19 сентября 2021, воскресенье, 17:40
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Самая звычайная беларуская перамога

6
Самая звычайная беларуская перамога
Ганна Севярынец

Яна ўвойдзе ў горад на досвітку.

Ціхая і пакуль незаўважная. Думаю, з боку Уручча.

Альбо - Новай Баравой. Горад будзе яшчэ спаць, пустыя вуліцы, рэдкія машыны, а яна ідзе проста пасярод вуліцы, у белай сукенцы. Вось яна мінае бібліятэку, пераходзіць мост, Маскоўская, аграрна-тэхнічны, там яшчэ тады ўключалі з прыступак «Уважаемые граждане! Вы нарушаете…», і людзі смяяліся ў адказ. На Акадэміі навук яна паверне на Сурганава, у гэтую цесную вуліцу, дзе такое звонкае рэха і дзе воклічы калоны, адбіваючыся ад каменных сцен, працінаюць да касцей.

Пройдзе паўз Рыгу да Бангалор, паверне на Багдановіча ў бок Нямігі, і пойдзе, пойдзе гэтай даўгой вуліцай, а вось на гэтым доме калісьці ўзнялі сцяг з надпісам «Шчучыншчына», і хвалямі па людскім моры бег смех і песня, а тут з балкона глядзелі бабулі і плакалі, а тут гаспадынька выкідала ў акно белыя просціны і чырвоны абрус. А пад мостам на Нямізе б'е барабан, а на мосце гудзяць ужо машыны, а калі яна паверне на Стэлу, з усіх бакоў будуць бяжаць ужо людзі, і плакаць, і абдымацца, і яна будзе азірацца ў натоўпе і лавіць поглядам смутныя абрысы: ён? ня ён? абазналася? не? Мікіта? Саша? Генадзь? Рома? Вітольд?

А навокал воклічы, спевы, там танчаць, там плачуць, там перакідваюцца крычалкамі, і ўсе становяцца на скамейкі, каб пабачыць мора з вышыні, і здымаюць абутак, і хтосьці раздае пітную ваду, а хтосьці кветкі, і людзі, хто стаміўся, сядзяць і ляжаць, раскінуўшы рукі, на газонах, а хто не стаміўся - ідзе і ідзе, праз Свіслач, праз Пярэспу, па Чарвякова, цераз Плошчу Перамен - і да Бангалор, і плыве рака ў Зялёны Луг, і ўпадае ў лес за кальцавой, і выплывае на шашу за Курапатамі, і гэтая дзяўчынка ў белай сукенцы ужо і згубілася сярод людзей, недзе ідзе, пяе і смяецца, маладзенькая зусім, і валасы ў яе, думаю, пафарбаваныя ў сіні, а можа, нават у ружовы, і на нагах белыя кеды, і яна зусім простая і знаёмая, мы сто разоў яе бачылі ўжо на вуліцы, самая звычайная беларуская перамога.

Ганна Севярынец, «Фэйсбук»

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».