15 августа 2022, понедельник, 12:33
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Як пад Ляхавічамі аднаўляюць сядзібу пачынальніка беларускага негвалтоўнага супраціву

Як пад Ляхавічамі аднаўляюць сядзібу пачынальніка беларускага негвалтоўнага супраціву

У 1773 годзе Тадэвуш Рэйтан выступіў супраць першага гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай.

На радзіме Тадэвуша Рэйтана, у Грушаўцы Ляхавіцкага раёну, трывае рэстаўрацыя ягонай родавай сядзібы. У 1773 годзе Рэйтан выступіў супраць першага гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай. Сёньня яго лічаць пачынальнікам беларускага негвалтоўнага супраціву, пiша «Радыё Свабода».

Рэстаўраваць палац пачалі за грошы Эўразьвязу ў 2019 годзе і меліся скончыць у 2020, але не пасьпелі. Ужо два гады працяг працаў ідзе за беларускія сродкі.

Хто такі Тадэвуш Рэйтан

У 1773 годзе Расея вырашыла «легалізаваць» І падзел Рэчы Паспалітай у вачах усяго сьвету. Зрабіць гэта вырашылі праз Сойм. У ляяльнасьці большасьці дэпутатаў акупанты не сумняваліся. Сойм быў амаль цалкам карумпаваны Расеяй. Але пляны па ціхай акупацыі сапсавалі наваградзкія дэпутаты — Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак і дэпутат зь Меншчыны Станіслаў Багушэвіч. Коштам уласнага жыцьця яны паабяцалі не дазволіць адняць у краіны нават дробнага кавалка тэрыторыі.

Арганізаваць авантуру было даручана польскаму дэпутату і расейскаму агенту Адаму Паніньскаму. На Сойм у Вашаву ён прыбыў з Пецярбургу. Яго задачай было зьмяніць статус Сойму са звычайнага на канфэдэрацкі. Гэта б пазбавіла дэпутатаў магчымасьці заблякаваць рашэньне Сойму, выкарыстаўшы так званае liberum veto. Гэта было нечуванае парушэньне законаў краіны.

16 дэпутатаў зь беларускай зямлі вырашылі разам з Рэйтанам падняцца супраць трох імпэрыяў. Машына фальсыфікацыяў спынілася. Дэпутаты Рэйтана начавалі чатыры начы ў ізьбе, каб паседжаньне не правялі бязь іх. Але з кожным днём іх станавілася менш і менш. На чацьвёрты дзень з Рэйтанам застаўся толькі Корсак і Багушэвіч

Калі дэпутаты зразумелі, што Рэйтан не пераломіць сытуацыю, яны вырашылі далучыцца да Паніньскага. І тады Рэйтан кінуўся да іх у дзьвярах. Ён заклікаў «ранамі Хрыста, за іх укрыжаванага», не губіць душу і не прадаваць Бацькаўшчыну. Яму прыпісваюць словы: «Забіце мяне, але не забівайце Бацькаўшчыну». Гэта спрашчэньне. Ён казаў там шмат чаго.

Урэшце рэшт пад канфэдэрацыяй Паніньскага падпісаліся астатнія дэпутаты. Кропку ў гэтым драматычным Сойме паставіў кароль. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі далучыўся да канфэдэрацыі. Рэйтан згубіў законныя падставы да супраціву і пасьля гэтага, разам з Корсакам і Башугэвічам, пакінуў соймавую ізбу.

Але ўчынаў паслоў зь Літвы не прайшоў дарэмна. Прысутныя на Сойме карэспандэнты СМІ з ўсяго сьвету, галяндзкія, гішпанскія і амэрыканскія і інш., пісалі пра падзеі ў Сойме. Рэйтана і ягоных калегаў там называлі героямі. Гэтым пратэстам яны зрабілі І падзел нелігітымным у вачах сусьветнай грамадзкасьці. На радзіме іх таксама абвясьцілі героямі.

Як Рэйтана «забылі»

На тэрыторыі Беларусі, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, культ Рэйтана, які запачаткавалі менавіта яго землякі, быў немагчымы. Нават ягоны помнік, замоўлены сваякамі, быў пасьля паўстаньня 1863 году схаваны, а пасьля перададзены ў Кракаў.

Вуліца Рэйтана ў Менску зьявіліся ўжо ў міжваенны час, на месцы былой Юраўскай. Цяпер яна знаходзіцца пад Палацам Рэспублікі.

Першым пасьля вайны яго імя спрабаваў адрадзіць Уладзімер Караткевіч. Ён двойчы ўзгадаў яго ў сваіх творах. І ўжо толькі напрыканцы 80-х імя Тадэвуша Рэйтана пачынае зьяўляцца ў беларускай прэсе. Але заняпалая родавая сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы мала каго цікавіла. У савецкія часы там месьцілася ўправа калгасу, а мураванка Рэйтанаў была грамадзкай лазьняй.

Бязь іх беларусы б згубілі сядзібу Рэйтанаў

Вяртаць памяць пра Рэйтана беларусам пачала больш за 10 год таму арт-суполку імя Тадэвуша Рэйтана. У гэтае нефармальнае аб’яднаньне ўваходзяць гісторыкі, мастакі, музыкі. Дзякуючы іх намаганьням сядзібу не прадалі. Цяпер там аднаўляюць фасад, дах сядзібы, і праводзяць рэстаўрацыю капліцы-пахавальні Рэйтанаў.

Каб прыцягнуць увагу да Грушаўкі, Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана пачала праводзіць там талокі і летнікі. «Рэйтанаўцы» працавалі ў архівах, каб адкрываць невядомыя факты пра нацыянальнага героя і змагацца зь мітамі пра яго. Рыхтавалі артыкулы, імпрэзы і выставы.

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».