25 красавiка 2024, Чацвер, 10:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папулярны блогер расказаў, чаму мужчыны ў СССР так дрэнна выглядалі

81
Папулярны блогер расказаў, чаму мужчыны ў СССР так дрэнна выглядалі

На тое было некалькі істотных прычынаў.

Сёння будзе пост на адну вельмі цікавую тэму – чаму, уласна, мужчыны ў СССР так дрэнна выглядалі, піша папулярны беларускі блогер Максім Міровіч.

Успомніце, напрыклад, алкаша Фядула з фільма "Афоня" ў геніяльным выкананні артыста Барыслава Брандукова. Зразумела, гэта крыху ўтрыраваны персанаж, і да таго ж у кіно прысутнічае грым, але ўвогуле Фядул – гэта вельмі дакладны вобраз сярэднестатыстычнага савецкага мужчыны – неахайны, апрануты абы-як, ніколі не займаецца спортам і штовечар пакутуе на "захапленні" кшталту ўзліванняў з сябрамі. Брандукову на момант выканання ролі, дарэчы, усяго 37 гадоў, што таксама вельмі дакладна перадае рэальнасць – мужчыны ў СССР выглядалі значна старэй за свой век.

Такім чынам, у сённяшнім пасце – аповед пра тое, чаму савецкія мужчыны так дрэнна выглядалі.

Працоўныя прычыны дрэннага выгляду

Пачнём разбор прычынаў, чаму мужчыны ў СССР так дрэнна выглядалі. Пачнём з галоўнай – з працы. У СССР існаваў нейкі культ прамысловасці і заводаў – які (дакладна гэтак сама, як і культ хлеба) павінен быў ствараць унутранае адчуванне сытасці і багацця. У савецкіх фільмах (напрыклад, "Вясна на зарэчнай вуліцы") від велізарных і страшных заводаў у дыме напаўняе герояў унутраным супакаеннем, яны свецяцца ўсмешкамі.

Пры гэтым усе тэхналогіі ў СССР былі часцей за ўсё страшна адсталымі – на металаплавільных заводах працавалі вагранкі з дарэвалюцыйных часоў, а пра абарону здароўя працоўных гаворка толкам не ішла – таму што ў СССР не існавала рэальных незалежных прафзвязаў. Акрамя таго, саўковыя ўлады ўсяляк падбухторвалі людзей да "перавыканання нормаў і планаў" – што, як вы разумееце, таксама вельмі негатыўна адбівалася на здароўе.

Вось і атрымліваецца, што праз цяжкую і вельмі шкодную працу а таксама ў цэлым дрэнную экалогію гарадоў мужчыны ў СССР выглядалі вельмі дрэнна і хутка старэлі – арганізм літаральна "зношваўся" на такой працы і ў такім экалагічным асяроддзі.

Адсутнасць спорту і шкодныя звычкі

Акрамя цяжкай працы, у дрэннага выгляду савецкіх мужчынаў былі і іншыя прычыны. Да прыкладу, у СССР было зусім не прынята неяк сачыць за сабой у плане знешнасці і здароўя. Калі жанчыны яшчэ сяк-так займаліся гэтым, хадзілі да цырульніка і ведалі слова "дыета" – то мужчыны часцей за ўсё жылі проста як выпадае, увогуле не задумваючыся пра такія пытанні.

Нягледзячы на аповеды пра нейкую там "спартовую краіну" – спорт у СССР быў толькі ў выглядзе фігурнага катання і хакею ў тэлевізары. На спорт ніхто не глядзеў як на сістэму падтрымання здароўя цягам усяго жыцця – у юнацтве мужчына мог атрымаць разрад у лыжах або стральбе, але пасля заканчэння інстытута і камсамольскага жыцця ўсе заняткі спортам зводзіліся на нішто. У найлепшым выпадку магла застацца якая-небудзь бескарысная ранішняя зарадка, якая складаецца з двух лянотных прытопаў і трох прыхлопаў.

Гадоў да 40–45 савецкі мужчына набываў скончаны кананічны выгляд – альбо худая постаць з рукамі-макаронамі, альбо азызлая пастава з жаночымі грудзьмі ды піўным жывоцікам. Такая постаць захоўвалася ў яго яшчэ гадоў 20, пасля чаго надыходзіла хуткае старэнне і згінанне спіны ў барановы рог. Не было культуры трэнажорных залаў, штодзённых заняткаў спортам, не было проста трэніровак на турнічках – гэтым займалася толькі невялікая колькасць энтузіястаў.

Дадамо сюды шкодныя звычкі – п'янства і паленне. У СССР паліла абсалютная (я думаю, адсоткаў 70) большасць мужчынаў, і яны ў той ці іншай колькасці пілі гарэлку – адмовіцца "выпіць у кампаніі" было нечым непрыстойным, пілі амаль усе – такі вось фактычна маргінальны лад жыцця быў у СССР нормай. Увогуле, усё гэта, як вы разумееце, здароўя таксама не дадавала.

Беднасць і галеча

Думаю, што я не адкрыю Амерыку, калі скажу, што беднасць і галеча – таксама вельмі істотныя (калі ўвогуле не галоўныя) прычыны дрэннага знешняга выгляду мужчынаў. Як ні круці, каб быць здаровым і прыгожым – мужчына павінен адчуваць фінансавую незалежнасць, а ў СССР з гэтым былі вялікія праблемы.

Большасць сем'яў у СССР былі беднымі. Сярэдні савецкі заробак складаў 140 рублёў, і практычна ўсе гэтыя грошы сыходзілі на ежу і дробныя набыткі. Мяркуйце самі, ці шмат вы маглі набыць на сярэдні саўковы заробак – добрыя чаравікі каштавалі 50–60 рублёў, жаночыя боты – 82 рублі, тэлевізар – больш за 400, мэблевая "сценка" – цэлых 830. На мэблю грошы адкладаліся гадамі, на аўтамабіль часта збіралі паўжыцця, ды і проста звычайныя побытавыя набыткі накшталт новых туфляў або штаноў былі цэлай падзеяй.

Як вы разумееце – жывучы ў такіх умовах, мужчынам было не да знешняга выгляду – людзі часта сілкаваліся абы-чым, не займаліся спортам і насілі старую завэдзганую вопратку і абутак. Што самае страшнае – у СССР не было ніякага выйсця з падобнай сітуацыі – сацыялістычная дзяржава гарантавала табе падобны жабрацкі заробак да канца жыцця.

А што ў іх?

А цяпер давайце паглядзім, што ў тыя гады было на "загнілым Захадзе" – у той самай Амерыцы, якую СССР усе гады свайго існавання напінаўся дагнаць і перагнаць. Ужо ў канцы XIX стагоддзя ў "загнівалых" пачалася актыўная прапаганда здаровага ладу жыцця і правільнага харчавання – ідэалам мужчынскага цела стала не поўная, а атлетычная постаць.

Адзін з заснавальнікаў школы амерыканскага бодзібілдынгу і фітнэсу Джо Вейдэр.

Першыя спаборніцтвы ў бодзібілдынгу ў ЗША прайшлі ў 1940 годзе – і з тых часоў ідэалам амерыканскага героя (на якога раўняліся ўсе амерыканскія мужчыны) стаў зграбны атлет з тонкай паставай і зіхатлівай усмешкай – які выклікаў забабонны жах у СССР – пракураныя і прапітыя савецкія пісьменнікі са скручанымі ў барановы рог спінамі пісалі ўсякія ўбогія пасквілі пра тое, што "ўсмешлівыя амерыканцы падобныя на робатаў". У пяцідзясятыя гады ў ЗША ўжо масава будаваліся трэнажорныя залы – якія былі забароненыя ў СССР да канца васьмідзясятых гадоў. Ну, і самае галоўнае – атлетычная постаць у ЗША ўважалася прыкметай багацця, а быць бедным у Амерыцы мужчыну з рукамі і галавой было проста сорамна.

У агульным і цэлым Захад і тут перамог савок – бо пачаў прапагандаваць фітнэс і здаровае харчаванне амаль сто гадоў таму. Ну, а ў былы СССР усе гэтыя словы і паняцці прыйшлі ўжо толькі ў дзевяностыя гады...

Такія справы.

А ў каментарах напішыце, што вы пра ўсё гэта думаеце, цікава.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках