24 апреля 2024, среда, 22:56
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Спадзяюся, што атрымаецца «абудзіць» некаторы адсотак беларусаў»

4
«Спадзяюся, што атрымаецца «абудзіць» некаторы адсотак беларусаў»

Як гамяльчанка папулярызуе беларускую мову з дапамогай відэа.

Насця Драбышэўская нарадзілася і вырасла ў Гомелі. Там жа скончыла школу. Цяпер вучыцца ў Браціславе (у Славакіі), ва універсітэце ім. Коменскага, на спецыяльнасці перакладчык з камбінацыяй моў англійская-італьянская. «Для мяне сюды дадалася яшчэ і славацкая, на якім вядзецца выкладанне. У гэтым навучальным годзе сканчаю бакалаўра, чаму невымоўна рада. Мовы заўсёды мяне цікавілі, таму зараз у маёй калекцыі іх 6: руская, беларуская, англійская, італьянская, славацкая і пакуль што самая слабенькая – французская…», — пачынае аповед пра сябе гераіня матэрыяла праекту «Штодзень».

Як Насця апынулася ў Славакіі 

З прычыны вымушанай эміграцыі ў Францыі, пасля 2020-га году, апынулася мая сям’я, а я паехала вучыцца ў Славакію. Мой ад’езд быў запланаваны. Апошнія гады навучання ў беларускай школе сістэма стала асабліва ціснуць, многія моманты раздражнялі і здзіўлялі. Напрыклад, «палітінфармацыя» пасля 7 урока, на якую заганяюць паслухаць пра камбайны і паспяховасць нашай краіны ў сусветным эканамічным прасторы. Даваенная падрыхтоўка як дэма-версія арміі мяне зусім уразіла, агідныя адчуванні, калі цябе не прымаюць за чалавека. Таму ідэя з’ехаць у іншую краіну за вышэйшай адукацыяй стаяла выразна. Аднак варыянт са Славакіяй з’явіўся зусім спантанна і ў пачатку верасня 2020 я з’ехала.

Ад’езд паўплываў на ўзмацненне беларускасці

Усвядомленасць ў тым, што трэба нешта рабіць у плане пашырэння беларускай культуры і мовы прыйшла паступова. Гісторыю я пачала вучыць у 11 класе, для экзаменаў, потым гэта перарасло ў асабісты інтарэс. Цяпер разумею, што мне неверагодна пашанцавала з настаўніцай. Яе манера выкладання і рэалізм у падачы фактаў сучаснай гісторыі вельмі чаплялі. Мне здаецца, менавіта дзякуючы ёй у мяне з’явіўся гонар за нашу гісторыю, краіну і вызначэнне «беларус».

Адсутнасць магчымасці вярнуцца дадому, пабачыцца са сваякамі і сяброўкамі, гэта прыгнятае. Душа патрабуе чагосьці роднага і цёплага, таму пачала падкормліваць маленькую беларусачку ўнутры мяне кнігамі, разнастайным кантэнтам, размовамі на беларускай.

Гісторыя стварэння ютуб-канала «Хмарка»

Сёлета з’явілася жаданне рабіць нешта на беларускай мове. Я прааналізавала свой вопыт і зразумела, што мой слоўнікавы запас італьянскай мовы неверагодна развіўся дзякуючы відэаблогерам. Вырашыла скарыстаць такую ж самую стратэгію і з беларускай, але шмат чаго не нашла і вырашыла стварыць свае. Пазней, восенню, вядомыя беларускія блогеры стварылі праект «Школа відэаблогера», што і дало велізарны штуршок. Пакуль што, у планах развівацца ў напрамку лайф-кантэнту, перыядычна разводзячы яго чымсьці карысным. Магчыма, у будучыні з’явіцца нейкі больш вузкі праект, але ідэі пакуль што не структураваныя. Хочацца натхняць вучыць і карыстацца роднай мовай, пашыраць слоўнікавы запас і мой, і маіх гледачоў. Вельмі спадзяюся, што з яго дапамогай атрымаецца «абудзіць» некаторы адсотак беларусаў, і, магчыма, стаць некаторай матывацыяй для падрастаючых беларусікаў.

Чаму зацікавілася беларускай мовай

Падзеі, якія адбываюцца з 2020 года, ярка паказваюць нашу знікаючую ідэнтычнасць, што вельмі хочацца прадухіліць. Моцна на мяне паўплывалі і меркаванні некаторых рускіх таварышаў пра тое, што беларуская мова зусім не самастойная і навошта ёй права на існаванне. Пазней, прайшла і «траўма» ад школьных метадаў навучання, я пачала вывучаць мову самастойна. На першым курсе пісала курсавую на італьянскай мове, параўноўваючы з беларускай некаторыя лінгвістычныя моманты. Гэта было так захапляльна, што я натхнілася і дыплом сёлета пішу на аснове параўнальнага аналізу беларускіх і італьянскіх прыказак і прымавак. Мяне радуе, калі мой круг зносін (не заўсёды беларусы) усё больш і больш пачынае выкарыстоўваць беларускую мову, калі міжнацыянальныя аднагрупнікі, выкладчыкі і знаёмыя перастаюць блытаць Беларусь з Украінай ці Расіяй, і лічыць, што нашы мовы гэта «ўсё роўна адно і тое ж». Цяпер, як больш маштабная рэч, з’явіўся ютуб-канал.

Пра тое, ці запатрабаваная беларуская мова ў Беларусі і ў выгнанні

На жаль, сярод моладзі ў Беларусі ўсё яшчэ шмат абыякавых. Гэта тыя людзі, якія наогул не сочаць за навінамі і ігнаруюць тое, што адбываецца, або, магчыма, у сілу нейкіх асабістых прынцыпаў не бачаць неабходнасці напружвацца. Ёсць і тыя, хто лічыць гэту мову калгаснай (шчыра іх не разумею). Радуе, што працэнт аматараў роднай мовы павялічваецца, а нацыянальная ідэя становіцца нават нейкім трэндам сярод інтэлігентнай моладзі.

У выгнанні ж знаходзяцца людзі з дакладным усведамленнем, чаму яны там, за што, якімі б абсурднымі не былі б матывы. Яны, у большасці сваёй, таму і былі вымушаныя з’ехаць, таму што ім не абыякавы лёс Радзімы, а адпаведна і мовы.

Пра найбольш эфектыўны фармат для папулярызацыі мовы

Больш эфектыўным было б папулярызаваць на дзяржаўным узроўні, аднак дадзеная опцыя нам зараз недаступная. Усе мы людзі розныя, але ўсе аднолькава сядзім у інтэрнэце. Таму я бачу выхад у разнастайнасці беларускамоўнага кантэнту. Бо, чым больш мы чуем мову вакол сябе, тым больш убіраем, і незаўважна для сябе пачынаем больш выкарыстоўваць. Я б, напрыклад, па вечарах з радасцю глядзела National Geographic пра пінгвінаў на беларускай… пакуль пра гэта можна толькі марыць.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях