Італьянскі прафэсар выдаў анталёгію беларускай паэзіі XXI стагодзьдзя
2- 11.11.2024, 11:42
- 1,240
«Каб іх чыталі ва ўсім сьвеце».
«Сьвет скончыўся, а мы — не». Так называецца італьянская анталёгія беларускай паэзіі XXI стагодзьдзя, якая нядаўна пабачыла сьвет. Аўтар яе ідэі, адзін са складальнікаў і перакладчыкаў — прафэсар-славіст зь Міляну Алесандра Акілі.
Журналісты «Радыё Свабода» пагаварылі зь ім пра зацікаўленьне вершамі сучасных беларускіх паэтаў, іх асабістае ўспрыманьне, складанасьці ў працы над анталёгіяй і першыя рэакцыі італьянскіх чытачоў.
Пра цікавасьць да беларускай паэзіі і мовы
— Як так сталася, што вы зацікавіліся беларускай паэзіяй? Калі і чаму ўзьнік гэты ваш інтарэс?
— Як украініста мяне даўно цікавіла ўсходнеславянская культура, пра якую я амаль нічога ня ведаў. Але толькі ў 2020 годзе, калі падчас пандэміі было больш вольнага часу і беларуская тэма была актуальнай, я пачаў інтэнсіўна чытаць беларускую літаратуру, пераважна паэзію таго лета, якая мне падалася вельмі моцнай.
— А на якой мове вы прачыталі першыя вершы беларускіх паэтаў: у арыгінале ці ў перакладах? І як гэтыя вершы трапілі ў поле вашых зацікаўленьняў?
— Адразу на беларускай. Дзякуючы веданьню ўкраінскай, польскай і расейскай моваў гэта было магчыма, але са слоўнікам, вядома. Пазнаць сучасную беларускую паэзію мне дапамог інтэрнэт (Фэйсбук перадусім). Там было, дый яшчэ ёсьць, шмат новых вершаў. Мяркую, першай трапіла ў поле маіх зацікаўленьняў паэзія Юлі Цімафеевай, вершы якой я ў 2020 годзе часта бачыў у Фэйсбуку і дагэтуль вельмі люблю. Але маёй першай спробай перакладу быў верш Віталя Рыжкова «Анкляў».
— Цяпер вы выдатна валодаеце беларускай мовай. А як і калі вы яе вывучалі?
— На жаль, не магу пагадзіцца з тым, што выдатна валодаю беларускай мовай. Але вельмі хацелася б! На беларускай я шмат чытаю і перакладаю, слухаю падкасты, але магчымасьцяў актыўна ўжываць мову ў мяне было вельмі мала. Толькі нядаўна яны сталі зьяўляцца — дзякуючы першым прэзэнтацыям нашай анталёгіі сучаснай беларускай паэзіі ў італьянскіх перакладах. Як заўжды, не хапае часу. Хацелася б знайсьці магчымасьці гаварыць на беларускай, але гэта складана. Я яе ўсё яшчэ вывучаю.
Пра ідэю анталёгіі беларускай паэзіі па-італьянску
— Калі ўзьнікла ідэя выданьня анталёгіі сучаснай беларускай паэзіі па-італьянску? Хто яе падтрымаў і далучыўся да каманды складальнікаў і перакладчыкаў?
— У 2022 годзе, адразу пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, я атрымаў прапанову ад аднаго з найбольшых італьянскіх выдавецтваў падрыхтаваць анталёгію сучаснай украінскай паэзіі, над якой працаваў разам з каляжанкай Ярынай Грушай. Праца была вельмі інтэнсіўная, у тым ліку і эмацыйна. Я тады адчуў, што таксама трэба падумаць пра анталёгію беларускай паэзіі, пра якую ў Італіі амаль нічога ня ведаюць — нягледзячы на тое, што некалькі гадоў таму Ларыса Пуцілева выдала анталёгію беларускай паэзіі XX стагодзьдзя з італьянскімі перакладамі.
На пачатку 2023-га я сустрэўся з каляжанкай Джуліяй Дэ Флёрыя, якая перакладае паэзію Дзьмітрыя Строцава, і запрапанаваў ёй разам заняцца такім праектам. Джулія пагадзілася, і мы яшчэ запрасілі Маю Галаванаву, Масіма Маўрыцыё і аднаго з нашых паэтаў, Дзьмітрыя Строцава, у якасьці сускладальніка.
Пра аўтараў і праблемы зь імі
— У кнігу трапілі чатыры дзясяткі сучасных беларускіх паэтаў. Як вы выбіралі аўтараў і іх творы? Ці вы самі і вашы калегі рэгулярна чытаеце навінкі беларускіх літаратараў, ці хтосьці рэкамэндаваў вам пэўныя імёны і творы?
— Мы хацелі, каб большасьць арыгіналаў была на беларускай мове, але каб прысутнічала і расейскамоўная паэзія. Дзіма правільна сказаў, што мусіць быць і паэзія на ідыш. А яшчэ ёсьць вершы Алеся Плоткі на ўкраінскай. Наконт імёнаў мы разам кансультаваліся. У гэтым важная была роля Дзімы. Нам прынцыпова было, каб у чытачоў і чытачак ня склалася ўражаньне, як быццам беларуская паэзія зарадзілася ў 2020 годзе. Таму ў кнізе ёсьць, напрыклад, і «вершаказы» Алеся Разанава. Але тэма 2020 году, безумоўна, важная ў анталёгіі.
— Зь якімі нечаканымі праблемамі вам давялося сутыкнуцца пры падрыхтоўцы анталёгіі?
— Ня ўсе аўтары пагадзіліся на публікацыю тых вершаў, якія мы плянавалі ўключыць у кнігу. У некаторых выпадках давялося дайсьці да нейкіх кампрамісаў, але я мяркую, што гэта нармальна. Як заўжды бывае, мы не былі стоадсоткова задаволеныя ўсімі сваімі перакладамі, але гэта таксама нармальна. Супрацоўніцтва паміж намі было вельмі добрае, а гэта, мабыць, найважнейшае. Падрыхтоўка анталёгіі — гэта вялікая адказнасьць!
Пра першыя рэакцыі італьянскіх чытачоў
— І вось кнігу ўжо пабачылі першыя італьянскія чытачы. Як успрынялі? Ці ёсьць ужо водгукі прэсы і літаратурных крытыкаў?
— Кнігу пакуль пабачылі і пра яе пачулі толькі мае студэнты славістыкі і ўдзельнікі прэзэнтацыі ў Бэрліне падчас фэстывалю «Прадмова». Поўны наклад яшчэ друкуецца, але ў электронным фармаце кніга будзе даступная бясплатна на сайце выдавецтва. 22 кастрычніка мы правялі прэзэнтацыю анталёгіі ў маім унівэрсытэце ў Кальяры, на Сардыніі, разам зь Дзімам Строцавым і Юляй Цімафеевай. Падаецца, студэнтам было вельмі цікава слухаць пра Беларусь і беларускую паэзію. Яны ставілі пытаньні і нават зачытвалі пераклады. Было вельмі кранальна для ўсіх.
Наконт водгукаў прэсы і крытыкі — спадзяюся і думаю, што будуць. Калі параўнаць колькасьць перакладаў беларускай паэзіі і літаратуры наогул у нямецкамоўных краінах зь ейнай фактычнай адсутнасьцю ў нас, становіцца вельмі сумна, але, як кажуць ва Ўкраіне, «нам своє робить». Будзем далей чытаць, перакладаць і распавядаць.
Пра асабістае ўспрыманьне твораў беларускіх аўтараў і пажаданьні ім
— А як на ваш асабісты літаратурны густ выглядае цяпер беларуская паэзія на фоне актуальнай італьянскай — і ня толькі — сучаснай паэзіі?
— Мне імпануе канкрэтнасьць, фізычнасьць, нават цялеснасьць сучаснай беларускай паэзіі, але і ейная разнастайнасьць. Мне падаецца, выходзіць так шмат якаснай беларускай паэзіі, што заўсёды ёсьць што пачытаць.
— Што б вы пажадалі беларускім паэтам?
— Каб яны самі маглі вырашыць, дзе жыць, — у вольнай Беларусі ці за мяжой. А яшчэ — каб іх чыталі і слухалі чытачы і чытачкі ва ўсім сьвеце.