27 января 2022, четверг, 1:45
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Адвэнт - час духоўнага адраджэння

1
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Адвэнт - час духоўнага адраджэння

Пачынаецца час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння.

Слова на Адвэнт 2021 арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча апублікаваў catholic.by:

«Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі Я выканаю абяцанне,

якое абвясціў пра дом Ізраэля і пра дом Юды»

(Ер 33, 14).

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры!

1. Гэтыя словы прарока Ераміі прапануе Касцёл нашай увазе ў першы дзень новага Літургічнага года, які распачынаецца Адвэнтам — часам падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння і чакання на другое прыйсце Хрыста.

Першы гістарычны Адвэнт завяршыўся 20 стагоддзяў таму. Цяпер мы перажываем другі, падчас якога чакаем новага прыйсця Езуса ў славе, калі Ён будзе судзіць жывых і памерлых.

Адметнасцю гэтага другога Адвэнту з’яўляецца таксама падрыхтоўка да сустрэчы з Езусам у хвіліну завяршэння нашага зямнога жыцця. Таму Адвэнт мы павінны перажываць не толькі ў духу радаснага чакання і падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння, але таксама і да сустрэчы з Езусам Суддзёй, памятаючы аб тым, што яна можа наступіць нечакана.

2. Таму павучальным з’яўляецца сённяшняе Евангелле. Яно прадстаўляе сабой паралель паміж падзеямі Божага Нараджэння ў Бэтлееме дзве тысячы гадоў таму і сучаснасцю.

Калі Езус нарадзіўся, то людзі не былі гатовыя прыняць Яго. Святы Ян Хрысціцель рыхтаваў іх да гэтай падзеі, таму іх паводзінам не было апраўдання. Калі прыйдзе час другой сустрэчы з Ім — ужо як з Суддзёй, — і людзі не будуць гатовыя, то ў іх таксама не будзе ніякага апраўдання, бо Касцёл клапоціцца аб іх падрыхтоўцы.

Менавіта таму Хрыстус заклікае нас да «чування і малітвы» (пар. Лк 21, 36).

Існуе пэўны ўзровень пільнасці, які павінен быць часткай нашага хрысціянскага жыцця. Езус з Назарэта і сёння прыходзіць да нас. Але ці мы бачым Яго? А гэта момант ласкі, якую атрымліваем цяпер і там, дзе знаходзімся. Калі ў нашым жыцці не прысутнічае «цяпер», то гэта азначае, што ў той момант, калі Езус прамаўляе да нас, мы Яго не чуем, а калі знаходзіцца сярод нас або праходзіць побач, то не бачым.

Таму напрыканцы кожнага дня мы павіннны зрабіць рахунак сумлення і азірнуцца назад, каб убачыць выкарыстаныя і нявыкарыстаныя магчымасці сустрэць Езуса і такім чынам дбаць пра нашу чуйнасць і рыхтавацца да сустрэчы з Ім у вызначаны Богам дзень.

А такі дзень прыйдзе да нас усіх, хочам мы гэтага ці не. Гэтая праўда не павінна быць выключана з нашага штодзённага жыцця, бо мы народ-пілігрым у дом нябеснага Айца.

«Дзе ваш скарб, там будзе і сэрца ваша»

(Мц 6, 21), — кажа Езус. Што з’яўляецца нашым скарбам? Матэрыяльныя каштоўнасці, імкненне да ўзбагачэння, улады і задавальненняў любым коштам? Алкаголь, наротыкі, азартныя гульні і т.п.?

А ці з’яўляецца нашым скарбам малітва, якая сведчыць аб нашым знаходжанні ў гатоўнасці і чуванні?

Езус кажа, што Яго другое прыйсце будзе абвешчана страшнымі знакамі на небе і на зямлі (пар. Лк 21, 25). Хоць гэтыя словы выклікаюць страх у нашых сэрцах, тым не менш, яны павінны стаць нагодай для вялікай радасці, бо настане канец валодання злога духа і будзе ўсталявана вечнае Божае Валадарства. Гэта будзе пачатак вечнай славы і радасці для ўсіх Божых дзяцей.

3. Сёння мы распачынаем чатырохтыднёвую падрыхтоўку да Божага Нараджэння. У ноч нараджэння Езуса сэрцы і дамы жыхароў Бэтлеема зачыніліся перад Ім. Яму не было месца ў заездзе (пар. Лк 2, 6). Божы Провід сёння нам дае новую магчымасць паказаць нашыя адносіны да Хрыста і паглядзець, ці дзверы нашых сэрцаў адкрытыя для Яго.

Да святаў Божага Нараджэння мы рыхтуемся рознымі спосабамі. Трацім шмат часу і матэрыяльных сродкаў. У гэтым няма нічога кепскага, пакуль мы памятаем, што прычынай падрыхтоўкі ёсць Нараджэнне Хрыста, як кажуць словы каляднага спеву: Jesus is the reason for the Season, якія можна перакласці, што Езус з’яўляецца нагодай у гэтую пару, а не славуты «шопінг» — манія купляць, часам без меры і патрэбы.

Збаўленне распачынаецца ўваходам на шлях новага духоўнага жыцця. «Так», ці згода з Божай воляй — гэта тое, чаго чакае ад нас Бог.

Ён чакае сённяшняга «так». Не заўтра і не паслязаўтра, і не калісьці ў будучыні, але цяпер і тут. Неабходна таксама памятаць і аб тым, што заўтра распачынаецца сёння. Божая ласка заўсёды даступная нам, калі мы кажам «так» Богу і згаджаемся з Яго воляй.

Калі мы ідзем па жыцці з Езусам, і Ён вядзе нас у дом нябеснага Айца, то мы ўсё больш усведамляем Яго прысутнасць сярод нас і ў нас. Тады кожны дзень нашага жыцця становіцца днём Божага Нараджэння, а нашыя сэрцы — Бэтлеемам.

4. Сённяшняе Евангелле — гэта трывожны званочак для сучаснага духоўна дрэмлючага чалавека.

Нездарма папа Францішак падчас Сусветнага дня моладзі ў Кракаве ў 2016 годзе заклікаў юнакоў і дзяўчат не быць маладымі пенсіянерамі, але абудзіцца, устаць з канапы і абуцца ў спартовы абутак. Канапа — сімвал бяздейнасці, драмоты і нават сну. Спартовы абутак — атрыбут актыўнасці.

Каб радыёлакатар пачаў працаваць і надаваць інфармацыю пра сітуацыю ў навакольнай прасторы, неабходна раскрыць і актывізаваць яго антэны.

Сённяшняе Евангелле заклікае нас раскрыць і актывізаваць «антэны» нашых душаў, каб быць уважлівымі і ўсведамляць, што адбываецца вакол нас і ў нашых душах.

У часы майго дзяцінства пасля Другой сусветнай вайны ў нашай вёсцы Адэльск у некаторых людзей з’явіліся радыёпрыёмнікі. Паколькі не было электрычнасці, то яны працавалі ад батарэйкі, якую ў тыя часы нялёгка было набыць, бо трэба было ехаць у горад. Таму для працы радыё трэба было мець запас батарэек.

Яшчэ адной асаблівасцю тых радыё было тое, што радыёстацыя час ад часу «знікала». Трэба было весці настройку і шукаць адпаведную радыёхвалю. Зрэшты і ў наш час таксама нярэдка трэба настройваць радыё, каб прымаць адпаведную перадачу.

Падобным чынам мы павінны час ад часу настройвацца на «хвалю» Божага Закона, калі так можна выказацца. Адбывецца гэта праз чытанне Святога Пісання, малітву, сакрамэнт пакаяння, удзел у Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах, справах міласэрнасці і т.п.

Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на традыцыйнае адвэнтавае Марыйнае набажэнства — Рараты.

Заахвочваю вернікаў, у тым ліку дзяцей і моладзь, прымаць удзел ў Раратніх Імшах, каб разам з Марыяй перажываць таямніцу радаснага чакання і падрыхтоўкі нашых сэрцаў да нараджэння ў іх Збаўцы ягонай ласкай.

5. Адвэнт — гэта час духоўнага аднаўлення, для чаго патрэбны нашыя асабістыя высілкі. Мы павінны скарыстацца з гэтай магчымасці, каб нанава падрыхтаваць сваё сэрца да прыйсця Збаўцы.

Уцелаўленне Бога — гэта не аднаразовая падзея, якая адбылася дзве тысячы гадоў таму. Яна мае працяглы характар і здзяйсняецца ў сэрцы кожнага хрысціяніна ў выніку прыняцця прапановы Бога, падобна як яе прыняла Марыя падчас Звеставання 20 стагоддзяў таму.

Божая прапанова пастаянная, штодзённая, хвіліна за хвілінай. Нашае прыняцце павінна быць такім жа.

Таму наша будучыня распачынаецца цяпер і залежыць ад нас. Яна ўключае ў сябе духоўнае абуджэнне, «настройку на хвалю» Евангелля і нашае «так» Богу.

6. Адна гісторыя распавядае, як па парку ішла маладая дзяўчына. У пэўны момант яна ўсвядоміла, што за ёй нехта ідзе. Павярнулася і ўбачыла маладога чалавека. Яна спытала яго, чаму ён ідзе за ёй? Той адказаў, што яна яму вельмі падабаецца і ён хацеў прызнацца ёй у каханні.

Захоўваючы самавалоданне, дзяўчына сказала: «Мая малодшая сястра прыгажэйшая за мяне і ідзе за табой». Малады чалавек хутка азірнуўя і выявіў, што там нікога няма. «Вы жартуеце, бо ніхто не ідзе за мной», сказаў ён. На што дзяўчына адказала вельмі спакойна: «Усё ж такі ты азірнуўся! Калі б ты кахаў мяне так, як кажаш, то не пажадаў бы азірнуцца нават на маю сястру!»

А як ёсць з нашай любоўю да Хрыста? Ці мы сапраўды любім Яго самога і Яго Евангелле больш за ўсё?

Ці, можа, з’яўляемся намінальнымі хрысціянамі, якія ходзяць у касцёл толькі на Божае Нараджэнне і Пасху або на іншае вялікае свята ці пахаванне, а ўвесь час жывуць так, як быццам Бога няма, захапляюцца іншымі справамі і забываюцца пра духоўныя?

Адвэнт павінен стаць часам адказу на гэтае фундаментальнае пытанне, бо ад яго будзе залежаць нашае зямное жыццё і будучыня. Нездарма святы Аўгустын кажа, што калі Бог на першым месцы, то ўсё іншае будзе на сваім.

7. Дарагія браты і сёстры!

Віншую вас з распачатым новым літургічным годам і Адвэнтам. Няхай ён спрыяе духоўнаму адраджэнню як умове для асабістага і нацыянальнага адраджэння, якое будзе весці да такога патрэбнага супакою і адзінства у нашых сэрцах і нашай краіне.

Давяраю вас Марыі, Маці адвэнтавага чування, а свае віншаванні і пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Старшыня Камісіі агульнага душпастырства

пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 21 лістапада 2021 г.,

Урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».