3 марта 2021, среда, 10:59
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Слаўная моладзь выкіне гэты рэжым на «металалом і макулатуру»

Слаўная моладзь выкіне гэты рэжым на «металалом і макулатуру»
Сяргей Законнікаў

Узурпатар займаецца правальнай справай.

У сучасным свеце, як было заўсёды, побач з лустай хлеба запатрабаванымі застаюцца мір і спакой. Для таго, каб яны дазвалялі людзям шчасліва жыць і ствараць, трэба разам іх мацаваць. Такога стану дасягнуць немагчыма без асабістай сумленнасці, усвядомленай павагі да іншых, выканання законаў.

На жаль, сумленнасць і прыстойнасць становяцца дэфіцытам, а самымі небяспечнымі ворагамі спакою на планеце выявіліся ўзурпатары ўлады, цынічныя хлусы, хранічныя парушальнікі міжнародных правілаў і нормаў існавання.

Паводзіны самаўлюбёных правіцеляў-дэбашыраў, якія трапляюць на пасаду не за лепшыя якасці, а воляй абставін, каб затым чапляцца за ўладу рукамі, нагамі і зубамі, нагадваюць герояў савецкага кінафільма. Два прэзідэнты і адзін былы прэзідэнт (Расія, Беларусь і ЗША), якія з прычыны скандалаў застаюцца на слыху, выклікалі ў памяці трох персанажаў з камедыі Л. Гайдая «Пёс Барбос и необыкновенный кросс».

Састарэлыя «мачо» сапраўды выглядаюць смешна…. Але гэта цяпер, бо не трэба забываць, што доўга яны «красаваліся» ў СМІ, «куплялі» людзей прымітыўным акторствам, танным папулізмам, дробнымі падачкамі праз заробкі і пенсіі. Ім верылі, на нешта спадзяваліся. А тут — аблом, «любоў прайшла, завялі памідоры».

Тройца старалася выклікаць давер, падаючы сябе «сваімі хлопцамі». Варта ўспомніць панібрацтва з суразмоўнікамі, «тыканне», пошлыя жартачкі, манеру адказваць на пытанне не канкрэтна, а круціцца вакол ды каля або пераскокваць на іншую тэму.

Уражвае, як хутка «свае хлопцы» забранзавелі, аддаліліся ад народа і яго праблем, хоць выключэнне — багаты амерыканец Д. Трамп. Ён бізнесмен, мае пэўную падтрымку. А ў Беларусі і Расіі, дзе насельніцтва жыве сціпла, а частка людзей наогул знаходзіцца за рысай беднасці, правіцелі «з нізоў» не пасоромеліся імгненна абрасці безліччу прыслугі, ахоўнікаў, шматлікімі рэзідэнцыямі, якія паглынаюць бюджэтныя грошы, дапамаглі разбагацець вертыкальшчыкам, родзічам, сябрам і «сяброўкам».

Варта задумацца: хто яны такія, каб дазваляць сабе невераемнае нахабства? Выбранне грамадзяніна на высокую пасаду не азначае змен у Канстытуцыі, каб пажыццёва краінай кіраваў былы дырэктар саўгаса або падпалкоўнік КДБ. Дарэчы, рэйтынг У. Пуціна трымаецца толькі на расійскай маніі велічы і імперскіх традыцыях.

Лукашэнка, маючы ў падначаленні савецкіх людзей, апрацаваных таталітарызмам, змог з лёгкасцю зляпаць чарговую ваенізаваную вертыкаль, каб кайфаваць. Ён настолькі паверыў ва ўласную «геніяльнасць», што не сумняваўся: так будзе заўсёды. Але ў беларускага народа выспела іншае меркаванне. Людзі хочуць жыць свабодна, па справядлівых законах, ім абрыдла феадальнае рабства.

Фальсіфікацыямі на выбарах і неадэкватнымі дзеяннямі пасля 9 жніўня 2020 года дыктатар і яго клан самі правялі інвентарызацыю ў Беларусі светлых і цёмных сіл, стала ясна: хто ёсць хто. Адбылося спісанне ва ўтыль закансерваваных, замшэлых кадраў і гвалтоўных метадаў.

Але рэжым па інерцыі яшчэ ліпіць. Яго падпіраюць узброеныя сілавікі, чыноўнікі, грошы Расіі, Кітая. Лукашэнка агрызаецца, марнуе бюджэт, падкупляючы прэміямі амапаўцаў і прапагандыстаў, разбурае эканоміку… Аднак гэта — агонія, якую трэба тэрмінова спыняць.

Санкцыі ЗША і Еўразвязу вельмі слабыя, неадэкватныя дзеянням А. Лукашэнкі. Увогуле, як можна дагэтуль мець стасункі з ім?

Трэба ўлічваць, што сілы няроўныя. Хоць большасць народа супраць дыктатуры, але ў руках Лукашэнкі ўзброены кантынгент міліцыі, унутраных войскаў, іншых спецпадраздзяленняў, армія і прапагандысцкі рупар тэлебачання, радыё, прэсы, правакатары ў інтэрнэце, і таму спакойна назіраць збоку, ці выйдуць беларусы зноў, хто каго пераможа, — гэта амаральна.

Рэгламентацыя рэакцыі грамадзян на гвалт з боку ўлады змешчана ў «Дэкларацыі незалежнасці ЗША»: «Калі доўгі шэраг злоўжыванняў і насілля, нязменна звязанных з адной і той жа мэтай, сведчыць аб каварнай задуме прымусіць народ змірыцца з неабмежаваным дэспатызмам, звяржэнне такога ўрада і стварэнне новых гарантый бяспекі на будучыню становіцца правам і абавязкам народа».

У Беларусі такая сітуацыя! Узурпатар заяўляе: «Я сам не уйду!» Але народ, які паказаў здольнасць даваць адпор садыстам, не можа перайсці да сілавых дзеянняў, бо тады ў рэжыму развяжуцца рукі, каб адкрыта прымяняць агнястрэльную зброю.

Вядомы юрыст Г. Паганяйла слушна кажа, што пасля новых пагрозлівых заяў дыктатара і сілавікоў наспела патрэба разгледзець сітуацыю ў Беларусі на Савеце бяспекі ААН і прыняць канкрэтныя меры.

Я ўпэўнены, што дэмакратычныя сілы возьмуць верх. Тым не менш, эйфарыі не павінна быць. Хоць працэс палітычнага сталення беларусаў ідзе дынамічна, але святкаваць перамогу яшчэ рана.

Дакладна так называўся мой артыкул, апублікаваны ў жніўні 1991 года. Цытую: «Рана, таму што карані сталінізму надзвычай жывучыя, таму што сярод нас застаюцца рэакцыянеры: старыя і маладыя, яўныя і тайныя… Думаецца, што кавалак каўбасы не стане для нашага народа даражэй свабоды, годнасці і сумлення. Наперадзе цяжкая праца. І перамогу святкаваць яшчэ рана».

Тады беларусы не вытрымалі экзамен на грамадзянскую і палітычную сталасць, здалі родную мову, нацыянальныя сімвалы, спаўзлі ў дыктатуру. У 2020 годзе рабочы клас, хоць зразумела, што жыве ён ад зарплаты да зарплаты і баіцца згубіць працу, таксама як след не выявіў палітычнага патэнцыялу.

Узурпатар носіцца па прадпрыемствах, раздае інтэрв’ю расійскім СМІ, праводзіць гэтак званае «Всебелорусское народное собрание», каб зноў заблытаць народ у «трох соснах». Яму дапамагаюць розныя каляпалітычныя групоўкі антыбеларускай скіраванасці. Але гэтым трон не ўратуеш.

Лукашэнка займаецца правальнай справай. Ён замахнуўся на будучыню Беларусі, душыць волю юнакоў і дзяўчат, якія выступілі супраць зла пад Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам. Н. Качанава, генералы-сілавікі публічна прызнаюцца, што не разумеюць моладзь, пытаюцца, чаго ёй не хапае, апрацоўваюць хлуснёй, дэмагогіяй, арыштамі, судамі і турэмнымі зняволеннямі. Але ў стаўленні да мужных юнакоў і дзяўчат сіла не спрацоўвае.

Слаўная моладзь дэманструе важную ісціну: акрамя ўлады, чыноў і грошай, у жыцці ёсць галоўнае — чалавечая годнасць, прыстойнасць, сумленне, веды, імкненне да высокага прафесіяналізму. Прыкарытнікам-невукам дыктатарскай гадоўлі, якія вядуць вайну з народам, гэтага ніколі не зразумець.

Дарма стараецеся! Побач з моладдзю ў адзін шэраг сталі людзі ўсіх узростаў: працаздольныя грамадзяне, пенсіянеры, інваліды. Яны ўпэўнены, што агрэсіўны сілавы і прапагандысцкі ўтыль будзе здадзены на «металалом і макулатуру».

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».