28 июля 2021, среда, 16:13
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

«Максім не будзе прасіць літасці ў гэтага рэжыму»

8
«Максім не будзе прасіць літасці ў гэтага рэжыму»
фота: novychas.by

Нягледзячы на закрыты суд родныя палітвязняў прыехалі падтрымаць іх у Магілёў.

Раніцай 12 траўня ў Магілёве пачаўся працэс над сямю палітвязнямі: Паўлам Севярынцам, Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Максімам Вінярскім, Андрэем Войнічам, Ірынай Шчаснай, Дзмітрыем Казловым. Судовы працэс зрабілі закрытым, сваякі не змаглі трапіць у залу пасяджэнняў. Яшчэ да пачатку ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць паітвязняў, разагнала міліцыя і АМАП, былі затрыманы прынамсі тры чалавекі. «Новы час» паспеў пагутарыць з некаторымі яшчэ да таго, як пачаўся разгон.

Падтрымаць зняволеных да Магілёўскага абласнога суда раніцай 12 траўня прыехала каля двух дзясяткаў чалавек з Мінска, Віцебска, Бабруйска, Магілёва. Але мала таго, што іх не пусцілі ў будынак суда, міліцыянты вышчымілі іх з прысудовай тэрыторыі. Так, маёр міліцыі Карнеенка, выйшаўшы з суда да прысутных, паведаміў: «На дадзены момант вядуцца ўкіды інфармацыі ў сетцы інтэрнэт з заклікамі прыйсці да будынка Магілёўскага абласнога суда і зладзіць там несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Калі ласка, пакіньце дадзенае месца».

Але, адагнаўшы людзей ад суда, міліцыянты і амапаўцы зладзілі аблаву на іх яшчэ і ў бліжэйшых дварах. Карэспандэнты «Новага Часу» ўбачылі, як затрымлівалі траіх: журналістаў Аляксандра Буракова, Уладзіміра Лапцэвіча, а таксама магілёўскага абласнога каардынатара БХД Алега Аксёнава.

«Максім не будзе прасіць літасці ў гэтага рэжыму»

Сястра актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага Алена Церашкова прыехала да Магілёўскага абласнога суда не з пустымі рукамі — яна прывезла перадачу для брата ў магілёўскую турму №4. Жанчына спадзявалася, што судовыя работнікі праявяць хоць кроплю чалавечнасці і дазволяць хаць краем вока ўбачыць зняволеных, якіх родныя не бачылі ўжо шмат месяцаў. У прыватнасці, Максім знаходзіцца ў зняволенні са студзеня, ён падазраваны па ч. 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

— Натуральна, нас абурае і расстройвае, што працэс хочуць закрыць, — гаворыць Алена Церашкова, — Макс спадзяваўся, што суд стане пляцоўкай, дзе можна будзе выказаць сваё стаўленне (да таго, што адбываецца. — НЧ) публічна. Але ён сваю пазіцыю ў сувязі з гэтым не памяняе: абвінавачанне бязглуздае. Мы жывем у рамках Канстытуцыі, і дзіка ўсведамляць, што нашыя абсалютна натуральныя для грамадзян сваёй краіны паводзіны спрабуюць інтэрпрэтаваць як нейкі экстрэмізм, што не адпаявдае рэчаіснасці, і мы будзем стаяць на гэтай пазіцыі — і тыя, хто тут, і тыя, хто там (у зале суда. — НЧ).

Матэрыялы справы мне невядомыя і цяжка судзіць, чаму гэтых сем чалавек аб’ядналі ў адну справу, але я магу сказаць адно: гэта ўсё — годныя людзі Беларусі. Як на шмат якіх іншых працэсах, тут судзяць Беларусь свабодную, тут судзяць грамадзян, якім ужо больш за 20 гадоў неабыякавы лёс краіны. Таму я думаю, што духоўна яны сапраўды блізкія адно аднаму, а што прыпляло следства — спадзяюся, даведаемся.

Наконт таго, ці ёсць нейкія сакрэтныя звесткі ў тых тэлеграм-каналах, якія чытала ўся краіна, — гэта смешна нават абмяркоўваць. Я думаю, справа ў тым, што сумленне ў суда не зусім чыстае, таму яны не хочуць лішніх вачэй.

Мы былі маральна гатовыя (да затрымання Максіма. — НЧ), таму што агульны фон рэпрэсій у нашай краіне не дазваляў меркаваць, што гэта нас абміне. Мы робім тое, што можам, падтрымліваем. Мы ў думках з усімі рабятамі, і дзякуй тым, хто перадае перадачы не толькі сваім родным, але і дапамагае іншым. Як можам, так і праяўляем салідарнасць. Мы не будзем спадзявацца на вызваленне ў зале суда альбо на нейкія іншыя станоўчыя прысуды. Мы гатовыя да самых жорсткіх прысудаў, і мы будзем працягваць падтрымліваць гэтых людзей, бо гэта нашыя сябры, сваякі — лепшыя людзі Беларусі. Максім не будзе прасіць літасці ў гэтага рэжыму, ён цалкам усведамляе, што яго можа чакаць працяглы тэрмін. Але мы ўсе ведаем, што рана ці позна мы прачнемся ў іншай Беларусі, і гэта будзе нашмат раней, чым пройдзе гэты тэрмін.

Праз адваката Максім не жаліўся на здароўе. Адзінае, што яго непакоіць, гэта нага, якую яму пашкодзілі яшчэ ўвосень падчас правакацыі. Яго збілі ў парку невядомыя, некалькі чалавек накінуліся, і ён літаральна цудам ад іх уцёк. Потым зразумеў, што пашкоджана нага, некалькі месяцаў кульгаў. На Валадарцы яму аказвалі дапамогу, некалькі разоў калолі «Дыклафенак», яму стала лепей. Ён трымаецца — а можа, проста не хоча хваляваць сваіх родных.

Важна, каб мы не забываліся, што мы не адны, і што шмат людзей вакол нас таксама мае патрэбу ў нашай падтрымцы. Чым лепей мы падтрымліваем адно аднаго, тым лягчэйшы цяжар кожнага. Таму салідарнасць — гэта наша ўсё, гэта адзіны правільны шлях, які можа вывесці ў новую Беларусь. Не апускаць рукі і змагацца даюць сілы гістарычныя прыклады. Гісторыю нельга павярнуць назад: кожная дыктатура мае свой лагічны канец, кожны дыктатар рана ці позна «з’есць свае фінікі» і акажацца ў сітуацыі, калі яго ўлада не зможа нічога змяніць. І ў гэты момант мы павінны быць моцнымі. Нам спатрэбіцца яшчэ вельмі шмат сіл, каб аднаўляць краіну, рабіць стасункі ў ёй чалавечнымі, бо за 26 гадоў з нашай краіны зрабілі гета, дзе мы баімся падняць галаву, даносім адно на аднога — гэта недапушчальна. Нам трэба заставацца людзьмі, браць адказнасць на сябе.

«Тыя, хто ставіць нам перашкоды, павінны бачыць хвалю нашай падтрымкі»

Сябра каманды Паўла Севярынца Зміцер Казакевіч прыехаў на закрыты суд у Магілёў, каб хоць неяк падтрымаць палітыка і іншых палітвязняў.

— Я лічу іх закладнікамі рэжыму, гэта людзі, якія змагаліся «за нашу і вашу свабоду», яны паплаціліся сваёй воляй дзеля волі нашай краіны. Я лічу, што ўсе мы — нераўнадушныя беларусы — павінны любымі спосабамі падтрымліваць рабят: прыязджаць у суды, пісаць лісты, падтрымліваць іх блізкіх. Няхай нас сёння не пусцілі ў будынак суда, але тыя, хто ставіць нам перашкоды, не пускаюць у суды, крадуць лісты ў палітвязняў павінны бачыць хвалю нашай падтрымкі. Няхай яны ствараюць нам праблемы, але гэта ўсё не пройдзе проста так. Мы не павінны здавацца. Я і надалей буду падтрымліваць палітзняволеных і хацеў бы, каб усе рабілі тое ж самае. На жаль, я не чакаю нічога добрага ад гэтага судовага працэсу, я разумею, што рабяты трапілі ў палон і наўрад ці іх выпусцяць. Але я спадзяюся, што рознымі рычагамі, у тым ліку і знешнім ціскам, атрымаецца дамагчыся іх вызвалення. І я вельмі хачу спадзявацца, што, якія б тэрміны ім не далі, хутка яны будуць дома.

«Кожны выбірае сам — баяцца ці не»

«Мы — родныя», — гавораць магіляўчанкі Алена Чыгарова і Святлана, маючы на ўвазе не кроўнае сваяцтва са зняволенымі, а роднасць па духу. Жанчыны прыйшлі да суда з паштоўкамі і белымі жаночымі павязкамі на галаву з чырвоным беларускім арнаментам. Такія павязкі ўласнымі рукамі вяжа спадарыня Алена.

— Я вяжу з восені шалікі і павязкі. Мне падабаюцца нашыя этнічныя колеры — чырвоныя з белым. Мяне ўжо забіралі восенню за шалікі, але кожны выбірае сам — баяцца ці не. Або вы пагаджаецеся і жывеце ў фашысцкай дзяржаве, дзе вам дыктуюць, што апранаць, а што не, альбо не пагаджаецеся. Мы ведаем па гітлераўскай Германіі, да чаго гэта прывяло. Таму мы павінны адстойваць сваю годнасць і свабоду. Нават калі адзін паводзіць сябе свабодна — гэта ўжо добра.

Па жэрабю выпала, што гэтых людзей судзяць у нашым горадзе. Вядома, іх не прыедзе падтрымаць Мінск, Полацк, Гродна, Гомель, іншыя гарады. Але тут ёсць мы. Кагосьці з нашых будуць сузіць у іншым горадзе, і там іх прыйдуць падтрымаць мясцовыя. Усе мы — за адну ідэю: свабоду і дэмакратыю. Я хачу, каб быў дэмактратычны строй, свабодная эканоміка, а не тое, што цяпер: прадпрыемствы абяцалі запусціць — і запусцілі, толькі ў іншым сэнсе гэтага слова, — падзялілся спадарыня Алена.

«Маральна настройваюся, што пасядзець яму давядзецца»

Сям’я сустрашыні БХД Паўла Севярынца прыехала ў Магілёў амаль у поўным складзе: жонка палітыка Вольга, Маці Таццяна, сёстры Ганна і Дар’я. Родныя звярталіся да суддзі Ірыны Ланчавай, каб яна дала дазвол ім упершыню амаль за год зняволення пабачыць сына, мужа і брата.

— Суд зрабілі закрытым, бо там няма нічога, справа высмактаная з пальца. Я прасіла, каб за некалькі хвілін да суда нас пусцілі ў залу — мяне, нявестачку і маіх дачок, сясцёр Паўла, каб мы маглі яго проста пабачыць. Разумееце, для мяне гэта быў бы як подых жыцця, — распавяла Таццяна Севярынец. — Ад гэтага працэсу я чакаю несправядлівага выраку. Пры гэтай сістэме я не магу чакаць нічога добрага для Паўла. Яна даказала, што яна антычалавечая, фашысцкая, гатовая знішчыць любога чалавека, які думае інакш. Але я сваім сынам ганаруся, як і сваімі дочкамі.

— Мы спадзяваліся, што нас пусцяць хаця б на 10 хвілін перад пачаткам суда, як гэта рабілі на іншых працэсах. Але моцнай надзеі не было, ехалі хутчэй, каб яны ўбачылі, што родныя не пакінулі вязняў. Дома сядзець цяжэй, чым тут, — гаворыць Вольга Севярынец. — За год Францішак вельмі вырас, зрабіў вялікі крок у развіцці. Цяпер у нас ёсць няня, і стала крыху прасцей. Мы стараемся займацца Пашавымі справамі. Хацелася ўжо неяк гэта крыху адсунуць, але не атрымліваецца, бо я разумею, што цяпер на вастрыні часу — справы, звязаныя з Беларуссю. Будзем вырашаць праблемы па меры іх паступлення: цяпер у нас этап судоў, і я буду ездзіць сюды кожны дзень, стаяць у іх над душой. Пасля, калі будзе прысуд, будзем старацца прыняць яго і дапамагаць Паўлу, каб яму было прасцей яго пераадольваць. Я для сябе вызначыла псіхалагічную мяжу ў 5 — 6 гадоў. Лепш падрыхтавацца да горшага. Спадзяюся, што 6 год ён сядзець не будзе, за гэты час сітуацыя кардынальна зменіцца. Але я маральна настройваюся, што пасядзець яму давядзецца. Паша таксама настроіўся, што ён адсядзіць столькі, колькі яму наканавана, бо паўплываць на гэта ён не можа. У лістах ён пісаў, што на судзе будзе маўчаць. Бо на няправедным судзе Хрыстос маўчаў,і Павел, як вернік, сказаў, што не будзе даваць ніякіх паказанняў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».