Рыгор Кастусёў перадаў верш з-за кратаў
2- 17.04.2024, 12:38
- 3,698
Сёння палітвязню споўнілася 67 гадоў.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў ужо тры гады ў няволі. 17 красавіка палітвязню споўнілася 67 гадоў. Зяць Кастусёва Зміцер Антончык распавёў «Радыё Свабода» пра апошнія звесткі ад зняволенага.
У нядаўнім лісце са зняволення Рыгор Кастусёў пісаў:
«Хутка будзе тры гады з таго дня касманаўтыкі… Тры гады. За гэты час пастарэў на тры гады і ўсё не магу звыкнуць дагэтуль да свайго выгляду, калі гляджу ў люстэрка. Не магу ўсвядоміць, што здарылася ў плане здароўя».
Нядаўна Кастусёва перавялі ў крытую турму ў Гародні. Нягледзячы на выяўленне анкалагічнага захворвання, умовы яму не палегчылі, а пагоршылі. Але 1 красавіка сваякам палітвязня стала вядома, што яму зрабілі аперацыю - вывелі катэтар з мачавога пухіра. Гэта зняло небяспеку яго разрыву, але ўскладніла знаходжанне ў зняволенні.
Пасля аперацыі Кастусёва адправілі назад у камеру. У апошніх лістах ён пісаў, што яму рабілі аналіз крыві, і што паказчыкі дрэнныя: удвая падвышаны бялок у крыві. Таксама павялічаныя лімфавузлы, турбуе варыкоз на нагах.
«Але ён не любіць пра гэта шмат паведамляць і думаць, – расказвае пра Кастусёва Зміцер Антончык. - Затое працягвае пісаць вершы. Вось даслаў верш, прысвечаны сваёй роднай вёсцы Цяхцін».
Ён пачынаецца так:
Не забываю тых мясцін,
Што мне даюць натхненне, сілы,
Пад рэдкай назваю Цяхцін,
Ад нараджэння родны, мілы…
Верш з 9 радкоў заканчваецца тым, што журналісты назвалі фактычным запаветам на выпадак смерці ў няволі:
…Пад шэры камень. Толькі той,
Што ўзяты з родных мне мясцінаў.
І невялікаю плітой,
Дзе бачна, хто каго пакінуў.
Цяхцін - вёска ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці, дзе Кастусёў нарадзіўся.