2 траўня 2024, Чацвер, 19:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежных журналістак ізноў выклікаюць у міліцыю

9

На 19 траўня Наталля Радзіна, Ірына Халіп, Святлана Калінкіна і Марына Коктыш выкліканыя ў Першамайскі РУУС Менска.

Старэйшы дазнаўца Упраўлення ўнутраных справаў Гомеля Аляксандр Пусеў паведаміў журналісткам, што мае намер азнаёміць іх з вынікамі паўторнай экспертызы канфіскаваных у іх кампутараў. «Азнаямленне» павінна распачацца ў 12 гадзінаў з сустрэчы з шэф-рэдактарам «Народнай волі» Святланай Калінкінай і традыцыйна скончыцца допытам журналісткі сайта charter97.org Наталлі Радзінай, якую выклікалі на 14.00.

Нагадаем, што ў выніку першапачатковай экспертызы ў канфіскаваных у офісе сайта charter97.org кампутарах не было знойдзена матэрыялаў, якія абражаюць гонар і годнасць былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа, за што былая ўзбуджаная крымінальная справа. Аднак на апошнім допыце Наталлю Радзіну азнаёмілі з пастановай аб правядзенні паўторнай экспертызы, мэта якой гэтым разам - высветліць, ці займаюцца з яе кампутараў адміністраваннем сайта charter97.org, а таксама ўзламаць паролі ад пошты і Skype для вызначэння ўсіх кантактаў.

У кампутарах Святланы Калінкінай, намесніцы рэдактара «Народнай волі» Марыны Коктыш і журналісткі расейскай «Новай газеты» Ірыны Халіп у выніку паўторнай экспертызы даручана расшыфраваць выдаленыя ці зашыфраваныя дакументы і таксама ўзламаць паролі ад пошты і Skype.

Беларускія журналісткі Наталля Радзіна, Ірына Халіп, Святлана Калінкіна і Марына Коктыш пераследуюцца ў межах крымінальнай справы, узбуджанай нібыта па факце паклёпу ў СМІ на былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа.

16 сакавіка ў офісах і кватэрах журналістак былі праведзеныя ператрусы і канфіскаваныя кампутары. У офісе charter97.org было канфіскавана больш за ўсё тэхнікі – 8 кампутараў. Першапачаткова супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спрабавалі патрапіць у кватэру, якая арандавалася Наталляй Радзінай, без прад'яўлення пастановы. Пры гэтым яны ўдарылі журналістку ў твар. У абскарджанні незаконных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі Радзінай адмоўлена.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках