29 марта 2024, пятница, 18:03
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Дзьмітры Фурманаў: Прыйдуць добрыя часы

1
Дзьмітры Фурманаў: Прыйдуць добрыя часы
Дзьмітры Фурманаў

Першае інтэрвію на волі паплечніка Сяргея Ціханоўскага.

Дзьмітры Фурманаў, які першым з асуджаных па «справе Ціханоўскага» выйшаў на волю, даў першае інтэрвію на свабодзе. Ён расказаў «Радыё Свабода» пра галюцынацыі ад холаду, самы радасны падарунак на Раство і аднаўленьне барады.

«Стаяла задача мяне ізаляваць ад іншых асуджаных»

— Дзьмітры, як вы цяпер сябе адчуваеце?

— Я цяпер крыху ў стрэсавым стане, не разумею, што адбываецца. Мяне меліся вызваліць на дзень пазьней, 22 кастрычніка. Але чамусьці за паўгадзіны да вызваленьня да мяне прыйшлі і сказалі: «Калі ты хочаш сёньня выйсьці, мы цябе сёньня выпусьцім». Я не разумеў, калі я цяпер выйду, ці будзе нехта пра гэта ў курсе. Але мяне сустрэлі бацькі і сябры.

Апошнія паўтара месяца я быў ня ў курсе, што адбывалася. Я не атрымліваў лістоў, не было газэт. Я знаходзіўся ў штрафным ізалятары. Навіны мяне, канечне, засмуцілі, бо яшчэ горшаю стала сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, людзей саджаюць, павялічваецца колькасьць палітвязьняў. Таму настрой ня надта добры, але, канечне, лепш, чым заставацца ў турме. Да таго ж я сустрэўся з блізкімі. Гэта вялікі зарад пазытыву, энэргіі. Спадзяюся, што мяне гэта ўзбадзёрыць.

— Што вы далей плянуеце рабіць?

— Паўтара месяца ў штрафным ізалятары (ШЫЗА) было дастаткова, каб абдумаць свае далейшыя пляны. Агулам хацелася хутчэй убачыцца з роднымі. Што рабіць далей, яшчэ ня вызначыўся. Я больш даведаюся, што адбываецца вакол, і буду ад гэтага адштурхоўвацца.

— Чаму вы так доўга сядзелі ў ШЫЗА калёніі?

— Мяне накіроўвалі ў ШЫЗА, як я думаю, з надуманых прычын. Калі я прыбыў у калёнію, стала відавочна, што стаіць задача як мага хутчэй мяне ізаляваць ад іншых асуджаных. Чаму — я пакуль не зразумеў. Яны вельмі хутка аформілі дакумэнты на ШЫЗА, і адтуль мяне не выпускалі да канца тэрміну. Ад іншых асуджаных, зь якімі хадзіў у душ, даведаўся, што калі мяне накіравалі ў ШЫЗА, то наўрад ці накіруюць у атрад за месяц да вызваленьня, бо гэта папяровая валакіта, гэта нязручна для калёніі.

«Часам у галаве пачыналіся галюцынацыі ад холаду»

— Як паўплывала зьняволеньне на вашае здароўе?

— ШЫЗА — вельмі складанае месца для здароўя. Няма спальных рэчаў, даводзіцца спаць на драўлянай нары. Было вельмі халодна, нават калі ўжо ўключылі ацяпленьне. Часам у галаве пачыналіся галюцынацыі ад холаду. Пасярод ночы даводзілася тройчы ўставаць і рабіць зарадку, каб сагрэцца. Адна з нырак пачала балець. Спадзяюся, яна адновіцца.

Па харчаваньні нельга сказаць, што яно там лепшае сярод усіх калёній, як яны самі кажуць. Я быў на «Валадарцы», у турмах Жодзіна і Горадні. На «Віцьбе» нічога асаблівага па ежы няма, звычайная баланда. Заўжды прысутнічаў голад, хацелася больш есьці.

— Што самае цяжкае было падчас зьняволеньня?

— ШЫЗА для мяне быў самым горшым варыянтам. З самага пачатку было лягчэй, калі не лічыць майго выкраданьня, а з кожным днём было цяжэй і цяжэй. ШЫЗА было самым складаным. У першай палове тэрміну ў мяне не было прафуліку, які «павесілі» на мяне ў турме: нібыта я схільны да нападаў на супрацоўнікаў турмы, захопу закладнікаў, а цяпер яшчэ «павесілі» экстрэмісцкую і іншую дэструктыўную дзейнасьць. Я даведаўся, што ўсім палітычным гэта вешаюць.

Пасьля пастаноўкі на ўлік у горадзенскай турме мяне пачалі накіроўваць у карцар, часам з надуманых прычын, часам была і мая віна празь непаразуменьні з начальствам.

— Якія моманты былі самыя радасныя?

— Калі я быў у турме Горадні, я думаў, што сустрэну Новы год адзін. Але адміністрацыя палічыла, што гэта будзе надта жорстка для мяне, таму 31 сьнежня мяне падсялілі да іншых асуджаных. Было цікава сустрэць Новы год зь іншымі людзьмі, пагаварыць, расказаць пра жыцьцё.

Калі гаварыць пра людзей, якія нас падтрымлівалі, гэта вялікая падтрымка і дапамога. Дзякуй ім вялікі за гэта. Калі б не лісты і перадачы, я ня ведаю, як бы ўсім палітычным асуджаным складана прыйшлося. Я вельмі добра памятаю момант, калі мне прыйшла перадача ад маёй дзяўчыны, якая знаходзілася за мяжой. Там былі навагоднія пернікі, яны былі вельмі смачныя. Я мяркую, што гэта найлепшы падарунак для мяне. Перадачы, пасылкі ад людзей, падтрымка дарагога вартыя.

— Дзе вы шукалі надзею ў самыя цёмныя моманты падчас зьняволеньня?

— Самы складаны этап быў у ШЫЗА. Ты не атрымліваеш ні лістоў, ні перадач. Тады вельмі цяжка. Акрамя сваіх думак, у чалавека нічога няма. Чалавеку даводзіцца ўзгадваць сваё жыцьцё, будаваць пляны на будучыню. Мяне гэта падтрымлівала. Я плянаваў, што буду рабіць далей. Узгадваў добрыя моманты з жыцьця. Мяне гэта ратавала ў гэтыя хвіліны.

— Цяпер многія беларусы ў прыгнечаным стане. Ці хацелі б вы ім нешта сказаць?

— Тым, хто зараз у дэпрэсіі і думае, што ў нас нічога не атрымаецца, я хачу сказаць, што гэта ўсё часова. Любы кепскі час заканчваецца. Прыйдуць добрыя часы. Нават у самай кепскай сытуацыі можна знайсьці добрае. Калі ты не ў турме, гэтаму ўжо можна радавацца. Хоць мы ўжо доўга цярпім, аказваецца, трэба яшчэ пацярпець нейкі час.

— Вас памятаюць з густой рудой барадой. Ці вернецца яна?

— У ШЫЗА трэба галіцца раз на тыдзень. Бліжэйшае галеньне ў мяне мелася быць у суботу. Я на яго ня трапіў. У будучыні я аднаўлю бараду, не хвалюйцеся.

— Як вас зьмяніла турма?

— Я думаю, ня толькі мяне зьмяніла турма, яна кожнага чалавека можа памяняць. Ня тое што ён стане горшы ці лепшы, ці азлобіцца на людзей. Турма дае час асэнсаваць сябе і свае дзеяньні і думкі. У цябе дастаткова часу, каб зразумець, што ты робіш. Людзей вакол ты разумееш з новага боку. Турма — гэта школа жыцьця, не такая, як войска, а больш жорсткая. Тут чалавек успрымае сам сябе па-новаму, даведваецца пра сябе новыя рэчы, пра людзей таксама. Баяцца турмы ня варта. Калі ты ўжо туды трапіў, у цябе ёсьць добры час для пераасэнсаваньня і разуменьня сябе і людзей агулам.

Дзьмітры Фурманаў — гарадзенец, сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.

Яго затрымалі 29 траўня 2020 году на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні. Фурманаў зьбіраў подпісы як сябра ініцыятыўнай групы. Калі на Савецкай плошчы пачалася тузаніна і міліцыянт апынуўся на зямлі, затрымалі Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў. У гэты момант невядомыя схапілі Фурманава з-за стала разам з крэслам на вачах у бацькоў, выцялі па твары і завезьлі ў міліцыю.

Фурманаў атрымаў 2 гады калёніі агульнага рэжыму за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Ён некалькі разоў галадаваў у няволі на знак пратэсту. Мінулым летам разам зь ім пад сьценамі «Валадаркі» галадалі ягоныя маці і дзяўчына.

Тэрмін Дзьмітрыя скараціўся пасьля пераліку паводле новага заканадаўства, дзе 1 дзень СІЗА залічваецца за паўтара дня калёніі агульнага рэжыму. А ў СІЗА ён правёў 1 год і 3 месяцы. 21 кастрычніка ён выйшаў на волю з калёніі «Віцьба».

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях