У Гародні маршрутнікі зладзілі «дэмпінгавую вайну»
3- 28.03.2024, 20:41
- 7,576
Ідзе неабыякая барацьба за пасажыраў.
У Гародні паміж маршрутнікамі разгарнулася барацьба за пасажыраў. Пра адзін з такіх прыкладаў расказалі ў Міжрэгіянальнай асацыяцыі перавознікаў (МАП).
«Я рыхтаваўся да выпраўлення, чакаў пасажыраў. Паводле раскладу папярэдні бус ужо мусіў з'ехаць, але ягоны кіроўца з нейкай прычыны затрымаўся на 15 хвілінаў. Потым ён падышоў да маіх пасажыраў і прапанаваў з'ехаць танней. Адзін з іх пагадзіўся», – расказаў кіроўца маршрутнага таксі.
Ён дадаў, што ў яго быў тэлефон пасажыра, бо той браняваў месца на ягоны рэйсе. Праз некаторы час кіроўца набраў кліента і спытаў, як прайшла паездка. Паводле ягоных словаў, пасажыр паведаміў, што яго адмовіліся высадзіць на патрэбным прыпынку, а квіток так і не выдалі.
«Канкураваць за пасажыраў неабходна. Але рабіць гэта трэба ў рамках правілаў. Напрыклад, падвышаючы ўзровень сэрвісу і якасці паслуг. Спробы ж “рэйдарскіх” перахопаў ці ўвогуле праца пад “чорным” сцягам – гэта адкат рынку на некалькі дзесяцігоддзяў таму», – мяркуюць у Асацыяцыі.
У МАП кіроўцу параілі наступны раз фіксаваць такі дэмпінг на тэлефон, а таксама паведаміць пра зрыў раскладу аператару пасажырскіх перавозак і супрацоўнікам аўтавакзала.