1 августа 2021, воскресенье, 14:05
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Тысячыгадовая спадчына хрысціянства ў Беларусі - падмурак будучыні

1
Тысячыгадовая спадчына хрысціянства ў Беларусі - падмурак будучыні

Гісторыя Ірада і святога Яна Хрысціцеля вельмі добра нагадвае беларускую рэчаіснасць.

Яго голас гучаў грамчэй за сотні іншых галасоў гэтага свету. Ён быў гучней за галасы дзяржаўных і рэлігійных дзеячоў. Да яго голасу прыслухоўваліся тыя, хто мае ўладу і падуладныя. Ён прамаўляў да розуму чалавека і заклікаў да навяртання. Яго голас немагчыма было не пачуць, бо быў сугучны з голасам сумлення цэлага народа. Гэта голас святога Яна Хрысціцеля – прарока, пра ўнікальнасць якога сведчыў сам Ісус, называючы яго“ найбольшым сярод народжаных ад жанчыны”.

Толькі аднаго святога – гэта Яна Прадвесніка- Касцёл Каталіцкі ўзгадвае два разы на год, 24га чэрвеня, адзначаючы яго нараджэнне для свету і 29га жніўня – нараджэнне для неба – пакутніцкую смерць.

Так склалася гістарычна і можна меркаваць, што першы храм і манастыр на зямлі беларускай быў асвечаны у гонар святога Яна Хрысціцеля. Быў ён у Полацку і яго паўстанне наўпрост звязана з місіяй Торвальда Вандроўніка са Скандынавіі, які, як пішуць сагі, ахрысціў Полацк ў 986г. Гэта было раней, чым хрысьціўся Кіеўскі князь.

“Паводле запісанай у першай палове XIII стагоддзя “Пасмы пра Торвальда Вандроўніка”, ён заснаваў на Русі “цудоўны манастыр побач з царквой, якая была асвечаная ў гонар Яна Хрысціцеля” і там жа быў пахаваны.” (Максім Гацак)

Гісторыя нашай краіны адзначана больш тысячагадовай прысутнасцю хрысціянства.

Уласціва можна казаць: у хрысціянскай прысутнасці і пад музыку прапаведвання Евангелля фарміравалася нашая нацыя, развівалася культура, будавалася дзяржаўнасць.

Слова Божае, даючы характырыстыку Яну Хрысціцелю, зазначае, “што ён чалавек справядлівы і святы” (Мк 6, 20). І гэты прарок заклікаў да справядлівасці.

Дзеля прарока справядлівасці варта, ўзгадваючы святога Яна Прадцечу, шанаванага спакон вякоў у Беларусі, звярнуць увагу і на захаванне справядлівасці ў трактаванні нашай гісторыі.

Гаворачы пра нашу краіну і дзяржаву, нельга абмяжоўвацца гісторыяй толькі асабістай і свайго пакалення. Трэба выйсці па-за межы перажытага намі самімі досведу і дакрануцца да самых вытокаў гісторыі нашага народу.

Для хрысціяніна гэта важны момант, бо ён дазваляе ўзгадаць прагісторыю чалавецтва і бачыць свой пачатак у Богу, дзякуючы чаму чалавек поўна разумее сваю тоеснасць.

Папа Францішак у Энцыкліцы #FratelliTutti “Усе браты” перасцерагае пра пагрозу “канца гістарычнай свядомасці”. (п. 13-14).

Ягоная думка такая: розныя ідэалогіі, забіраючы гісторыю, дзейнічаюць так, каб чалавек быў пустым, без каранёў і падпарадкоўваўся планам іншага і можна было ім маніпуляваць. (пар. П.13 #FratelliTutti)

У Беларусі той, хто спрабуе абстрагавацца ад гістарычнай спадчыны ды сказаць, што гісторыя нашай дзяржавы пачалася 27 гадоў таму, з моманту выбару першага прэзыдэнта краіны, ці 80 гадоў таму, з часу другой сусветнай вайны, ці,нават, 100 гадоў таму, з даты ўтварэння БССР, выконвае функцыю маніпулятара.

А вядома, гісторыю народа спрабуе хтосьці скрасці тады, калі імкнецца здабыць над іншым уладу, якая яму не належыць.

Так вось, нават у такой сітуацыі, згодна з логікай Папы, выйсце ёсць, бо выйсце ёсць заўсёды і ў ім адпраўная кропка: “пачаць нанова ад праўды”. Бо “Людзі маюць права ведаць, што здарылася” (п.226)

Мы не можам у няведанні “перагарнуць старонку” але, з шацунку да гісторыі, як кажа папа абапіраючыся на досвед іншых народаў, якія перажывалі гуманітарныя катастрофы: “Мы мусім падтрымоўваць “полымя супольнай свядомасці, пераказваючы наступным пакаленням сведчанне, аб агіднасці таго, што адбылося”, полымя, якое “ажыўляе і такім чынам захоўвае памяць пра ахвяры, каб сумленне чалавека станавілася ўсё больш моцным перад абліччам усялякай волі дамінацыі і знішчэння”. (п.249).

Згодна з падзеямі з гісторыі нашай зямлі, асабліва цяпер, у часе небывалага грамадска-палітычнага крызісу нашай краіны, мы маем права чэрпаць з багацця нашай хрысціянскай гістарычнай спадчыны і прыслухоўвацца да голасу прарока справядлівасці святога Яна Хрысціцеля, што гучыць ужо больш тысячыгоддзя.

Варта прагадаць, што цар Ірад які пасадзіў за краты прарока, а пасля яго забіў, меў пераканананне што Ян Хрысціцель “святы і справядлівы”, зрабіў гэта, бо прарок казаў праўду і выкрываў злачынствы цара. Ірад замест таго, каб пакаяцца ў забойстве брата, жонку каторага ўзяў сабе, вырашае забіць і прарока.

Гісторыя Ірада і прарока вельмі добра нагадвае беларускую рэчаіснасць.

Аднак, мы сёння маем шанец пачуць але і выканаць заклік прарока аб пакаянні ды адвярнуцца ад зла, беззаконня і насілля. Калі скарастаем з яго то зможам перажыць радасць новага спаткання з Богам і брата з братам.

І ўся Беларусь зварухнецца ад шчасця, як узварухнуўся ва ўлонні сваёй маці св.Ян Хрысціцель, бо сустрэўся з Сынам Божым, калі Марыя сустрэлася з святой Альжбетай.

Няхай нам спадарожнічае апека святога Яна Прадцечы.

Вячаслаў Барок, krynica.info

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».