16 мая 2022, понедельник, 18:27
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Цуд магчымы!

1
Цуд магчымы!
Вячаслаў Барок

Але спачатку трэба пакаяцца і акрэсліцца з праблемай.

Хто ж з нас не любіць і не марыць пра цуды.

Але вось чакаючы цуд, часам паводзім сябе нібы на прадстаўленні штукара. Выгодна ўселіся і назіраем за лоўкасцю артыста, баючыся прапусціць момант узнікнення знешняга эфекту, бо мы ж нават не ведаем, у чым хаваецца сэнс фокуса. Адпаведна, не ведаем чаго насмрэч чакаем. Разумеем, што ад нас вынік лоўкага прыёму не залежыць. Будзем мы падманутыя ці не больш залежыць ад узроўня майстэрства хітрыць самога штукара.

Фокусы маюць на мэце бавіць чалавека ды адцягваць яго ўвагу ад праблем шэрай штодзённасці.

А што іншае цуд. Цуд - гэта,па-першае, не падман, але рэальная, хоць і неймаверная, перамена рэчаіснасці. А па-другое, Божыя цуды ў Евангеллі былі заўсёды адказам на самыя балючыя праблемы чалавека. Інакш кажучы, цуд заўсёды факусіраваў увагу чалавека на самай актуальнай жыццёвай праблеме.

Аднак, кожны цуд ажыццяўляўся толькі тады, калі чалавек дакладна усведамляў сваю праблему і быў гатовы весці супрацу з Госпадам дзеля яе вырашэння.

Вось так Апостал Ян у 2, 2-12 раздзеле Евангелля, апісваючы цуд перамянення вады ў віно падчас вяселля ў Кане Галілейскай, падкрэслівае не толькі ролю Марыі і Ісуса ў здзяйсненні цуду, але ж таксама паказвае, што гаспадары вяселля былі неабыякавымі да сваёй праблемы - калі заўважылі недахоп віна, то былі гатовыя зрабіць усё, каб толькі справіцца з праблемай. Таму, невагаючыся пачалі насіць ваду, напаўняючы збаны прадназначаныя для рытуальнага ачышчэння. Хоць дакладна разумелі, што вада ніяк не заменіць віно.

І вось менавіта ў такой сітуацыі, калі чалавек аказвае давер Госпаду, ідзе з Ім на супрацоўніцтва і робіць усё магчымае, што залежыць ад яго самога, Ісус здзейсняе цуд і вырашае праблему чалавека.

Знакавым ёсць і той момант, што пад-час здзяйснення першага публічнанага цуду, Хрыстос звяртае ўвагу на пустыя каменныя збаны з вадой. Каб не былі пустымі не казаў бы іх напоўніць. Словамі "напоўніце збаны вадою" дае зразумець, што ні пра які цуд не можа ісці гаворкі, пакуль збаны для рытуальнага ачышчэння пустыя. Бо збаны без вады адлюстроўваюць не тое што негатоўнасць чалавека на цудатворную дзейнасць Госпада ў яго жыцці, але нават негатоўнасць пачаць рыхтавацца. Вядома, без рытульнага ачышчэння жыццё чалавека затрымоўвалася.

Цуд Божы магчымы калі чалавек мае дух пакаяння і ніяк інакш. Цуды маюць месца тады, калі "бязбожны пакіне шлях свой, а чалавек беззаконны — свае намеры..." (Іс 55, 5).

Гэта ёсць перадумова цуду і ў Беларусі, і ўжыцці кожнага з нас. Перш пакаянне, потым усведамленне і засяроджанне ўвагі на самай актуальнай праблеме, а потым ужо пачуем словы прарока Ісаі ў свой адрас: "Ужо не скажуць пра цябе: Пакінуты, —

і зямлю тваю не будуць больш называць пустыняй. Але будуць называць цябе:

Маё ўпадабанне ў ім… бо ты спадабаўся Госпаду" (Іс 62,3).

Так і з Беларуссю: перш мае быць пакаянне, а потым ужо ўбачым цуд пра які марым. І ніяк не наадварот.

Наадварот зможам стаць толькі сведкамі чаргова фокуса, калі той ці іншы штукар, праз лоўкія дзеянні і махінацыі, нас падмане, а мы не будзем і ведаць дзе і ў які момант гэта здарылася.

Вячаслаў Барок, "Фэйсбук"

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».