25 красавiка 2024, Чацвер, 1:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Разлічваю на падтрымку народа»

20
Андрэй Саннікаў: «Разлічваю на падтрымку народа»

Намер лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава вылучацца кандыдатам у прэзідэнты выклікаў бурныя дыскусіі ў дэмакратычнай супольнасці.

Разнастайныя эксперты задаліся пытаннем пра шанцы кандыдата ў «апазіцыйным кастынгу» і пра сцэнар прэзідэнцкай кампаніі ў цэлым на фоне вылучэння патэнцыйных кандыдатаў. Сваю ацэнку актуальных палітычных раскладаў у інтэрв'ю «Белгазеце» выказаў магчымы кандыдат у прэзідэнты, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

- Чаму вы прынялі рашэнне вылучацца ў прэзідэнты?

- Я ўдзельнічаў у шматлікіх палітычных выбарчых кампаніях, не толькі прэзідэнцкіх, спрабаваў падтрымліваць розных кандыдатаў ад дэмсілаў, але ўсе яны не апраўдалі надзеяў. Апошнім быў Мілінкевіч, які сёння, на мой погляд, больш працуе на падтрымку рэжыму, чым на змену сітуацыі. А змена ўлады даўно наспела. Я думаю, большасць беларусаў гэта разумее – у душы, а то і адкрыта. Для таго перыяду, у які мы цяпер уступілі, характэрныя некаторыя асаблівасці – дастаткова жорсткая пастаноўка пытання пра эканамічнае развіццё краіны, рэформы палітычнай сістэмы. Я вырашыў вылучацца, каб прапанаваць свае варыянты вырашэння гэтых пытанняў.

- Аднак з вашага боку гэта хутчэй жаданне папіярыцца, чым разлік на рэальны поспех…

- Не, мне не трэба піярыцца ў гэтым сэнсе. Увогуле ж я займаўся заўсёды менавіта той дзейнасцю, якая ішла на карысць дэмакратычнаму развіццю Беларусі. Гэтую справу я спадзяюся працягнуць у новай якасці і спадзяюся дамагчыся адчувальных вынікаў. Рашэнне было складаным, не буду хаваць гэта, адказнасць вельмі высокая. Такія рашэнні дзеля піяру не прымаюцца.

- Вы зрабілі шэраг заяваў, але пакуль нічога не сказалі пра сваю праграму…

- Гэта будзе сказана ў свой час. Разумееце, я не магу зараз адказваць урыўкамі нейкімі: ідзе дастаткова сур'ёзная праца, гэта было б непрафесійна і непрыстойна ў адносінах да людзей.

- Некаторыя эксперты лічаць, што ў вас «не атрымаецца падгрэсці пад сябе нейкія структуры, якія дапамогуць сабраць сто тысячаў подпісаў»…

- Можна на пустым месца доўга тэарэтызаваць. А я лічу, што атрымаецца. І ў мяне ёсць для гэтага падставы.

- Партыю купляць не будзеце?

- Ні ў якім выпадку

- Які ў вас ёсць рэсурс, акрамя рэштак маладых «Зуброў»? На падтрымку якіх палітычных сілаў разлічваеце?

- Я разлічваю на падтрымку народа. Сёння ў цэлым апазіцыя знаходзіцца ў цяжкой сітуацыі. У апазіцыі няма буйных гульцоў у плане стабільных рэсурсаў, стабільных структураў. Гэта не абвінавачванне, а канстатаванне факту. Я разлічваю на тое, што мы саспелі для таго, каб паўтарыць грамадскія чаканні, грамадскую актыўнасць пачатку 90-х гг.

- Ёсць меркаванне, што вашыя лепшыя гады як палітыка прайшлі, вы не можаце скарыстацца перавагамі канца 90-х…

- Да і пасля адстаўкі я займаўся тым, што ўмацоўваў міжнародныя кантакты Беларусі. Менавіта Беларусі, а не ўладаў, шукаў магчымасці для развіцця беларускага бізнэсу. Нават знаходзячыся ў МЗСе на афіцыйнай пасадзе, я перш за ўсё (пашанцавала, напэўна) займаўся тымі пытаннямі, якія рэальна спрыялі ўмацаванню суверэнітэту.

- Падчас працы ў МЗСе ці былі ў вас нейкія вострыя канфлікты з уладай?

- Я не шукаў канфліктаў, а выказваў свой пункт гледжання па ўсіх пытаннях, якія датычыліся маёй кампетэнцыі. Натуральна, я адмоўна ацэньваў тое, што адбывалася, разумеў, што нядоўга змагу знаходзіцца на гэтай пасадзе, не адступаючыся ад сваіх прынцыпаў. Зразумела было, што момант выбару надыдзе. Першы сур'ёзны званочак быў рэферэндум 1995г. пра змену сімволікі. Ну а затым стала зразумела, што пасля рэферэндуму 1996г. мы будзем жыць у іншай краіне.

- У 2008г. мусіраваліся чуткі, што вы маеце намер балатавацца ў прэзідэнты ад БНФ. Вы разглядалі такі варыянт?

- Не. Ніколі такога варыянту не разглядаў. Я калісьці выказваўся дастаткова рэзка, напэўна, у дачыненні да магчымасцяў партыяў у сённяшняй сітуацыі. Але гэта быў папрок уладам. Таму што партыі сёння ў нас проста не могуць існаваць як партыі – пачнем з таго, што партыі вымушаныя здаваць у КДБ спісы сваіх сябраў (фармальна гэта Мінюст, але мы ж разумеем, што гэта адразу ж ідзе спецслужбам). Гэта сітуацыя ненармальная. Зразумела, што ў таталітарным грамадстве разлічваць на дэмакратычныя інстытуты не даводзіцца. Трэба разлічваць толькі на актыўнасць людзей, пераканаўчасць уласнай лініі.

- Аднак Лявон Баршчэўскі тады казаў, што Саннікаў узяў нейкі бланк уступлення ў партыю, а навошта ўзяў і ці будзе ўступаць – не ведае…

- Я не хачу адказваць за Баршчэўскага. Я адказаў на пытанне – не, я не збіраўся ісці кандыдатам ад БНФ.

- Распавядзіце пра «Еўрапейскую Беларусь», часткай якой з'яўляецеся, - што гэта за структура, якая яе колькасць, мэты…

- Гэта не структура – гэта кампанія. Мы прапануем людзям прыняць удзел, і сапраўды шмат людзей удзельнічае, і гэта заўважна, я думаю. Гэтая кампанія накіраваная на тое, каб папулярызаваць уступленне Беларусі ў ЕЗ, нармальнае жыццё для Беларусі ў еўрапейскай сям'і народаў. Пакідаю людзям меркаваць самім пра тое, наколькі гэта паспяхова.

- Ці ўносіце вы дадатковы фактар расколу ў апазіцыю, дэманстратыўна не ўступаючы ў апазіцыйныя структуры?

- Я ганаруся тым, што ў 1999г. удзельнічаў у стварэнні дзейснага аб'яднання, першага цэнтра, які згуртаваў апазіцыю, – Кардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў. А папракаць мяне ў тым, што я не ўступіў у нейкую партыю… Так, прапановаў было шмат, яны дагэтуль паступаюць. Але я не бачу перспектываў у партыйнай кар'еры. Камусьці гэта падабаецца, мне – не. Таму, удзел ва ўсіх палітычных кампаніях і акцыях, не лічу ўнёскам у раскол. Наадварот, я падтрымліваю любыя разумныя ідэі і разумныя дзеянні.

- З пункту погляду іміджу ці прапануеце нешта свежае і арыгінальнае? Скажам, у Казуліна быў імідж марпеха, які ідзе на штурм…

- Безумоўна, я іншы чалавек, буду прапаноўваваць сябе, а не нейкія чужыя напрацоўкі.

- Пакуль што ваш імідж фармуецца за кошт вывешвання ў сетцы фатаграфіяў, дзе вы адлюстраваныя ў кампаніі з усмешлівымі вядомымі палітыкамі. Скептыкі завуць гэта фотасправаздачамі з музея васковых постацяў…

- Мне не хочацца крыўдзіць гэтых людзей, але тут бачыцца нейкая недасканаласць – відаць, хочацца самім пастаяць побач з кімсьці. Гэта не фотасправаздача, кожны здымак – пацверджанне таго факту, што адбылася гутарка пра сітуацыю ў Беларусі – ні пра што іншае, не пра гатункі вінаў ці якасць ежы. У гэтым няма ніякага жадання папазіраваць.

Я ніколі не даваў ніякіх фатаграфій, якія не адлюстроўвалі б сапраўды сур'ёзную гутарку па сутнасці. Гэта мой прафесійны абавязак – займацца ўмацаваннем міжнародных кантактаў Беларусі. Я разумею, што ў Лукашэнкі няма такіх кантактаў, можа, гэта і раздражняе.

- Дыскусіі палітолагаў з нагоды вашага аб'яднання наводзяць на думку, што вас усе ціха ненавідзяць. Якая прычына?

- Гэта ў іх трэба пытацца. Я магу рэзка адказаць – я папросту не бачу ў нас аналітыкаў. Гэта развагі з нагоды, а сур'ёзнай аналітыкі ў нас няма. Калі хто-небудзь з аналітыкаў прапанаваў што-небудзь канструктыўнае? Большасць займаецца ачарненнем апазіцыі. Гэта іх права. Разумею, ім цяжка, трэба неяк выдаваць сябе за дэмакрата і пры гэтым спрабаваць не крыўдзіць улады.

- Кажуць, што вы ідзяце не на выбары, а па гранты…

- Пакідаю на іх сумленні. Гэта проста несур'ёзныя ацэнкі таго, што адбываецца. Большасць экспертаў сёння лічыць, што дыялог Захаду з Лукашэнкам дапаможа Беларусі, а я выступаю катэгарычна супраць гэтага. Напэўна, з гэтага і паходзіць іх такое стаўленне.

- Не асцерагаецеся, што афіцыйныя ўлады будуць ужываць да вас брудныя метады дыскрэдытацыі? Да прыкладу, прыцягваючы сумна вядомую брыгаду дзяўчат лёгкіх паводзінаў – Олю, Лену і Юлю…

- А вы думаеце, можна ад цяперашніх уладаў і іх абслугі чакаць чагосьці добрага? Але і народ ужо разумее, што стаіць за ўсім гэтым брудам. Тым больш, па-мойму, сёння скандалы ў афіцыйных колах, карупцыя, бруд, пра якія самі ж афіцыйныя СМІ і даносяць, горш за любы заказны сюжэту пра апазіцыю.

- Лічыце сябе больш харызматычным палітыкам, чым цяпер дзеючы прэзідэнт?

- А што такое харызма? Уменне бессаромна хлусіць? Тады не. Паказны клопат пра людзей, які насамрэч прыводзіць Беларусь на апошнія месцы ва ўсіх рэйтынгах, у т.л. па ўзроўні і якасці жыцця? Тады таксама не. Я разумею адкрытую канкурэнцыю, спаборніцтва ідэяў. А ў нахабстве і хамстве я спаборнічаць не змагу – гэта так.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках