16 апреля 2024, вторник, 12:46
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Што пішуць у сацсетках расейскія вайскоўцы і іхныя сваякі пра вучэньні ў Беларусі

42
Што пішуць у сацсетках расейскія вайскоўцы і іхныя сваякі пра вучэньні ў Беларусі

Многія не разумеюць, навошта і куды перакідаюць такую колькасьць баявой тэхнікі.

Афіцыйныя заявы аб пачатку ўвядзеньня ўзмоцненай групоўкі расейскіх войскаў у Беларусь для правядзеньня вучэньняў «Саюзная рашучасьць» прагучалі толькі пасьля таго, як у сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца відэа эшалёнаў з вайсковай тэхнікай.

«Радыё Свабода» прааналізавала, што найчасьцей пішуць расейскія карыстальнікі сацыяльных сетак пра вучэньні, пра дысьлякацыю і перамяшчэньне войскаў, і чаго зычаць сваім сваякам, якія накіраваліся на вучэньні.

Уся геаграфія Расеі

Расейка Дыяна Казанцава выклала ў Тіk-Tok відэа свайго мужа, які ў вайсковай форме, з заплечнікам і сумкай выходзіць з кватэры і спускаецца па лесьвіцы на вуліцу. «Я буду вельмі моцна сумаваць. Вяртайся хутчэй!» — напісала яна.

У камэнтарах пад допісам Дыяны яшчэ некалькі карыстальнікаў з Хабараўску і Мурманску паведамілі, што іхныя «сыны і мужы» таксама паехалі ў Беларусь або ў Смаленск.

«Майго таксама адправілі, з Хабараўску»

«Мой таксама цяпер там, невядома на колькі. Няма ніякай сувязі, вельмі перажываю. Веру, што ўсё будзе добра».

«У мяне таксама сын у Беларусь паехаў. 18-га праводзіў, сказалі — на месяц. Навіны глядзіш і ўздрыгваеш».

Яшчэ адзін карыстальнік у сваім камэнтары паведаміў, што сам служыць у Мурманску ў пяхоце: «Таксама заўтра грузімся, пасьлязаўтра ад’яжджаем». На сваім профілі ён нават прадэманстраваў відэа, якія боепрыпасы загружаюць.

Што пішуць вайскоўцы

Што праўда, у большасьці вайскоўцаў на профілях няма публікацый — яны толькі камэнтуюць відэазапісы іншых, але інфармацыяй дзеляцца вельмі абмежавана. Некаторыя пішуць, што перадысьлякаваныя ў Пінск, Гомель, Смаленск, Растоў ці Крым. У асноўным, як гэта можна зразумець зь іхных камэнтароў, яны служаць у войску паводле кантрактаў. Жаўнераў тэрміновай службы не залучаюць да гэтых вучэньняў.

Адзін зь іх напісаў, што едзе з кепскім настроем, бо плянаваў сваё 20-годзьдзе сьвяткаваць у кватэры, а не на мяжы Беларусі і Ўкраіны.

У камэнтарах пад гэтай публікацыяй паведамляюць, што едуць у Гомель да 20 лютага, а іншыя — у Валгаград ці Крым на тры месяцы.

Што пішуць сваякі і знаёмыя вайскоўцаў

Юлія Башан, якая мае свой аўтабізнэс у Екацярынбургу, апублікавала відэа начнога вайсковага эшалёну. Адзін зь яе падпісчыкаў напісаў, што гэтую вайсковую акругу «паднялі па трывозе, а зь Пермі ў Астрахань паехалі».

«Ну перавозяць тэхніку, далей што? Раней ганялі проста цягнікі з тэхнікай, каб замежную выведку заблытаць. І цяпер вярнуліся да гэтага ж мэтаду», — піша іншы карыстальнік.

Занепакоенасьць і адначасова гонар

Некаторыя карыстальнікі называюць вайсковыя эшалёны магутнасьцю Расеі, іншыя выказваюць занепакоенасьць.

«Дай Божа здароўя ўсім, хто паехаў на гэтыя вучэньні. Але, мне здаецца, ні хр...а гэта не вучэньні».

«Усё будзе добра. Сынок зь Белагорску 7 чысла паехаў. Гэта вучэньні. Мне дзядзечка зь вельмі вялікімі зоркамі з Масквы, сябар сям’і, сказаў спаць спакойна».

«У мяне сынок у Лесазаводзку (Прыморскі край РФ. — РС) служыць, таксама паехалі. Толкам нічога не сказаў. Сказаў, нельга. Таксама перажываю».

«Нашым сказалі, што таксама ў Беларусь. У мяне пытаньне — чаму на Далёкім Усходзе не правесьці вучэньні?»

«Вы самыя магутныя і моцныя, нашы сыны! Мы вас любім, і ўсё будзе добра!»

У адказ на гэта іншая карыстальніца запытала: «А чаму вы дзяцей адпраўляеце на сьмерць? Навошта?».

Карыстальнікі называюць расейскія гарады і рэгіёны, зь якіх адпраўляюць іхных сваякоў-вайскоўцаў на вучэньні ў Беларусь і да межаў Украіны — Забайкальскі край, Бурація, Омск, Новасібірск, Барнаул, Алтайскі край, Бірабіджан, Кузбас, Камсамольск, Цюмень, Тальяці. Многія не разумеюць, навошта і куды перакідаюць такую колькасьць баявой тэхнікі.

Але сярод вайскоўцаў пануе патрыятызм. «Мы едзем. За вас, родныя, за Расею!».

Написать комментарий 42

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях