18 апреля 2024, четверг, 23:52
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Ксёндз Вячаслаў Барок: Перамены ў Беларусі адбудуцца хутка, бо іх хочуць усе

Ксёндз Вячаслаў Барок: Перамены ў Беларусі адбудуцца хутка, бо іх хочуць усе
Вячаслаў Барок

Якія цяпер настроі вернікаў?

Дзе цяпер знаходзіцца актыўны ютуб-блогер ксёндз Вячаслаў Барок? Чаму ён пакінуў Беларусь і калі вернецца? Якія цяпер настроі вернікаў? І калі адбудуцца перамены? Пра гэта з «Радыё Свабода» разважае пробашч парафіі ў Расонах ксёндз Вячаслаў Барок.

Калі ксёндз вернецца на радзіму

— Дзе вы цяпер знаходзіцеся і які ваш афіцыйны статус?

— Я надалей застаюся ксяндзом і пробашчам парафіі ў Расонах, з тым, што ў выніку падзеяў у маім жыцьці на пачатку ліпеня я быў вымушаны тэрмінова пакінуць Беларусь і выехаць у камандзіроўку ў Польшчу. Ня менш за месяц я прабуду ў Польшчы ў камандзіроўцы з выкананьнем пастырскіх абавязкаў.

Рашэньне аб выправе было прынятае пры ўзгадненьні з маім кіраўніцтвам і біскупам. Рашэньне прымалі вельмі хутка, каб захаваць магчымасьць прапаведаваць у сацыяльных сетках і, у прыватнасьці, весьці надалей мой ютуб-канал, дзе я прапаведую і аказваю сацыяльнае вучэньне Каталіцкай царквы.

Чаму я ня мог заставацца ў Беларусі? Супраць мяне зноў завялі адміністрацыйную справу, якую дагэтуль вядуць (прынамсі, я ня ведаю, каб яе спынілі). У рамках гэтага адміністрацыйнага працэсу была выдадзеная санкцыя пракурора, паводле якой прадстаўнікі праваахоўных органаў мелі права ўвайсьці ва ўсе будынкі, дзе я жыву і працую (кватэра, парафіяльны дом і храм).

Але мэта была адна — каб пры аглядзе будынкаў забраць у мяне тэхніку (тэлефоны і кампутары) на экспэртызу. У такім выпадку ў мяне зьнікла б магчымасьць займацца дзейнасьцю, якую я вёў дагэтуль. Таму для ўратаваньня тэхнікі я быў вымушаны часова пакінуць нашу краіну.

— Калі і пры якіх умовах вы можаце вярнуцца?

— Гэтае пытаньне пакуль што адкрытае. Я сустрэўся ў Беларусі з беззаконьнем, бо той адміністрацыйны працэс цалкам выдуманы, яны абвінавачваюць мяне ў тым, чаго, як усім вядома, я не рабіў. Мне прыпісваюць выраб здымкаў, якіх я не рабіў. І пры такім беззаконьні і абсурднасьці цяпер нельга дакладна плянаваць, калі я змагу вярнуцца ў Беларусь.

Пераменаў хочуць усе

— Прайшоў амаль год пасьля выбараў. Як сьвятар вы лепш ведаеце настроі простых людзей на Расоншчыне — і католікаў, і праваслаўных, і няверучых. Якія яны? Як людзі рэагуюць на праўны дэфолт у Беларусі? І ці ведаюць яны наагул пра гэта і пра іншыя падзеі, зьвязаныя з выбарамі і пасьлявыбарчай сытуацыяй у краіне?

— Аналізуючы спатканьні з рознымі людзьмі, пераконваюся, што кожны, падкрэсьліваю, кожны, незалежна ад таго, на якім ён баку знаходзіцца — дабра ці зла, ці ён прадстаўнік улады і сілавых структураў, ці просты жыхар Беларусі — усе хочуць перамен.

Ад сёньняшняй сытуацыі беззаконьня ў людзей велізарная стомленасьць. Усе стаміліся ад беззаконьня і непрадказальнасьці, якая нас чакае. Таму кожны хоча перамен, толькі ня ўсе аднолькава сабе гэтыя перамены ўяўляюць.

У некаторых можна бачыць апатыю, безнадзейнасьць, дэпрэсіўныя настроі, бо ім хацелася перамен хуткіх, каб усё было мірна і хутчэй закончылася, але гэтага ня здарылася.

Але значная частка грамадзтва не адмаўляецца ад надзеі, што ў Беларусь ўсё ж будзе вяршэнства закону і што розныя бакі ўсё ж дамовяцца паміж сабой.

«Не магу зразумець, чаму ў касьцёлах перасталі пець гімн «Магутны Божа»

— Мы збольшага ведаем пазыцыю Каталіцкай царквы Беларусі наконт падзеяў у краіне. Гэта, калі коратка, асуджэньне гвалту і парушэньня юрыдычных і маральных законаў. Ці цалкам Вы падтрымліваеце пазыцыю беларускай каталіцкай герархіі? Ці ўсё, на Вашу думку, робіцца правільна?

— Калі гаварыць пра тое, пра што сказалі вы, — асуджэньне гвалту і беззаконьня — то я гэта, безумоўна, падтрымліваю. І Каталіцкая царква, а ў нейкай ступені і Праваслаўная царква, і пратэстанцкія супольнасьці зрабілі гэта. Падкрэсьліваю, у нейкай ступені.

Але разам з тым, калі мы сёньня ў такой сытуацыі, калі грамадзка-палітычны крызіс выйшаў з-пад кантролю, то з ўпэўненасьцю можна сказаць, што мы як Каталіцкая царква не да канца выканалі сваё заданьне, якое ёй даручыў выконваць Бог у гэтым сьвеце.

Асабіста мне не хапае яшчэ гучнейшага голасу Каталіцкай царквы, Праваслаўнай царквы, калі трэба даваць маральную ацэнку падзеям і працэсам, якія сёньня адбываюцца ў краіне.

Калі вы спытаецеся, ці падтрымліваю я пазыцыю Каталіцкай царквы, то я адкажу, што так, вядома, падтрымліваю і застаюся паслухмяным сваёй царкве. Але разам з тым мне як сьвятару хацелася б дакладна зразумець выказваньні вышэйшых пастараў, біскупаў, каб у мяне не заставалася пытаньняў наконт таго, што яны робяць.

На жаль, сёньня ў мяне пэўныя пытаньні застаюцца, і я не магу зразумець усяго, што пастыры кажуць і робяць. Напрыклад, са смуткам магу сказаць, што не разумею, чаму на штогадовых урачыстасьцях у Будславе сёлета не прагучала малітва «Магутны Божа». Гімн «Магутны Божа» мае права гучаць у касьцёлах, і ніхто са сьвецкай улады ня мае права гэта забараніць.

Калі чуеш скаргі вернікаў з розных парафіяў, што гэты гімн з пэўнага часу перасталі выконваць, то ў мяне няма разуменьня, чаму.

— Разам з тым пасьля вядомых выказваньняў кіраўніка дзяржавы пра гэты гімн ён гучаў у катэдры ў Менску, і пасьля туды прыходзіла міліцыя...

— Дзякуй Богу, што гучаў. Але застаецца пытаньне, чаму не гучыць так масава, як дагэтуль.

«Адстаўкі ў Горадзенскай праваслаўнай япархіі — наш боль»

— Як вы можаце пракамэнтаваць адстаўкі ў Горадзенскай праваслаўнай япархіі? Нагадаю, там нядаўна адхілілі ад пасады архіяпіскапа Арцемія і настаяцеля катэдральнага сабору айца Георгія Роя, якія асуджалі гвалт.

— Трэба прыгадаць, што адстаўкі адбываюцца ня толькі ў Горадзенскай праваслаўнай япархіі. На жаль, такія факты вядомыя і ў Менскай праваслаўнай япархіі. Ёсьць такія выпадкі і ў Каталіцкай царкве. Паводле сьведчаньняў вернікаў, у некаторых парафіях біскупы памянялі пробашчаў.

Магчыма, гэта не было з палітычных матываў, але нашы вернікі так гэта ўспрымаюць.

І тут зноў жа не хапае яснага голасу біскупаў да вернікаў з тлумачэньнем, што сёньня робіцца ў нашых супольнасьцях.

Ну а тыя адстаўкі, што адбыліся ў Горадзенскай праваслаўнай япархіі, можна ўспрымаць толькі са смуткам і болем. Але ўва ўсіх гэтых балючых выпрабаваньнях мы можам заўважыць знакі надзеі.

Мы бачым, што ў касьцёлах і цэрквах ідзе пэўная канфрантацыя, і дзякуючы гэтаму адбудзецца працэс ачышчэньня нашых хрысьціянскіх супольнасьцяў — прыйдзе час, і адбудзецца яшчэ большае ачышчэньне і ў Каталіцкай царкве, і ў Праваслаўнай. Таму гэтыя выпрабаваньні я ўспрымаю ўсё ж з надзеяй.

«Царква можа заахвоціць апанэнтаў да пачатку дыялёгу»

— Якую ролю цэрквы Беларусі могуць адыграць у разьвязаньні крызісу ў краіне?

— Я думаю, што гэтая роля вялікая. Нягледзячы на тое, што нашы хрысьціянскія цэрквы крыху губляюць аўтарытэт, бо не да канца ясна выказваюцца. Апытаньні ў сацыяльных сетках сьведчылі, што і Каталіцкая царква страчвае аўтарытэт, і царква Праваслаўная таксама.

Але разам з тым ёсьць немалы давер грамадзтва да гэтых цэркваў. І калі наша хрысьціянская царква выканае сваю фундамэнтальную місію — назаве зло па імені і дабро па імені, і скажа: «Людзі стоп, трэба жыць па-Божаму, давайце вяртацца да закону», я думаю, ролю цэркваў цяжка будзе пераацаніць. І гэтага грамадзтва чакае.

Пытаньне — ці зробіць гэта царква на найвышэйшым узроўні. Гэта пытаньне адкрытае. Але можна сказаць, што калі глядзець зьнізу, як працуе царква, то паўстала, напрыклад, прыгожая ініцыятыва «Хрысьціянская візія» з прадстаўнікоў і Каталіцкай, і Праваслаўнай, і пратэстанцкіх цэркваў. Яны робяць сёньня вельмі добрую справу.

Атрымліваецца так, што калі найвышэйшыя герархі маўчаць, то простыя вернікі здольныя камунікаваць паміж сабой і, больш за тое, рабіць агульную справу на хвалу Божую і для дабра Беларусі.

Гэты досьвед пераконвае, што хрысьціянская царква можа дапамагчы беларускаму грамадзтву пачаць весьці дыялёг. Пакуль што ўлада ня хоча дыялёгу, яны ня хочуць слухаць сваіх апанэнтаў, але царква можа заахвоціць апанэнтаў да пачатку дыялёгу.

«У краіне адбываецца барацьба паміж дабром і злом»

— І не магу не спытацца ў вас, ксёндз Вячаслаў, як у духоўнай асобы, вось пра што. Людзі ў Беларусі спадзяюцца на перамогу дабра, але бачаць, што пакуль перамагае зло. Што вы скажаце тым, каго ахопліваюць сумненьні і паняверка?

— Вельмі добрае і актуальнае пытаньне. У той барацьбе, што сёньня ідзе ў Беларусі, мы павінны бачыць ня толькі палітычную барацьбу (зрэшты, палітычнай барацьбы і няма, бо ў нас няма палітычных партыяў, тое, што ёсьць — ілюзія). У нас адбываецца барацьба паміж дабром і злом, барацьба за чалавека.

І калі ты бачыш, што зло яшчэ не пераможанае і нават само перамагае, вельмі важна, каб у маім сэрцы дабро перамагло. І калі дабро перамагае ў сэрцы чалавека, кал ён стае на бок дабра, то тады ўжо няма ніякага суму, няма дэпрэсіі, чалавек ужо адчувае сябе пераможцам — ты ўжо ўнутры сябе дазволіў, каб там перамог чалавек, ты атрымаў сваю годнасьць, і гэта прыносіць радасьць.

А калі дабро пераможа ў нашым сэрцы, быць ня можа, каб у нашым грамадзтве, агулам веручым, дабро таксама не перамагло. Таму калі ёсьць пэўныя дэпрэсіўныя настроі, я раю зрабіць так, каб кожны быў задаволены са свайго жыцьця, і тады дабро ў Беларусі таксама пераможа. Але гэтая перамога спачатку павінна адбыцца ў сэрцы.

Перамены адбудуцца хутка

— І яшчэ пытаньне дараваньня. Цяпер у Беларусі робіцца шмат грахоўных рэчаў, напрыклад, ілжэсьведчаньні — гэта сьмяротны грэх. На вашу думку, ці гэта праблема таго асобнага чалавека — грэшніка, ці яна закранае ўсё грамадзтва?

— Безумоўна, гэта тычыцца ўсяго грамадзтва, калі мы кажам пра фальсыфікацыю вынікаў выбараў або пра паводзіны сілавікоў, судзьдзяў, пракурораў — гэта тэндэнцыя. У нас даўно будавалася такая махіна зла, хлусьні, гвалту, таму ў гэтай сыстэме няпроста вылучыцца і стаць чалавекам. Можна сказаць, што гэта наш вялікі публічны грэх. Але ўсё ж вельмі важна выхіліцца з гэтай шэрай масы і пачаць быць чалавекам.

— Калі, на вашу думку, сытуацыя ў Беларусі зьменіцца? Які ваш прагноз?

— На маю думку, можна радавацца ўжо з тае прычыны, што сытуацыя ў Беларусі зьмянілася. Яна зьмянілася летась, апагеем гэтых зьменаў быў жнівень 2020 году. Дзякуючы гэтым пераменам мы можам сёньня сказаць упэўнена, што ўжо ніколі ня вернемся да ранейшага жыцьця. Таму цяпер магчымы рух толькі наперад.

Слухачы і гледачы могуць тады спытацца, калі ж выпусьцяць вязьняў, калі ксёндз вернецца ў Беларусь? Гэта пытаньне адкрытае. Гэта будзе хутка. Але спачатку дабро павінна перамагчы ў сэрцы, павінны адбыцца духоўныя перамены. Калі яны адбудуцца, то адбудуцца і перамены, якіх кожны з нас чакае.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях