29 красавiка 2024, панядзелак, 19:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія аўто падаражэюць у Беларусі праз павышэнне ўтыльзбору?

1
Якія аўто падаражэюць у Беларусі праз павышэнне ўтыльзбору?

Растлумачылі ў аўтамабільнай асацыяцыі.

Рост коштаў легкавых аўтамабіляў у выніку павышэння памеру ўтыльзбору закране як мінімум чвэрць афіцыйнага дылерскага рынку.

А калі ўзяць увесь імпарт, то падаражэюць дзясяткі тысячаў машынаў, што ўвозяцца ў краіну.

Пра гэта Office Life расказаў кіраўнік Аўтамабільнай асацыяцыі БАА Сяргей Варывода.

З гледзішча выплаты ўтыльзбору ўсе аўтамабілі, якія прадаюцца ў Беларусі, можна падзяліць на тры групы.

Першая – тыя, што вырабляюцца ў краіне (гэта значыць прадукцыя СЗАТ «БЕЛДЖЫ»), іх павышэнне ставак не закране. Другая – машыны, якія ўвозяцца з краінаў ЕАЭС. Яны таксама не падпадаюць пад новаўвядзенні. Трэцяя – усё, што ўвозіцца з-за межаў ЕАЭС. Для іх утыльзбор падаражэў, і вельмі значна.

«Калі мы гаворым пра рынак афіцыйных дылерскіх продажаў, то на ім 2/3 займае айчынны вытворца. Яшчэ частка аўтамабіляў увозіцца дылерамі з краінаў Еўразійскага звязу. Іх павышэнне ставак не закране. Што тычыцца рэшты – прыкладна 25%, большасць якіх вязуць наўпрост з Кітая, то кошты іх, вядома, вырастуць у памеры павелічэння збору», – кажа Сяргей Варывода.

«Аўтахаўсы»

Пры гэтым спецыяліст нагадаў, што летась пастаўкі афіцыйных дылераў склалі толькі блізу 5 адсоткаў агульнага аб'ёму імпарту легкавых аўтамабіляў. Асноўны аб'ём машынаў увозіцца фізічнымі асобамі. Але цяпер на рынку з'явілася даволі шмат розных «аўтахаўсаў», якія вязуць аўто наўпрост з Кітая або іншых краінаў паводле «раўналежнага імпарту».

У іх машыны сапраўды падаражэюць, паколькі ўтыльзбор уключаецца ў выдаткі, а значыць, і ў кошт. Дарэчы, значную частку такога ўвозу складаюць электрамабілі. Ацаніць гэты сегмент складана, але, на думку кіраўніка БАА, у цэлым павышэнне коштаў закране дзясяткі тысячаў машынаў, што ўвозяцца ў Беларусь.

«Прычым у дачыненні да электрамабіляў у пастанове ўраду выразна прапісана, што падвышэнне ставак не закране класічныя электрамабілі, а таксама транспартныя сродкі, абсталяваныя гібрыднымі сілавымі ўстаноўкамі паслядоўнага тыпу (гэта значыць тыя, дзе ДВС выкарыстоўваецца толькі для зарадкі батарэі і электрагенерацыі. – Заўв. рэд.). Акрамя таго, стаўкі збору не вырастуць для ўсіх тыпаў электрамабіляў, якія ўвозяцца з тэрыторыі ЕАЭС. Гэта значыць, падаражэюць гібрыды (за выключэннем паслядоўных), імпартаваныя з-за межаў ЕАЭС», – адзначае кіраўнік асацыяцыі.

Пікапы

У дакуменце ўраду ёсць яшчэ некалькі важных момантаў. Напрыклад, вельмі істотна выраслі стаўкі на 2-3-літровыя машыны, а таксама на аўтамабілі класу N1 – гэта значыць на пікапы масай да 3,5 тоны (такія мадэлі ёсць у Great Wall і JAC, напрыклад). Стаўкі ў іх выраслі ў тры разы і больш.

Як гавораць у БАА, прычыны такой пастановы не вельмі зразумелыя, бо ў Беларусі такія аўтамабілі не вырабляюцца. Адзіным пікапам класу N1, які ў нас не абкладаецца ўтыльзборам, з'яўляецца УАЗ. Значыць, гэты брэнд атрымае відавочную канкурэнтную перавагу.

«У цэлым можна адзначыць, што павышэнне ўтыльзбору – пастанова чаканая і шмат у чым лагічная, беручы да ўвагі выраўноўванне ставак у нас і ў Расеі. З іншага боку, яна неўнікнёна прывядзе да падаражання значнай часткі аўтамабіляў для канчатковага спажыўца і можа стаць даволі моцным праінфляцыйным чыннікам», – мяркуе Сяргей Варывода.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках