16 красавiка 2024, aўторак, 11:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чуркін: Увесці войскі ва Украіну папрасіў Януковіч

85
Чуркін: Увесці войскі ва Украіну папрасіў Януковіч

(абноўлена - 3:40) Пастаянны прадстаўнік РФ на пасяджэнні Савета бяспекі прадэманстраваў зварот Віктара Януковіча да расейскага кіраўніцтва.

Расея не парушае міжнародных пагадненняў, і яе дзеянні ў Крыме з'яўляюцца адэкватнымі. Пра гэта на сённяшнім пасяджэнні Савета бяспекі Арганізацыі аб'яднаных нацый заявіў прадстаўнік РФ пры ААН Віталь Чуркін.

Паводле яго слоў, пра ўвод войскаў на тэрыторыю Украіны расейскую ўладу прасіў асабіста "дзейны і законна абраны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч" у лісце, датаваным 1 сакавіка.

Чуркін прадэманстраваў адпаведны ліст Януковіча прысутным на пасяджэнні. У якасці матыву ўводу войскаў ва Украіну Януковіч прыводзіў той аргумент, што краіна апынулася "на мяжы грамадзянскай вайны, а сітуацыя выйшла з-пад кантролю з-за дзеянняў радыкалаў".

Прадстаўнік ЗША ў ААН Саманта Пауэр падчас экстраннага пасяджэння Савета бяспекі ААН заявіла, што лічыць неабгрунтаваным увод войскаў Расейскай Федэрацыі ў Крым.

"Няма ніякіх доказаў прыгнёту рускіх нацыянальных меншасцяў ва Украіне ў цэлым і ў Крыме ў прыватнасці. Усё, пра што кажуць прадстаўнікі Расеі - гэта выдуманыя пагрозы", - падкрэсліла Пауэр, каментуючы словы прадстаўніка РФ Віталя Чуркіна.

Акрамя таго, яна падкрэсліла, што Януковіч з'яўляецца несапраўдным Прэзідэнтам Украіны.

Пауэр заклікала РФ вярнуць свае ўзброеныя сілы на базы.

Яна падкрэсліла, што дзеянні Масквы ніяк нельга назваць місіяй па абароне правоў чалавека.

"Фактам з'яўляецца тое, што расейскія ўзброеныя сілы захапілі ўкраінскія памежныя пасты. Фактам з'яўляецца тое, што Расея захапіла тэрмінал у Керчы. Фактам з'яўляецца тое, што расейскія караблі прыбываюць у Севастопаль і ў прылеглыя раёны", - сказала амбасадар ЗША. Яна падкрэсліла, што расейскія ўзброеныя сілы заблакавалі тэлефонныя паслугі ў шэрагу раёнаў і захапілі практычна ўсе ўкраінскія ваенныя аб'екты ў Крыме.

"Фактам з'яўляецца тое, што сёння расейскія самалёты ўвайшлі ў паветраную прастору Украіны. Фактам з'яўляецца тое, што незалежныя журналісты працягваюць паведамляць, што няма ніякіх доказаў гвалту супраць Расеі ці прарасейскіх суполак", - сказала Саманта Пауэр.

Амбасадар заявіла, што расейскія войскі былі накіраваныя ва Украіну ў адказ на "ўяўную пагрозу". "Расейскія ваенныя дзеянні не з'яўляюцца місіяй па абароне правоў чалавека, а з'яўляюцца парушэннем міжнароднага права", - сказала Саманта Пауэр.

Пастаянны прадстаўнік ЗША заклікала Расею неадкладна вывесці свае войскі з Украіны. Яна паведаміла аб накіраванні ва Украіну місіі АБСЕ па назіранні за правамі чалавека. "Сёння АБСЕ пачынае разгортванне назіральнікаў ва Украіне. Гэтыя назіральнікі могуць забяспечыць нейтральную і неабходную ацэнку сітуацыі на месцах. Іх прысутнасць вельмі неабходная ў Крыме і ў ключавых гарадах Усходняй Украіны", - сказала прадстаўнік ЗША. Яна заклікала Расею не перашкаджаць доступу назіральнікаў у Крым.

Напісаць каментар 85

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках