8 августа 2022, понедельник, 1:52
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Як беларусы з Масквой змагаліся

3
Як беларусы з Масквой змагаліся

Пяць галоўных бітваў.

Беларусь сёння ўцягнутая ў ганебную вайну на баку Расіі. Дзякуючы гэтаму шмат для каго беларусы ўжо амаль зліліся з расіянамі ў адзінае цэлае. Але менавіта наша радзіма ў сваёй гісторыі мела найбольшую колькасць войнаў з Маскоўскай дзяржавай.

«Новы час» нагадае пра найбольш значныя бітвы гэтага шматвяковага супрацьстаяння.

1. Паходы Альгерда (1368, 1370, 1372 гады)

Адным з галоўных супернікаў маскоўскіх князёў ў справе самаабвешчанага імі «аб’яднання Русі» стала суседняя для іх Цвер. Калі маскоўскія ўладары з часоў Івана Каліты абапіраліся на падтрымку ханаў Залатой Арды, то цвярскія князі пачалі шукаць хаўруснікаў на заходнім напрамку. З гэтай прычыны ў 1350 годзе цвярскі князь Аляксандр аддаў сваю дачку Ульяну за вялікага князя літоўскага Альгерда.

У 1368 годзе маскоўскі князь Дзімтрый Іванавіч пачаў захопліваць землі, якія належалі Цвярскому княству. Ён запрасіў да сабе ў Маскву цвярскога князя Міхаіла, магчыма, на перамовы, але падманам кінуў таго ў астрог. Праз нейкі час Міхаіл усё ж такі здолеў збегчы з маскоўскага палону, адкуль адразу адправіўся да сваяка ў Вільню

Звязаны дынастычнымі абавязкамі, Альгерд увосень 1368 года рушыў паходам на Маскву. Каля Валакаламска ён сустрэўся з армія маскоўскага ваяводы Дзмітрыя Мініна. У адбыўшайся бітве маскавіты былі цалкам разбітыя. Шлях да Масквы быў вольны. Дзмітрый Іванавіч вырашыў не даваць больш бітваў і адсядзецца ў добра ўмацаваным маскоўскім дзядзінцы. Альгерд вырашыў аблогі не пачынаць. Прастаяўшы некалькі дзён пад Масквой, літоўскае войска павярнула назад.

Увосень 1370 года Масква зноў напала на Цвер. Гэтым разам да Альгерда і Міхаіла Цвярскога далучыўся малодшы брат вялікага князя Кейстут.

Маскоўскі князь, разумеючы немагчымасць аказаць супраціў такім сілам, зноў зачыніўся ў горадзе. Восем дзён доўжылася аблога Крамля, пасля якой быў заключаны мір. Згодна летапісу, Альгерд сказаў Дзмітрыю: «…хачу пад горадам тваім Масквою дзіду сваю прыкланіці і тую славу ўчыніці, што Вялікі Князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі Альгерд дзіду сваю пад Масквою прыкланіў». Пад’ехаўшы да сцен горада, князь ударыў у мур сваім кап’ём. Вярнуўшыся да Дзмітрыя, ён сказаў таму: «Вялікі Князь Маскоўскі! Памятай, што дзіда літоўская стаяла пад Масквою!». Вызначыўшы дзяржаўную мяжу па тэрыторыі сучаснай Маскоўскай вобласці, Альгерд вярнуўся ў Вільню.

Апошні паход адбыўся ў 1372 годзе. Зноў прычынай была Цвер. Прастаяўшы колькі часу пад сценамі Масквы, Альгерд пагадзіўся на чарговае перамір’е. Вялікае княства вяло цяжкую вайну супраць Ордэна і не было зацікаўлена ў барацьбе яшчэ з адным ворагам.

Можа быць, чацвёрты паход, калі б той адбыўся, вырашыў б маскоўскую праблему назаўжды, але больш паходаў стары князь ужо зрабіць не паспеў: праз пяць гадоў яго не стала.

2. Бітва пад Воршай (8 верасня 1514 года)

Зімой 1513 года Васіль ІІІ і імператар Святой Рымскай імперыі заключылі хаўрус супраць Вялікага княства. Да яго далучыліся некаторыя іншыя дзяржавы. Летам 1514 года пачынаецца паход маскоўскіх войскаў на Смаленск. 31 ліпеня горад капітуляваў, не вытрымаўшы аблогі. Маскавіты вырашылі развіць поспех і працягваць наступ. 80-тысячная маскоўская армія на чале з ваяводамі Іванам Чалядзінам і Міхаілам Булгакавым-Голіцай рушыла ў глыб тэрыторыі ВКЛ.

Насустрач ім выйшла войска Вялікага княства на чале з вялікім гетманам літоўскім Канстанцінам Астрожскім. Агулам гетман меў каля 25-30 тысячаў вояў.

Войскі сустрэліся на беразе рэчкі Крапіўны, што паміж Воршай і Дуброўна. Чалядзін і Булкагаў-Голіца не заміналі пераправе войску ВКЛ праз раку, збіраючыся даць генеральную бітву.

Бітва пачалася 8 верасня з павольнага наступу войскаў ВКЛ. У адказ маскавіты таксама рушылі ў наступ. Полк Булгакава-Голіцы ўдарыў у фланг нашым харугвам, але быў адбіты і вымушаны адступіць. Конніца ВКЛ пад непасрэдным камандаваннем Астрожскага ўдарыла па сілах маскоўскага ваяводы, змяшаўшы яго шэрагі. Пасля гэтага вялікі гетман даў загад вяртацца на пазіцыі. Па задумцы Астрожскага, гэта павінна было выглядаць як панічнае адступленне. Гэта была вайсковая хітрасць з мэтай выманіць застаўшыхся маскавітаў. Бачачы такое, Іван Чалядзін, полк якога да гэтага амаль не ўступаў у бітву, даў каманду на пераслед усімі наяўнымі ў яго сіламі. З крыкамі «Літва ўцякае» маскоўскае войска пайшло ў атаку. Завабіўшыся на падман, ваявода вывеў сваю армію наўпрост пад агонь літоўскіх гармат. Пачаліся масавыя ўцёкі маскавітаў з полю бітвы. Асноўныя страты маскоўскае войска зазнала якраз падчас гэтых уцёкаў. Ахопленыя страхам, яны танулі ў балоцістых водах Крапіўны ў такой колькасці, што тая выйшла з берагоў.

Вынікам бітвы стала амаль поўнае знішчэнне арміі заваёўнікаў. У палон трапілі 48 вышэйшых ваеначальнікаў і каля 1500 дваран. У палоне аказаліся таксама і Булгакаў-Голіца з Іванам Чалядзінам, які адтуль так ніколі і не вярнуўся.

3. Бітва пры Чашніках (26 студзеня 1564 года)

Адна з найвядомейшых бітваў Лівонскай вайны. 26 студзеня 1564 года маскоўская армія на чале з ваяводам Пятром Шуйскім сустрэлася з войскам Вялікага княства літоўскага пад камандаваннем вялікага гетмана Мікалая Радзівіла Рудога і польнага гетмана Грыгорыя Хадкевіча. Хаця Шуйскі меў каля 30 тысяч войска супраць прыблізна 5-10 тысячаў у Радзівіла і Хадкевіча, яго армія была моцна выматаная пераходам і расцягнутая на некалькі кіламетраў. Крыніцы кажуць, што маскоўскі ваявода добра ведаў пра праціўніка, які яго чакаў, але не стаў рабіць ніякіх прыгатаванняў да бітвы, бо «загарэўся варварскім гонарам і пагардай да малалікасці літоўцаў».

У выніку маскавіты не змаглі нічога супрацьпаставіць добра падрыхтаваным ваярам ВКЛ. Бітва скончылася паразай маскавітаў. Іх сілы былі часткова знішчаныя, часткова рассеяныя па наваколлю. Сам ганарлівы ваявода быў вымушаны пешкі ўцякаць з поля бою. Але далёка сысці яму не ўдалося: яго злавілі сяляне суседняй вёскі, якія, пазнаўшы ў ім маскаля, проста ўтапілі таго ў калодзежы.

4. Бітва пад Палонкай (28 чэрвеня 1660 года)

Паваротны момант у Трынаццацігадовай вайне Вялікага княства літоўскага и Польшчы супраць Маскоўскай дзяржавы.

Да сярэдзіны 1660 года амаль уся Беларусь апынулася пад кантролем акупантаў. Вольнымі заставаліся толькі некалькі гарадоў. Адным з іх была крэпасць Ляхавічы, якая з вясны знаходзілася ў аблозе войск князя Пятра Хаванскага і ваяводы Сямёна Змеева.

Кароль Рэчы Паспалітай Ян ІІ Казімір адправіў на дапамогу Ляхавічам 4-тысячную армію польнага кароннага гетмана Стэфана Чарнецкага. 14 чэрвеня яна злучылася з войскам Вялікага гетмана літоўскага Паўла Яна Сапегі, у войску якога было ад 6 да 8 тысячаў чалавек. У гэты ж час пад камандаваннем Хаванскага было не менш за 30 тысяч салдат.

Бітва пачалася раніцай 28 чэрвеня з атакі маскоўскіх войск. У іх атрымалася пацясніць польска-літоўскія сілы з іх пазіцый. Гэта пераканала Хаванскага ў неабходнасці развіцця поспеху і працягу наступу. Зноў, як і сто гадоў таму, злы жарт сыграла з маскавітамі самаўпэўненасць іх камандзіра. Наўздагон адступаючым быў кінуты полк ваяводы Змеева, які быў разбіты гусарамі і артылерыяй. Пабачыўшы гэта, Хаванскі, намагаючыся пераламіць ход бітвы, павёў у атаку свае асноўныя сілы. Галоўны ўдар ён накіраваў на фланг, якім камандаваў Сапега. Наступ не даў выніку: маскавіты завязлі ў сутычках з ваярамі літоўскага гетмана.

Зыход бітвы вырашыла рашучая атака крылатых гусараў, якія адным наскокам абрынулі маскоўскую кавалерыю. Пры гэтым, колькасць гусараў была не больш за 3-4 сотні, а супрацьстаяла ім некалькі тысячаў варожых коннікаў. Тут трэба прызнаць, праўда, што наўрад ці ў Еўропе XVI стагоддзя былі сілы, здольныя вытрымаць лабавую атаку гусарскай кавалерыі Рэчы Паспалітай з іх 6-мятровымі пікамі.

Бітва стала пераломнай у вайне. Пасля гэтай перамогі войскі Рэчы Паспалітай перайшлі ў наступ і пачалі паступова вызваляць землі і гарады ВКЛ ад маскоўскіх захопнікаў. Вайна пачала перамяшчацца ўсё далей на ўсход.

5. Магілёўскае паўстанне (11 лютага 1661 года)

24 жніўня 1654 года Магілёў без бою здаўся маскоўскім захопнікам. Прычын было шмат. Некаторая незадаволенасць праваслаўных сваім становішчам, высокія падаткі і інтарэсы магілёўскіх купцоў, што вялі гандаль з Масквою — усё гэта адыграла на карысць захопнікаў.

Маскоўскі цар спачатку абяцаў абараняць праваслаўных і не чапаць заведзеных у горадзе парадкаў. Але, як гэта часта бывае з маскавітамі, амаль нічога з абяцанага выканана не было. Маскоўскія стральцы чынілі рабаўніцтвы і разбой мяшчанам і купцам, не шкадуючы нікога. Праваслаўныя святары, калі спрабавалі выступіць супраць гвалту, арыштоўваліся і ссылаліся ў глыб Масковіі. Асабліва не пашчасціла магілёўскім яўрэям. Ім было паабяцана, што яны змогуць разам з сям'ёй і скарбам з'ехаць у бок Польшчы. Але на шляху іх дагналі стральцы, абрабавалі, а большасць забілі.

Хутка настроі магілёўцаў змяніліся цалкам на антымаскоўскія. Мяшчане распрацавалі план паўстання. Гаспадары хат, дзе жылі маскоўскія стральцы мусілі выкруціць крэмні з іх стрэльбаў, пакінуўшы тых без вогнепальнай зброі. Нянавісць да маскавітаў была да таго моцнай, што ў горадзе не знайшлося нікога, хто б выдаў змоўшчыкаў.

Паўстанне пачалося 11 лютага з абразы стральцамі магіляўчанак на гарадскім рынку. Бургамістр Язэп Левановіч з крыкам «пара» з шабляй першым кінуўся секчы ворага. Мяшчане выпусцілі з вязніц ваеннапалонных і разам з імі пачалі знішчаць акупантаў. Маскоўскі гарнізон горада, у якім было сем тысяч чалавек, быў вынішчаны практычна цалкам. Выратаваліся толькі лічаныя людзі. Вярхушку гарнізона гараджане ўзялі ў палон.

За гераізм і мужнасць бургамістр Левановіч атрымаў шляхецтва, а горад Магілёў быў прыроўнены ў правах са сталіцаю Вялікага княства і атрымаў новы герб з выявай Пагоні.

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».