28 марта 2024, четверг, 15:17
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Зянон Пазьняк: Пад траскатню пра расейска-украінскую вайну адбываецца акупацыя Беларусі

69
Зянон Пазьняк: Пад траскатню пра расейска-украінскую вайну адбываецца акупацыя Беларусі
Зенон Позняк
Фото: JULIA JANIUK

Cтратэгічны балкон ужо ў руках Пуціна.

Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк у інтэрв'ю «Радыё Рацыя» расказаў, што думае пра верагоднасць расійска-ўкраінскай вайны.

— Аляксандр Лукашэнка прызначыў рэферэндум па праекце Канстытуцыі на 27 лютага. Вы былі за байкот апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. А што мяркуеце наконт рэферэндуму? Прымаць удзел, ці не прымаць?

— У рэферэндуме не трэба прымаць удзел. Ад таго будзе хто прымаць удзел, ці не будзе – нічога не пераменіцца. Існуе фальсіфікацыйная машына, яна добра адладжана. Там няма ніякіх законаў, ніякай маралі. Яна будзе дзейнічаць так, як захоча гэты рэжым. Не трэба хадзіць. Не трэба рабіць бачнасць, што сур’ёзна адносяцца да гэтага самазванца. Не трэба яму ствараць бачнасць легітымнасці. Хай ён вырашае сам як захоча. А як ён захоча, так і вырашыць. Гэта не будзе мець ніякага значэння. Трэба прадэманстраваць непадтрымку гэтаму рэжыму.

— У Беларусі новы старшыня ЦВК – Ігар Карпенка. Няма ў Вас спадзявання на лепшае?

— Гэта Ярмошына нумар два. З тымі самымі карэннямі ў адпаведнай арганізацыі ў Расеі.

— Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная Рада і Нацыянальнае антыкрызіснае кіраванне выступілі з наступнай заявай адносна рэферэндуму: Трэба абвясціць вотум народнага недаверу, прыйсці на ўчасткі і зрабіць бюлетэні несапраўднымі любым зручным і даступным спосабам.

— Для фальсіфікацыйнай машыны галасавання трэба толькі адно – каб людзі прыйшлі на ўчасткі. Не мае значэння, як яны будуць галасаваць. Астатняе робіць машына. Гэтая тэхніка пацверджана ўжо 20 гадоў. Таму тыя, якія робяць выгляд, што не разумеюць, і пачынаюць заклікаць, яны працуюць не на беларускі народ, не на Беларусь, а працуюць на Маскву і на рэжым. Таму гэтага рабіць не трэба, катэгарычна. Гэта проста неразумна.

— Лагічна падумаўшы, Вы маеце рацыю. Бо прасцей сфальсіфікаваць вынік калі яўка ёсць высокая. А калі яе проста няма, то людзі бачуць – няма.

— Ну безумоўна. Справа ў тым, калі людзі прыйшлі, маецца на ўвазе, што яны галасуюць таемна. І таму нічога немагчыма праверыць. І як яны скажуць, паспрабуй ім дакажы. А вось калі людзі не прыйшлі, то гэта можна зафіксаваць. Канешне, яны схлусяць. Яны скажуць, што там 120% прыйшло. Але гэта будзе відавочна. Гэта зусім другі ўзровень. Гэта іх прымусіць паказаць сваю амаральнасць. Вось чаму народ не павінен падтрымліваць гнюсныя рэчы. Ён павінен мець свой гонар: хопіць ужо, наздзекаваліся.

— А што Вы думаеце пра прапанаваныя змены? Напрыклад, з праекту выключаны артыкул пра імкненне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай.

— Гэта галоўныя аспекты, дзеля якіх Масква хоча, каб адбыўся гэты рэферэндум. Дзеля акупацыі ім важна, каб не было ніякіх фармальнасцяў, якія супярэчаць, і таму для іх важна, каб не было ў Канстытуцыі пытання пра нейтралітэт, а калі адбудзецца акупацыя, важна сюды завезці ядзерную зброю, каб зрабіць Беларусь плацдармам, з якога можна будзе пачаць вайну і па якім удараць. Таму гэта вельмі брыдкая, гнюсная маскоўская палітыка, якая выглядае такім чынам, як быццам незаўважна гэтыя два аспекты знесці. А гэтае ёсць самае важнае.

— Змененая Канстытуцыя замацоўвае таксама Усебеларускі народны сход. Што гэта за фігура такая, гэты сход?

— Гэтая фігура не мае ніякага дачынення ні да Канстытуцыі, ні да законаў. Гэта фантазіі дыктатара, які хоча нейкім чынам пайсці па шляхах елбасы. Я думаю, пасля падзеяў у Казахстане ён не ведае, што рабіць. Гэта абсалютна антыканстытуцыйная, антынародная, антыпраўная з’ява, якую хочуць павешаць на шыю народу шляхам рэферэндуму. Каб гэтага не ўдалося, то не трэба на гэты рэферэндум хадзіць.

— Бо, па-першае, невядома, хто адбірае кандыдатаў, удзельнікаў гэтага сходу, колькі іх дакладна павінна быць, хто мае права прапанаваць кандыдатаў.

— Будзе адбіраць рэжым. Будзе адбіраць Лукашэнка. Вы ж памятаеце, што, дзесьці год таму, ён вызначыў 850 чалавек, якія не падлягаюць ніякаму судоваму пераследу. Ён ім зрабіў імунітэт. І ніхто не ведае, хто гэтыя 850 чалавек. Стварыў таемную пачку, з якой ён будзе чэрпаць сваю вертыкаль. Гэта ўжо не палітыка, а нейкая шызафрэнія. Дык яму не праблема набраць народны сход. Поўна такіх, якія будуць рабіць так, як ён скажа. Але гэта ён так думае. А на самой справе з гэтага нічога не атрымаецца. Калі ўжо Казахстан паказаў, што нічога няма, то ў Беларусі тым больш.

Гэты крымінальнік, яго інакш не назавеш, ён загнаў сябе зараз у кут. І хоча нейкім чынам з гэтага кута выбрацца. І выбіраецца самым брыдкім чынам. Ён запрасіў чужое войска. Фактычна адбываецца акупацыя Беларусі. Вось што ён зрабіў.

— Александр Лукашэнка сказаў, што рэферэндум 27 лютага адбудзецца, ну хіба што пачнецца вайна. А якая, на Вашую думку верагоднасць расейска-украінскай вайны?

— Я думаю, што на бліжэйшы час верагоднасць невялікая. Я лічу, што гэта адцягнены манеўр, на які клюнуў увесь Захад, а рэальнасць такая – пад гэтую траскатню пра ўкраінска-расейскую вайну адбылася акупацыя Беларусі. Уведзенае войска. Працэс гэты працягваецца. Павінны прыехаць сюды 200 цягнікоў па 50 вагонаў. Гэта ў сярэднім будзе 80-100 тысяч жывой сілы. Плюс уся тэхніка. Прапісана ўсё, што яны будуць рабіць. Гэта адпрацоўка аховы дзяржаўных прадпрыемстваў – заводаў, устаноў і г.д. Прапісаны ўвесь план акупацыі. І такім чынам пад траскатню аб небяспецы Украіны, адбылася акупацыя Беларусі. Гэты стратэгічны балкон ужо ў руках Пуціна. І НАТО не разумее, што адбылося. Адбылася акупацыя Беларусі. І, канешне, гэтае войска застанецца надоўга. Гэта пагроза Украіне, гэта пагроза Польшчы. І можа адбыцца калініградскі калідор. Гэта пытанне паўдня. Вось што адбываецца. І чаго абсалютна не разумее Захад і НАТО.

Написать комментарий 69

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях