29 красавiка 2024, панядзелак, 19:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З новаўвядзеннямі для кіроўцаў выйшаў канфуз

4
З новаўвядзеннямі для кіроўцаў выйшаў канфуз

Увялі змены і "забыліся" растлумачыць, як яны працуюць.

З 23 сакавіка набыў моц указ, які сярод іншага тычыцца праходжання тэхагляду. Для новых легкавых аўто (не старэйшых за тры гады) павялічылі тэрмін дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху да трох гадоў (раней такія аўто павінны былі праходзіць ТА раз на два гады). Аднак «Зеркало» даведалася, што ў гэтым пытанні дагэтуль няма ўзгодненасці на станцыях тэхагляду ва УП «Белтэхагляд» і Мінтрансе Беларусі.

25 сакавіка «Белтэхагляд» (арганізацыя падпарадкоўваецца Мінтрансу і курыруе праходжанне тэхагляду) паведаміў, што працягвае працаваць паводле старых правіл - выдаваць дазвол на допуск новых аўто на тэрмін да двух гадоў. У арганізацыі тлумачылі, што чакаюць тлумачэнняў ад рэгулятара.

Аднак 26 сакавіка на сайце «Белтэхагляду» з'явілася інфармацыя, што станцыі пачалі працаваць з улікам норм, зацверджаных у новым указе. А менавіта — пачалі выдаваць на тры гады дазволы на допуск легкавых аўто не старэйшых за тры гады (уключаючы год выпуску) да ўдзелу ў дарожным руху.

У філіяле «Белтэхагляду» ў Віцебску гэтую інфармацыю пацвердзілі. Супрацоўнік паведаміў, што працэдура праходжання ТА праходзіць без змен - уладальнік аўто аплачвае 12 рублёў, аўто праходзіць праз дыягнастычную лінію і калі няма заўваг, станцыя выдае квіт аб допуску аўто да дарожнага руху на тэрмін тры гады.

Аднак, паводле звестак на 12.50 26 сакавіка, на менскай станцыі на вуліцы Петруся Броўкі, 30/1 карэспандэнту як фізічнай асобе паведамілі, што ў іх прайсці тэхагляд можна толькі па-ранейшаму — з выдачай дазволу тэрмінам на два гады.

- Інжынеры «Белтэхагляду» нам не далі ніякіх тлумачэнняў, таму мы працуем паводле старой схемы, - адказалі на станцыі.

А 13.50 «Зеркало» патэлефанавала яшчэ на адну станцыю, дзе можна прайсці ТА, яна размешчаная ў Менску на вуліцы Сярова, 1.

- Так, мы выдаём допуск на тры гады. Гэтая інфармацыя прыйшла да нас даслоўна гадзіну таму, - паведаміў супрацоўнік станцыі.

Для ўдакладненняў «Зеркало» патэлефанавала на гарачую лінію Мінтранса, там праінфармавалі, што УП «Белтэхагляд» павінна было даць станцыям тлумачэнні аб тым, як працаваць у адпаведнасці з новым указам.

- Гэтым пытаннем займаўся супрацоўнік Мінтранса. Мы ў «Белтэхагляд» паведамілі, што ўказ быў апублікаваны 23 лютага і набывае моц праз месяц.

Нагадаем, з 23 сакавіка ўвялі шэраг змен для кіроўцаў. Была спрошчана працэдура тэхагляду. Так, пры выдачы дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху больш не патрабуюцца пасведчанне кіроўцы і страхавое пасведчанне. Дазволы на допуск да ўдзелу ў дарожным руху новых аўтамабіляў (не старэйшых за тры гады) будуць цяпер дзейнічаць тры гады. Даведку аб рэгістрацыі аўтамабіля ў ДАІ можна будзе атрымаць хутчэй: тэрмін зменшылі з дзесяці да сямі дзён. Тэрмін дзеяння пасведчання кіроўцы павялічылі ўдвая. Іх будуць выдаваць на 20 гадоў (раней выдавалі на 10 гадоў), прычым тэрмін іх выдачы скароціцца з пяці да трох працоўных дзён.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках