29 марта 2024, пятница, 11:22
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Ксёндз Вячаслаў Барок: Няхай Госпад, які перамог свет, даруе і нам сваю перамогу і вызваленне

2
Ксёндз Вячаслаў Барок: Няхай Госпад, які перамог свет, даруе і нам сваю перамогу і вызваленне
Вячаслаў Барок

Фашыстаў гнаць трэба.

Наколькі салодкім можа быць слова перамога, так настолькі горкім заўсёды ёсць слова вайна, піша ксёндз Вячаслаў Барок для krynica.info.

Хто б не хацеў удыхнуць водару салодкай перамогі, паддацца гэткай эйфарыі? Хто б не хацеў сам перажыць эмоцыі пераможцы!?

Аднак, далёка не кожная перамога, прыносіць радасць і шчасце.

У Бібліі чытаем: «І абярнулася перамога таго дня ў плач усяму народу”. Мова пра перамогу арміі цара Давіда над войскамі Ізраіля. Чаму ж з нагоды перамогі ўзнік смутак? Адказ гучыць далей: “бо народ пачуў у той дзень і казаў, што цар смуткуе па сыне сваім.” (2 Цар 19,2 ) Давід плакаў па трагічна загінуўшым пасля бітвы сыне Авессаломе.

Тая перамога, якая пасля вайны вяртае упрагнёны супакой, гарантавана дае чалавеку шчасце, радасць і ўрэшце свабоду, паходзіць ад Госпада. У гэтым перакананы аўтар кнігі Прыпавесцяў: «Падрыхтоўваюць каня на дзень бітвы, але перамога – ад Госпада» (Прып 21,31).

Зрэшты ў Святым Пісанні вельмі часта ўжываецца спалучэнне слоў «Бог дараваў перамогу». Тым самым Слова Божае падкрэслівае: перамога пра якую я казаў напачатку, не ёсць выключна вынікам змагання чалавека, але Божым дарам.

Калі ж і аказаць аб тым, хто сам заваеваў перамогу, то гэта Божы Сын. «Я перамог свет” (Ян 16,33) – цытуе Яго словы Евангеліст Ян. Але, заўважце, разам з тым, Хрыстос ніколі не казаў, што свет з’яўляецца Яго ворагам, які трэба знішчыць. Хрыстос перамог свет, але Ён не вёў і не вядзе вайну са светам. Хрыстос, гаворачы пра перамогу над светам, мае на ўвазе даравнне свету вызвалення з-пад моцы граху.

І вось тут разумеем, што пераможаны свет, хоць і не выйграў у барацьбе з Хрыстом, атрымаў значна больш, чым мог атрымаць, калі б сам перамог Хрыста.

Перамога Хрыста абапіраецца на ўсталяванні і рэалізацыі Ім у свеце Закону любві. Ісус заахвочвае кожнага заставацца ў Яго любві (пар Ян 15,10), а сам праявіў найбольшую любоў, бо аддаў жыццё сваё за сяброў сваіх (пар. Ян 15,13).

Перамога над фашызмам, якая святкуецца ў Еўропе 8 мая, а ў Беларусі 9 мая, і ў нас робіцца гэта ў атмасферы ўтойвання гістарычнаых фактаў і без іх ведання, бо яны і надалей схаваныя ў замкнёных ваенных архівах, а доступу для азнаямленя з праўдай трагедыі вайны няма, пры гэтым ужываецца лёгкадумная рыторыка “можам паўтарыць”, “а хто забыў- напомнім” і адбываюцца пафасныя парады з народнымі гуляннямі; стварае культ той самай вайны. І гэта не можа не палохаць.

Вайна не можа быць святой.

Папа Францішак падкрэслівае: “Толькі мір святы. Толькі мір, а не вайна”. “Няма добрай і дрэннай вайны”. А ў Энцыкліцы “Усе браты” навучае: “Вайна – гэта правал палітыкі і чалавецтва, ганебная капітуляцыя, горкая параза перад сіламі зла” (FratelliTuti 261).

Не стамляюся паўтараць словы чалавека, які за жыццця адыгрываў ролю сумлення беларускай нацыі – Васіля Быкава, франтавіка, які на свае вочы бачыў, як выглядала вайна, і які падстаўляў сваё жыццё ў барацьбе з фашызмам. Ён казаў: “Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды. Але без свабоды чаго вартая кожная бліскучая перамога кожнага грамадства?”

Безумоўна, у ХХ ст фашыстаў трэба было гнаць. Іх і цяпер трэба гнаць. Тут сумніваў няма.

Кепска тое, што перамога над фашызмам не прынесла Беларусі вызваленне ад іншага зла – камунізма. Перамога над фашызмам адбылася, а зло пазасталося сярод пераможцаў.

Такое ўражанне, што і вайна была не за вызваленне, як і не была вайна барацьбой паміж дабром і злом, але змаганнем за права мець у свеце манаполію на гвалт.

Біблія па гэтаму поваду мае такое тлумачэнне: «Народ, пазбаўлены мудрага кіраўніцтва, гіне…» (Прып 11,14), «бо выігрываюць бітву пры мудрым кіраўніцтве, калі шукаюць параду ў многіх, атрымоўваюць перамогу” (Прып 24,6).

Думаю, у гадавіну пасля заканчэння вайны і ў дзень перамогі над фашызмам, варта ўзгадаць перад Богам усе ахвяры, ды прасіць Бога, каб даў перамогу ў той вайне, якая адбываецца цяпер і каб мы маглі перамагчы тое зло, якое ёсць сярод нас ў пакаленні нашчадкаў пераможцаў.

І няхай Госпад, які перамог свет, даруе і нам сваю перамогу і вызваленне.

… і, каб ніколі зноў не было вайны.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях