29 красавiка 2024, панядзелак, 7:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У «Беларуськалія» новыя праблемы

4
У «Беларуськалія» новыя праблемы

І сёлета яны не скончацца.

Кошты калію зніжаліся ўвесь мінулы год. І сёлета лепш таксама не стане. Мяркуючы з усяго, стане горш. Прынамсі на гэта намякаюць свежыя звесткі кітайскай статыстыкі.

Пра гэта – у новым выпуску праграмы «Оптымум» на ютуб-канале «Беларусы і рынак».

За першыя два месяцы гэтага года Кітай павялічыў набыццё калійных угнаенняў на чвэрць. Гэта калі лічыць у тонах. А вось калі лічыць у грошах, то кошт набыцця гэтых угнаенняў, наадварот, стаў на трэць меншы. Аб'ёмы набытку выраслі, а выдаткі на іх набытак, наадварот, зменшыліся. Усяго за студзень – люты Кітай набыў 2,64 млн тонаў калію на 832 млн даляраў.

Насамрэч нічога дзіўнага ў тым, што Кітай набывае больш, а выдаткоўвае пры гэтым менш. Цяпер Кітай набывае калій за 316 даляраў за тону. А год таму кошт быў 590 даляраў за тону.

Але нават гэты новы кошт, які амаль у два разы ніжэйшы за леташні, усё роўна вышэйшы за сярэдні кошт сусветнага рынку. І гэта дрэнная навіна для «Беларуськалія». Бо гэта азначае, што, хутчэй за ўсё, кошты будуць і надалей зніжацца.

Таму што калійны рынак уладкаваны вельмі спецыфічна. Кітай і Індыя – гэта два самыя буйныя пакупнікі калію. Гэтыя краіны заключаюць доўгатэрміновыя кантракты на пастаўку ўгнаенняў паводле фіксаванага кошту. І потым гэты кошт становіцца арыенцірам для ўсіх астатніх пакупнікоў.

Пры гэтым паколькі Кітай – гэта самы буйны пакупнік калійных угнаенняў у свеце, паколькі ён дамаўляецца пра набыццё адразу вельмі буйных партый, то для яго дзейнічае прыстойная зніжка. Кошт для Кітая звычайна ніжэйшы, чым для ўсіх астатніх пакупнікоў.

Калі з сярэдзіны мінулага года Кітай набываў угнаенні за 307 даляраў за тону, то сярэдні сусветны кошт вагаўся ў раёне 350. Але з канца года сітуацыя стала мяняцца. Кошты ўгнаенняў пайшлі ўніз. Адна з прычынаў, дарэчы, агрэсіўны дэмпінг з боку Беларусі.

Да сакавіка сярэдні кошт тоны калію знізіўся на 40 даляраў, у параўнанні з лістападам. І калі Кітай набывае ўгнаенні за 316 даляраў, то сусветны кошт у лютым быў 290.

А гэта значыць, што цяпер Кітай будзе дамагацца зніжэння кошту ў рамках доўгатэрміновых кантрактаў. І, хутчэй за ўсё, даб'ецца. Таму што дэфіцыту ўгнаенняў на рынку няма, а попыт расце павольней, чым прапанова. А калі ўпадзе кошт для Кітая, то ўпадзе кошт і для астатніх.

Прычым Беларусь, хутчэй за ўсё, не зможа згуляць на сваім фірмовым прынцыпе «аб'ёмы вышэйшыя за кошт». Не зможа кампенсаваць зніжэнне кошту павелічэннем продажаў. Таму што ўсе перавагі прынцыпу «аб'ём вышэйшы за кошт» Беларусь ужо выкарыстоўвала летась.

Прынамсі ростам попыту ў Кітаі ў пачатку гэтага года скарыстацца не атрымалася. За два месяцы Беларусь паставіла ў Кітай блізу 450 тыс. тонаў калію на 142 млн даляраў. У тонах аб'ём паставак прыкладна адпавядае леташняму. Так што «Беларуськалій» з першага месца паводле аб'ёмаў пастаўкі ўгнаенняў у Кітай, на якім ён трымаўся ўвесь мінулы год, перамясціўся на трэцяе. А першыя два месцы занялі Расея і Канада.

Таму што рэзерваў для павелічэння вытворчасці засталося няшмат, ды і лагістыка не дазваляе моцна разагнацца. Расейскія чыгункі не гумовыя, а іншых маршрутаў, каб вазіць угнаенні ў Кітай, у нас няма. І да канца гэтага года лагістычных магчымасцяў больш не стане. Няма адкуль ім з'явіцца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках