19 апреля 2024, пятница, 13:56
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Каронавірус закрануў большасць клубаў вышэйшай лігі

Каронавірус закрануў большасць клубаў вышэйшай лігі
АРЦЁМ МІЛЕЎСКІ

Да чаго вядзе такі футбол?

Калі вы будзеце чытаць гэтыя радкі, нехта з беларускіх футбалістаў, магчыма, адчуе сябе блага. У яго падвысіцца тэмпература, ён звернецца да медыкаў свайго клубу, а тыя… Толькі развядуць рукі, дый адправяць хлопца ў вымушаную самаізаляцыю, папярэдне выпісаўшы яму квіток на важную працэдуру.

Справа вядомая — тэст на «карону». Каб чаго не выйшла — «кавіду» ці пнеўманіі. І каб чэмпіянат Беларусі — самы адчайны ў свеце — працягваўся надалей. На радасць простых заўзятараў і вышэйстаячых інстанцый. І на злосць пандэміі, якую ў нашых юдолях бачылі ў труне ў белых тапках ды ўвогуле ўжо даўно перамаглі.

Але ж каронавірус не пытае дазволу на распаўсюд. І ў той час, калі статыстыка захворванняў у краіне імкліва паляпшаецца, у беларускім футболе сітуацыя застаецца складанай і непрадказальнай.

Пра рашучую перамогу над зламысным вірусам Лукашэнка ў чарговы раз абвясціў 2 ліпеня. На наступны дзень брэсцкае «Дынама» выйшла гуляць супраць «Смалявічаў», і выявілася, што ў складзе чэмпіёна краіны не хапае цэлай групы вядучых футбалістаў — Сяргея Ігнатовіча, Дзяніса Лапцева, Аляксандра Наёка, Яўгена Хачэрыдзі, Рамана Юзэпчука, Усевалада Садоўскага.. Праз гэта перамагчы берасцейцы не змаглі (3:3), але і тое было толькі кветачкамі. Ужо праз пару дзён журналісты паведамілі, што ў клубе-чэмпіёне з працоўнага рытму выбіліся аж 16 чалавек — уключаючы абслуговы персанал і самага зорнага гульца каманды Арцёма Мілеўскага. Той, зрэшты, і сам адрапартаваў у Іnstаgram: маўляў, сыходжу ў двухтыднёвую ізаляцыю. І хаця пра канкрэтныя дыягназы ў Брэсце афіцыйных звестак не было, неафіцыйныя сведчылі красамоўна — COVID-19, пнеўманія, падазрэнні на «карону».

Зразумела, што ідылічную ліпеньскую карціну ў беларускім чэмпіянаце гэтая гісторыя сапсавала. У футбольнай федэрацыі не засталося іншага выйсця, акрамя як перанесці бліжэйшыя матчы «Дынама» на больш познія і бяспечныя тэрміны.

Цяпер самы час — лічыць і маніторыць. Берасцейцы — далёка не першы клуб, які пацярпеў ад каронавіруса. Загінайце пальцы.

Яшчэ ў траўні цень пандэміі навіс над «Мінскам». У цэнтры ўвагі апынуўся ўкраінскі абаронца Яўген Чагавец, якога паклалі ў шпіталь. Каманду распусцілі, гульцоў адправілі на каранцін, матчы перанеслі. Праз тыдзень-другі ў званы білі ўжо ў Жодзіне. Там вірус напаткаў брамніка Уладзіміра Бушму, паўабаронцу Міхаіла Афанасьева, трэнера Сяргея Зяневіча, а ў дадатак ад калектыву ізалявалі яшчэ двух футбалістаў — Максіма Бардачова і Андрэя Хачатурана.

Далей без падрабязнасцяў — толькі праз коску. За мінулыя месяцы каронавірусная сімптаматыка была зафіксавана ў цэлым шэрагу каманд вышэйшай лігі: «Іслач» і «Нёман», «Гарадзея» і «Энергетык», «Віцебск» і «Смалявічы».

Усяго, атрымліваецца, прама ці ўскосна інфекцыя закранула дзевяць каманд — больш за палову элітнага дывізіёну. Мінула гэтая зараза адпаведна сем каманд — барысаўскі БАТЭ, салігорскі «Шахцёр», мінскае «Дынама», «Слуцк», мазырскую «Славію», брэсцкі «Рух» і «Белшыну» з Бабруйску.

Якія з таго высновы? Іх некалькі, і ўсе прамежкавыя. Па-першае, нягледзячы на бягучыя трывогі, панічныя настроі ў беларускім футбольным соцыуме пакуль не дамінуюць. Размовы пра прыпыненне чэмпіянату гучаць сцішана — ужо таму, што ў Еўропе, пасядзеўшы на каранціне, таксама пачалі гуляць у футбол. Па-другое, любыя пераможныя рэляцыі цяпер рабіць заўчасна. Выпадак з Брэстам паказвае, што ўспышка каронавіруса можа ўзнікнуць дзе заўгодна і калі заўгодна. І па-трэцяе — галоўнае — якімі б трыумфальнымі ні былі заявы афіцыйных кіруючых асоб, у заўтрашні дзень усё роўна трэба глядзець з асцярогай.

Чаму? А таму, што згуляна пакуль толькі палова футбольнага сезону. Наперадзе — самае цікавае і адказнае. У прыватнасці, еўракубкі. І тое, што ўмоўны БАТЭ яшчэ ад вірусу не пацярпеў — толькі нагода да дадатковай пільнасці. Бо, калі ўявіць, што ў Барысаве напярэдадні старту ў Лізе Еўропы распачнецца масавы каранцін… Ці ў Салігорску станоўчыя тэсты здадуць вядучыя гульцы — а назаўтра камандзе праводзіць міжнародныя матчы… У гэтым разе мы пачуем вельмі шмат новых — і даволі рэзкіх — словаў пра сваё бесклапотнае стаўленне да каронавіруснай пагрозы.

Але і гэта яшчэ не ўсё. На пачатку кастрычніка зборная Беларусі прыме ўдзел у плэй-оф Чэмпіянату Еўропы. Каманду чакае лёсавырашальны матч з грузінамі ў Тбілісі, ад выніку якога будзе залежаць перспектыва гістарычнага ўдзелу ў фінальнай частцы EURO. Хочацца верыць, што на той момант эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі цалкам нармалізуецца і пра каронавірус мы будзем успамінаць хіба што з лагоднай усмешкай. Аднак ці дасць хто гарантыю, што пандэмія не вернецца да нас восенню — хай нават толькі выпадковым рэцыдывам? І не ўдарыць па гульцах зборнай, якой трэба ляцець у Грузію мацнейшым складам — інакш там лавіць няма чаго…

Таму, хто б што ні гаварыў з высокіх трыбунаў, нічога яшчэ не зразумела ў процістаянні беларускага футбола каронавіруснай інфекцыі. Пасярод лета мы фіксуем хісткую раўнавагу, і не болей. Дзе-нідзе на «кавід» ужо перахварэлі, дзе-нідзе працягваюць удала засцерагацца. Але да фінальнага свістка ў гэтым дзіўным матчы — у гэтай рулетцы, дзе на коне чалавечае здароўе, — яшчэ далёка.

Сяргей Кайко, «Новы час»

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях