Вергілія, дзе апавядаецца аб прыгодах сына Венеры легендарнага героя Энея і ягоных спадарожнікаў-траянцаў. У беларускім творы ў траянцах лёгка пазнаюцца прыгонныя сяляне, а ў антычных багах — памешчыкі ды іхнія памагатыя. Траянцы, надзеленыя беларускімі імёнамі, — людзі працавітыя, кемлівыя і дасціпныя.

«Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат» сведчылі пра багацце і вялікія мастацкія магчымасці нашай мовы.

Сёння мы ўжо ведаем верагодных аўтараў гэтых паэмаў. «Тараса на Парнасе», мяркуе большасць літаратуразнаўцаў, стварыў Канстанцін Вераніцын (родам з Віцебскай губерні). Ён быў прыгонным селянінам, але быў адпушчаны на волю і скончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Аўтарам «Энеіды навыварат» лічыцца шляхціч Вікенці Равінскі з беларускай Смаленшчыны.

Вясковы лірнік

Уладзіслаў Сыракомля — літаратурны псеўданім Людвіка Кандратовіча. Шляхецкі сын Людвік вучыўся ў школах манахаў-дамініканцаў у Наваградку і Нясвіжы. Некалькі гадоў служыў у канцылярыі радзівілаўскіх маёнткаў. Юнака часта бачылі ў казачна багатай бібліятэцы ўладальнікаў Нясвіжскага замка. Кандратовіч быў «сваім чалавекам» у архіве князёў Радзівілаў, дзе зберагаліся шматлікія дзяржаўныя дакументы Вялікага Княства Літоўскага. Усё гэта, а ў дадатак і сустрэчы з выпускнікамі Віленскага ўніверсітэта, якія часта наведваліся ў Нясвіж, выхавалі ў душы юнака патрыятызм і нарадзілі імкненне да творчасці.

Адметны талент заіскрыўся ў першым жа надрукаваным творы У. Сыракомлі — вершаванай гутарцы «Паштальён». Яна напісаная паводле пачутай у Міры гісторыі, а ў перакладзе стала расейскай народнай песняй «Когда я на почте служил ямщиком». У творах У. Сыракомлі найчасцей дзейнічалі шляхцічы і сяляне «дарагой яго сэрцу старонкі». Сябе паэт параўноўваў з вясковым лірнікам. Ён натхнёна апяваў родныя наднёманскія краявіды, пісаў пра падзеі мінулых стагоддзяў, апрацоўваў і друкаваў беларускія казкі і паданні.

Вялікі розгалас меў беларускі верш У. Сыракомлі «Добрыя весці», напісаны ў 1848 годзе, калі ў Францыі, Італіі, Нямеччыне,Чэхіі, Славакіі, Вугоршчыне (Венгрыі) ды іншых еўрапейскіх краінах адбыліся рэвалюцыі:

Заходзіць сонца пагодняга лета,

Вее вецер з заходніх нябёс.

Здароў будзь, вецер з далёкага света:

Добрыя ж весці да нас ты прынёс!..

Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа

За нашу крыўду, за горкі наш жаль.

Запяём песню: «Хваліць цябе, Божа!»

Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.

У. Сыракомля асабліва цяжка перажываў разгром вызвольнага руху ў Вугоршчыне і ў залежных ад Асманскай імперыі Дунайскіх княствах — Малдавіі ды Валахіі, дзе рэвалюцыі душыла царская армія. У гэтых княствах насельніцтва было хрысціянскім, а войскі «жандара Еўропы» — Расеі — дзейнічалі там супольна з туркамі-мусульманамі.

У. Сыракомля шмат вандраваў па Літве-Беларусі і ў замежжы. У Аўстрыі ды Прусіі, якія разам з Расеяй некалі падзялілі Рэч Паспалітую, ён наладжваў сувязі з патрыётамі былой дзяржавы, каб супольна змагацца за яе вызваленне. Паліцыя ўвяла за паэтам сакрэтны нагляд, а затым яго зняволілі ў віленскай турме. Прыхільнікі здолелі вызваліць хворага на сухоты У. Сыракомлю. На бяду, зняволенне цалкам падарвала сілы «вясковага лірніка», і ён памёр у часе следства.

Пахаваны Уладзіслаў Сыракомля на віленскіх могілках Росы.

Аўтар «Пінскай шляхты»

Пра жыццё Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча можна напісаць вялікі прыгодніцкі раман або зняць тэлесерыял. Гэты чалавек з юнацтва быў схільны да рызыкі. Ён нарадзіўся ў 1808 годзе ў не надта заможнай шляхецкай сям’і, аднак склаў сабе зайздросны радавод, у якім нібыта было дваццаць ваяводаў. Працаваў чыноўнікам у сталічным Пецярбурзе, а пасля ў губернскім Менску. Там выкраў сваю юную нявесту Юзэфу і патаемна абвянчаўся з ёю ва ўніяцкай царкве, бо бацькі не давалі дазволу на шлюб.

Нягледзячы на ўсё старанне, следчыя не змаглі даказаць удзел Дуніна-Марцінкевіча ў вызвольнай барацьбе 1863 года. Але, тым не менш, яго на трынаццаць месяцаў зняволілі ў менскую турму, абвінаваціўшы ў напісанні антыўрадавых адозваў. Доўгія гады ён жыў пад паліцэйскім наглядам у маёнтку Люцынка на Валожыншчыне. У гэты час высылку на расейскай поўначы адбывала ягоная адважная дачка Каміла.

Але шануем Дуніна-Марцінкевіча мы найперш за літаратурную творчасць, што зрабіла яго першым класікам новай беларускай літаратуры.

Пісьменнік тлумачыў, што піша па-беларуску, каб «заахвоціць сялян і бедную шляхту да чытання, навучання і развіцця розуму». З той самай мэтаю пісьменнік пераклаў з польскай паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Аднак усе паасобнікі надрукаванага перакладу дзвюх першых частак паэмы былі знішчаныя на загад уладаў.

Вяршыня творчасці класіка нашай літаратуры — напісаная ў 1866 годзе камічная п’еса «Пінская шляхта». У ёй смешна і з’едліва падаецца гісторыя з жыцця пыхлівых і фанабэрыстых палескіх шляхцюкоў. Заможнасцю і побытам яны мала чым адрозніваюцца ад сялянаў, але страшэннай абразаю лічаць, калі кагосьці з іх назавуць «мужыком». Разглядаць такую шляхецкую справу прыязджае царскі прыстаў Кручкоў — несусветны хабарнік, які сам выдумляе законы і ўказы. Сярод іх ёсць нават «выдадзеныя» ў 1988 годзе. Невыпадкова п’еса, у якой геніяльна высмейваліся імперскія парадкі, была ўпершыню надрукаваная больш чым праз паўстагоддзя пасля стварэння — у газеце «Вольная Беларусь», калі Расейскай імперыі больш не існавала.

У наш час «Ідылія» і «Пінская шляхта» сталі папулярнымі спектаклямі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Адам Гурыновіч

Нацыянальныя ідэі і захаваная ў сям’і памяць пра паўстанне Каліноўскага мелі моцнае ўздзеянне і на студэнта Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута Адама Гурыновіча.

На вакацыях Адам збіраў на роднай Мядзельшчыне беларускі фальклор. У сваіх вершах заклікаў беларусаў прачнуцца і загаварыць на роднай мове. Пісаў таксама для дзяцей, рабіў пераклады з Адама Міцкевіча, Элізы Ажэшкі, Аляксандра Пушкіна, Івана Крылова, Івана Франко.

Жандары даведаліся, што гэты студэнт не толькі займаецца «сочинительством вредоносных стихов», але і кіруе антыўрадавым «Гуртком польскай, літоўскай, беларускай і ўкраінскай моладзі». Адама арыштавалі і зняволілі ў Петрапаўлаўскай фартэцы. Выйсці адтуль і вярнуцца пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак яму ўдалося адно з прычыны невылечнай хваробы.

Жыццё Адама абарвалася, калі яму споўнілася ўсяго дваццаць пяць гадоў. Ён так і не пабачыў сваіх твораў надрукаванымі. Яны ўпершыню з’явіліся ў газеце «Беларускі звон» у 1921-м.

Янка Лучына

Іначай да Беларусі і беларускай мовы прыйшоў Янка Лучына. Аднойчы патомны менскі шляхціч, інжынер Ян Неслухоўскі, які часам пісаў вершы па-расейску, а часам па-польску, купіў квіток у гарадскі тэатр. Разышлася заслона, і ад сцэны паплыла ў залу не расейская, як звычайна, а ўкраінская мова, бо на гастролях у Менску быў вандроўны тэатр з Украіны. Той вечар зрабіў на Неслухоўскага велізарнае ўражанне і «ператварыў» яго ў Янку Лучыну.

Паэт вітаў украінскіх артыстаў вершам:

Спявайце ж, Братцы, смела і звонка:

Не згіне песня і Украіна!

Будзьце здаровы!

Янка Лучына.

Я. Лучына шмат перакладаў на беларускую мову: са старажытнагрэцкай — Гамера, з нямецкай — Генрыха Гайнэ, з польскай — Уладзіслава Сыракомлю. Ён сцвярджаў:

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя

Прагляне ясна над нашай ніваю.

Янка Лучына марыў пра выданне кнігі, але гэта здзейснілася толькі пасля яго сыходу ў іншы свет. У 1903 годзе беларускія адраджэнцы ў Пецярбурзе здолелі абвесці вакол пальца царскага цэнзара і выпусцілі ягоны зборнік «Вязанка» пад выглядам кнігі на балгарскай мове. Кнігадрук па-беларуску па-ранейшаму заставаўся пад забаронай…

Граф Бандынэлі

Да разумення ствараць літаратуру на мове сваіх продкаў, каб менавіта на ёй звяртацца да розумаў і душаў суайчыннікаў, прыходзілі і некаторыя ліцьвінскія арыстакраты. Адным з іх стаў Альгерд Абуховіч.

Абуховічы баранілі родную зямлю ў войнах з маскавітамі, туркамі і шведамі, біліся з акупантамі пад сцягамі Касцюшкі, пісалі літаратурныя творы — успаміны і дыярыушы (дзённікі). Род Абуховічаў быў у сваяцтве з італьянскімі графамі Бандынэлі.

Альгерд лічыў, што заслугі папярэднікаў абавязваюць аддана служыць Айчыне і яго самога. Ён вучыўся ў Слуцку, Жэневе і Парыжы, бліскуча валодаў англійскай, французскай, італьянскай і нямецкай мовамі, але для ўласных твораў, якія падпісваў псеўданімам Граф Бандынэлі, абраў беларускую.

Ягоным бацькам належалі вялікія маёнткі. Гэта дазваляла юнаку падарожнічаць і бязбедна жыць у Еўропе. Аднак у 1863-м ён падаўся з паўстанцамі ў лясы.

Пазней, калі Абуховіч вырашыў перадаць сваю зямлю сялянам, абураныя суседзі-абшарнікі прыгразілі абвясціць яго вар’ятам. Тады ён развітаўся з родным домам і, захапіўшы з сабой улюбёныя кнігі, наняў для жыцця сціплы пакой у Слуцку. Адзіным багаццем пісьменніцкага прыстанку была вялізная кніжная шафа. У гэтым цеснаватым жытле нараджаліся ўзнёслыя вершы і дасціпныя байкі.

У байцы «Ваўкалака» на прапанову сабакі Лыскі пайсці служыць да пана галоўны герой з годнасцю адказвае:

Хоць галодзен — я свабодзен,

Дзе мне цягне — там бягу,

На свабодзе прападу,

А ў няволю — не пайду!

Буду вольным ваўкалакам,

Ты ж — на прывязі сабакам!

Каб на нашай мове загучалі творы Фрыдрыха Шылера, Віктора Гюго, Джорджа Байрана, Дантэ Аліг’еры, Граф Бандынэлі з натхненнем перакладаў замежную літаратуру. Ім напісаныя і цікавыя мемуары, поўныя роздуму пра тую эпоху і сэнс чалавечага быцця.

Пры жыцці Граф Бандынэлі не ўбачыў ніводнага свайго твора надрукаваным, але ўвайшоў у гісторыю новай беларускай літаратуры як асоба незвычайнага лёсу і адзін з першых байкапісцаў і мемуарыстаў.

Уладзімір Арлоў, «Новы час»

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях