18 октября 2021, понедельник, 3:21
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Як прайшоў Будслаўскі фэст 2021

Як прайшоў Будслаўскі фэст 2021

Падчас урачыстасці узносіліся малітвы за беларускіх патрыётаў.

Зачынены храм, кавалкі абгарэлых падчас пажару крокваў і бляхі з даху, адсутнасць натоўпаў пілігрымаў з розных куткоў краіны, малітвы за развязанне грамадска-палітычныга крызісу ў Беларусі, галоўная імша на другі дзень урачыстасці без традыцыйнага гімну «Магутны Божа». Пра тое, як прайшоў Будслаўскі фэст 2021 – рэпартаж «Белсату».

Каронавірус прымусіў адмяніць пешыя пілігрымкі

Будслаўскі фэст ладзіцца штогод на пачатку ліпеня ў мястэчку Будслаў Мядзельскага раёну. Гэта ўрачыстасць у гонар цудатворнага абраза Маці Божае Будслаўскае. Абраз – адзін з галоўных для каталікоў Беларусі, аднак ушаноўваюць яго таксама і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесіяяў.

З 1992 года адной з галоўных адметнасцяў Фэсту сталі шматлікія пілігрымы, якія прыходзяць і прыязджаюць у Будслаў з розных куткоў Беларусі й замежжа. З Менску вернікі ідуць у Будслаў цягам пяці дзён, з Берасця – 16-ць дзён.

Сёлета канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі не рэкамендавала арганізацыю такіх пілігрымак у сувязі з пандэміяй каронавірусу. Але ахвотныя маглі прыехаць на ўласным транспарце. Некаторыя ладзілі невялікія пілігрымкі з суседніх мясцінаў і ўваходзілі ў Будслаў, як звычайна, пешшу.

Свой адбітак каронавірус наклаў на споведзі – каб увайсці ў адмысловы намёт, дзе спавядаў ксёндз, трэба было абавязкова надзець маску.

Распачаўся сёлетні фэст Святою Імшою а 12-й гадзіне 2-га ліпеня. Усе набажэнствы праходзілі на дварэ. Там жа, у адмыслова зробленым алтары стаяў абраз Маці Божае Будслаўскае. Пробашч Будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік распавёў, як ідзе аднаўленне касцёлу. Было зробленае часовае накрыццё замест даху. Цяпер ідзе распрацоўка і ўзгадненне праектнай дакументацыі адбудовы.

Пробашч з гонарам зазначыў, што ўжо адрамантаваны вежавы гадзіннік, зняты з касцёлу яшчэ задоўга да пажару, увосень.

«Цяпер, калі святыня закрытая, і не званяць званы, гадзіннік, які працуе, адбівае час, паказвае нам, што і наш касцёл жыве», – зазначыў святар.

Апоўначы прайшла традыцыйная працэсія з копіяй абраза Маці Божае Будслаўскае і знічамі. Пасля была імша, якую ўзначаліў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Алег Буткевіч. Ён распачаў казанне з урыўку з «Новай зямлі» пра родны кут.

«Гэтыя словы, як ніколі, можна сёння аднесці да Будславу, куды мы прыйшлі з цяжкім сэрцам, гледзячы на грамадска-палітычны крызіс, а таксама праз тое, што здарылася з нашай святыняй», – казаў святар.

У сваёй прамове біскуп Буткевіч падняў пытанне Божага аўтарытэту для беларусаў:

«Для постсавецкай прасторы ўласціва мець у аўтарытэце тых, хто паказвае сілу, зубы, трымае ў кулаку. Вось тады гэта «аўтарытэт»! – казаў святар. – А Бог, наадварот, ніколі не хваліцца сваёй сілай, нікога не няволіць абцугамі, хоць трымае ў руках увесь сусвет, і нават калі нехта нахабна ідзе супраць яго, ён шануе волю і выбар чалавека. Няхай кожны задасць сабе пытанне – як выглядае Божы аўтарытэт у маім жыцці? І няхай аднаўленне Будслаўскай святыні стане для нас знакам адбудовы Божага аўтарытэту ў нашай краіне. Бо інакш не ў аўтарытэце і людзі, якія імкнуцца быць падобнымі да Бога ў сваёй праўдзівасці, шчырасці, мудрасці, адказнасці, ахвярнасці. А менавіта такіх людзей мы хочам бачыць на адказных пасадах. Такім людзям мы хочам даручыць нашае здароўе, адукацыю, вытворчасць, адміністрацыю, нарэшце, уладу».

Закрануўшы тэму аднаўлення касцёлу, біскуп Буткевіч падзякаваў звычайным людзям, якія збіраюць грошы, зазначыўшы, што «ўсе працы вядуцца за кошт ахвяраванняў».

Касцёл вынайшаў даволі цікавы спосаб збору грошай на рамонт: кожны ахвочы мог набыць сабе кавалачкі абгарэлых драўляных страпілаў ці бляхі з даху святыні.

«Жыхары Беларусі маюць сёння патрэбу прымірыцца адно з адным»

Падчас сёлетняга Фэсту маліліся за мігрантаў, просячы для іх у Бога дапамогі ў пошуку годнага жыцця. Узносілі малітвы і за тых, хто сёння ў вязніцах.

3 ліпеня Святую Імшу ўзначаліў апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзыч. У сваёй прамове ён казаў пра перамогу веры над атэізмам, над 70-гадовым панаваннем камунізму, запэўніваючы, што Божыя каштоўнасці вытрываюць у любых сістэмах, бо Бог абяцаў, што і брамы пякельныя не перамогуць Касцёл. Нунцый заклікаў маліцца за ахвяраў ідэалогіі.

«Штодзённа молячыся за іх, мы становімся зноў з’яднанымі, лепшымі, – казаў Антэ Ёзыч. – Жыхары Беларусі сёння маюць патрэбу прымірыцца адно з адным, аднавіць культуры міру і паказаць усяму свету, як абараніць этычныя і маральныя каштоўнасці і ўласныя сімвалы, заснаваныя на гэтых каштоўнасцях».

З гісторыі абраза і Будслаўскага касцёлу

Абраз Маці Божай Будслаўскай быў напісаны ў памяць аб’яўлення Маці Божай у Будславе, якое, згодна з легендай, адбылося 2 ліпеня 1588 года. Аўтар абраза невядомы. У 1598 годзе менскі ваявода Ян Пац атрымаў ад Папы Рымскага Клімента VIII гэты абраз падчас пілігрымкі ў Ватыкан. Цягам свайго жыцця Ян Пац захоўваў абраз у сябе ў палацы.

Пасля смерці Яна Паца абраз трапіў да капелана Ісаака Салакая, які перавёз яго ў Даўгінава – вёску недалёка ад Будслава. У 1613 годзе Салакай падараваў абраз Будслаўскаму касцёлу бернардынцаў.

У 1635 годзе абраз перанеслі ў галоўны алтар касцёлу. Адмыслова для яго майстар Пётр Гармель вырабіў унікальны драўляны алтар.

Першы цуд, які прыпісваюць абразу, адбыўся ў 1617 годзе – да 5-гадовага хлопчыка Язафата Тышкевіча вярнуўся зрок. На знак удзячнасці за выздараўленне ён застаўся служыць у храме і стаў святаром.

У 1767 годзе ў Будславе пачалося будаўніцтва новага каменнага касцёлу – базылікі ў гонар Унебаўзяцця Маці Божае. Сёння гэты касцёл – адзін з трох, які носіць тытул малой базілікі.

У 1941 годзе савецкія войскі хацелі ўзарваць касцёл, аднак мясцовыя жыхары сабраліся каля храму і правялі ноч на малітве каля цудатворнага абраза. Войскі не кранулі касцёл.

У 1998 годзе 2 ліпеня адбылася каранцыя абраза – кардынал Казімір Свёнтэк наклаў на абраз папскія кароны. Гэтая падзея надала Будслаўскаму касцёлу статус Нацыянальнага санктуарыю.

У 2014 годзе Будслаўскі фэст быў унесены ў Дзяржаўны спіск гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

У 2018 годзе Будслаўскі фэст быў уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА.

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».