25 апреля 2024, четверг, 9:15
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Легендарны гарняк Юры Корзун: Веру, што ўлетку вярнуся на працу

1
Легендарны гарняк Юры Корзун: Веру, што ўлетку вярнуся на працу
фото: tut.by

Салігорскі страйковец выйшаў на волю пасля арышту і галадоўкі.

Пасьля 15 сутак, зь якіх палову галадаваў, выйшаў з ІЧУ Любаньскага раёну Юры Корзун, адзін з 130 шахтараў «Беларуськалія», якія працягваюць страйкаваць супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, передае «Радыё Свабода».

Імя Юрыя Корзуна прагрымела ў пачатку верасьня, калі машыніст горназдабываючага камбайну пасьля зьмены прыкаваў сябе да абсталяваньня, адмаўляючыся падымацца з глыбіні 305 мэтраў. У той жа дзень на загад адміністрацыі супрацоўнікі «Беларуськалія» спынілі акцыю Юрыя Корзуна і прымусілі яго выйсьці на паверхню, але шахтар адраху далучыўся да страйку.

З таго часу Юрыя Корзуна тройчы саджалі на суткі, агулам ён адбыў за кратамі больш за 60 дзён, але на галадоўку адважыўся першы раз.

Юры Корзун падрабязна расказвае пра апошняе затрыманьне. Шахтар кажа, што гэта паводзіны праваахоўнікаў і суду падштурхнулі да скрайнага пратэсту.

«Выйшаў з дому прагрэць рухавік аўтамабіля, як пад’яжжаюць супрацоўнікі і загадваюць ехаць зь імі ў міліцыю „на размову“. Адказваю, што на размову выклікаюць паводле позвы і гатовы гэтак прыехаць сам. Адзін кідае: „Хопіць цырку“, а далей — як у ліхія 90-ыя: гвалтам выцягваюць з машыны, кідаюць тварам ў сьнег, заламваюць рукі і вязуць ў райадзел», — расказаў Юры Корзун пра падзеі 11 лютага.

Падствай для затрыманьня шахтара стала відэа, якое зьявілася 9 лютага ў тэлеграм-канале стайкоўцаў «Беларуськалія». Тады больш за 20 зь іх, у тым ліку Юры Корзун, прабежкай у лесе вырашылі падтрымаць рэпрэсаваных спартоўцаў.

«Мы проста прабеглі па марштуце за горадам — то бок было цалкам звычайнае аматарскае спартовае мерапрыемства. Так, было сказана, што мы падтрымлівам рэпрэсаваных спартоўцаў, але не было лёзунгаў і сьцягоў. Адвакат у судзе запытваў, у чым тут парушэньне, але адказу гэтак і не атрымаў. А мне адказам сталі 15 сутак», — мяркуе Юры Корзун.

На ягоную думку ўлада намагаецца спыніць любыя праявы салідарнасьці ў грамадзве, бо баіцца хвалі новых пратэстаў вясной 2021 года.

«Глядзеў на свае рукі і не пазнаваў»

У судзе Юры Корзун абвясьціў бестэрміновую галадоўку пратэсту і трымаў яе ў ізалятары, але сілаў хапіла толькі на тыдзень. Тлумачыць, што трымаць далей аказалася немагчыма праз умовы, у якіх апынуўся.

«Камэра 3 на 3 мэтры, усе тры сукамэрнікі бясконца кураць. То бок дыхаць няма чым. На прагулку за ўсе дні арышту ніводнага разу не выводзілі. Мэдычнага кантроля за галадоўкай ніякага, дзяжурны толькі паабяцаў, што адвязуць у шпіталь на кропельніцу, калі нешта здарыцца. Пры гэтым ў камэры ня больш за 10-12 градусаў цяпла. Уражаньне, што батарэі ў камэрах адмыслова адключаюць, каб было цяплей ахоўнікам, бо на калідорах цёпла. Нас штодня выводзілі на праверку ў калідор, гэта адчувалася. Матрацы не забіралі, але спаць удзень не дазвалялі. На ноч апранаеш усё адзеньне, якое ў цябе ёсьць, і ўсё роўна калатун ад холаду. Глядзеў на свае рукі і не пазнаваў — пальцы сінія», — згадвае Юрый Корзун і заўважае, што калі чалавек галадае, нізкая тэмпэратура становіцца небяспекай.

Гэтак, адчуўшы дрэнныя сымптомы, праз 7 дзён ён абвясьціў, што будзе выходзіць з галадоўкі і паступова спажываць ежу з перадачаў, якія атрымаў ад жонкі. І толькі ў некалькі апошніх дзён свайго тэрміну Юрый Корзун зазнаў, што такое ежа, якой харчуюць вязьняў Любанскага ІЧУ.

«Па якасьці можа лепш, чым ў Баранавіцкім СІЗА, але аднастайная. Аднак дзіўна, што аплату за харчаваньне мне выставілі за ўсе 15 дзён, зусім не ўлічылі галадоўку. Гэта, канешне, нахабства», — абураецца Юрый Корзун.

«Думаюць толькі пра тое, што прадаць, каб выпіць»

Мінулым разам 15 сутак Юрый Корзун адбываў у лістападзе ў Баранавіцкім СІЗА. Патрапіў туды пасьля экскурсіі страйкоўцаў у музэй Тадэвуша Касьцюшкі ў Косаве. Сядзелі з калегамі разам, маглі бавіць час ў цікавых размовах, у тым ліку на палітычныя тэмы. Цяпер, у Любанскім ізалятары, усё было інакш.

«Сядзець давялося зь людзьмі іншымі. Хто п’е, хто бадзяжыць, нідзе не працуе, але і калі працуе, дык галеча. Па вялікім рахунку іх у жыцьці мала што ўвогуле цікавіць, ня тое што палітыка. Думаюць толькі пра тое, што б прадаць, каб выпіць. Але на 100 працэнтаў лёс такіх людзей — а яны ж таксама нашы грамадзяне — віна найперш дзяржаўнай сыстэмы», — мяркуе Юрый Корзун.

Паводле расповедаў былых сукамэрнікаў Юрыя (а ўсяго праз ягоную камеру за 15 сутак прайшло шасьцёра жыхароў Любанскага раёну), у мясцовых гаспадарках максымальны заробак шэраговых працаўнікоў — 300-350 рублёў. Столькі зарабляюць даяркі, а ў мужчын, якіх бяруць на раздачу кармоў, дык і меней. Прычым, паводле досьведу сукамэрнікаў, нават такія малыя грошы людзі атрымліваюць некалькімі часткамі, бо гаспадаркі " ў даўгах, як у шаўках«.

«Пэрспэктыў у вясковага жыхара няма, таму моладзь, якая застаецца ў вёсках, пераймае лад жыцьця бацькоў і таксама сьпіваецца. Вось я з такімі і сядзеў. Ім, дарэчы, суды даюць не 15 сутак, як палітычным, а ўсяго па 5, можа крыху больш. Усё роўна ім аплочваць харчаваньне няма чым», — расказаў Юры Корзун пра былых сукамэрнікаў.

«Веру, што ўлетку вярнуся на працу»

Юры запэўнівае, што 15 дзён адарванасьці ад калектыву страйкоўцаў нязначна паўплывалі на ягоны настрой. Шахтар кажа, што адчувае сябе бадзёра, здавацца ня мае намеру. Усьведамляе, што страйкоўцы цяпер перажываюць мацнейшы ціск, што іх хочуць скампрамэтаваць, падзяліць, прымусіць спыніць страйк, але лічыць, што перамога будзе, «прычым, не далёкая».

«Мяне рэальна выціскаюць з краіны. Каб зьехаў, а яны пачнуць казаць, што на тое і разьлічваў, калі пачынаў страйк — каб эміграваць. У нас ужо ёсьць прыклады, што так кажуць пра хлопцаў, якія зьехалі за мяжу. Але што да мяне, зьяжджаць дакладна не зьбіраюся. Сапраўды сумую па сваёй працы, мару на яе вярнуцца і думаю, што ўлетку гэта стане магчыма», — кажа Юры Корзун.

Паводле страйкоўца, вярнуць краіну ў прававое поле і правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары беларусам дапамогуць салідарнасьць рабочых іншых краін ды ціск на беларускія ўлады Эўразьвязу, ЗША, а таксама Расеі.

«Так, і Пуцін таксама. Ёсьць яшчэ ў мяне і на яго надзея», — прызнаецца Юрый Корзун.

За ўдзел у забегу салідарнасьці з рэпрэсаванымі спартоўцамі акрамя Юрыя Корзуна пакаралі 10 суткамі і шахтара-страйкоўца Кірыла Швабоўскага. Ён таксама адбываў пакараньне ў Любанскім ІЧУ. 27 лютага стала вядома, што Кірыл Швабоўскі па адбыцьці тэрміну ня выйшаў на волю, а быў асуджаны яшчэ на 15 сутак.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях