Белмедуніверсітэт забараняе супрацоўнікам вучыцца на курсах «на баку»
6- 17.04.2024, 16:58
- 10,440
У Сетку патрапіў загад рэктара медуніверсітэта.
Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт забараняе сваім супрацоўнікам вучыць і вучыцца на якіх-небудзь курсах без спецыяльнага дазволу адміністрацыі. Адпаведны загад рэктара Сяргея Рубніковіча, падпісаны 4 красавіка, публікуе тэлеграм-канал «Белыя халаты».
Супрацоўнікам універсітэта забараняецца без дазволу ўдзельнічаць у канферэнцыях, з'ездах, навучальных курсах і г.д., якія не прадугледжаныя планам, што зацвердзіла Міністэрства аховы здароўя. Самастойна чытаць лекцыі (як афлайн, так і анлайн) супрацоўнікі ўніверсітэта таксама не маюць права — толькі на ўзгадненне з непасрэдным кіраўніком і рэктарам.
У каментары гэтага загада юрыст Сяргей Зікрацкі заявіў, што ён не адпавядае не толькі міжнародным нормам, але і беларускаму заканадаўству.
- Міжнародныя нормы аб правах чалавека замацоўваюць права кожнага на асабістае жыццё, якое ўключае ў сябе магчымасць самарэалізоўвацца ў прафесійным асяроддзі. Гэта тычыцца і ўдзелу ў адукацыйных мерапрыемствах, - кажа Зікрацкі. Магчымасць выступаць з лекцыямі ён называе рэалізацыяй права на свабоднае выказванне свайго меркавання.
Гаворачы аб беларускім заканадаўстве, юрыст падкрэсліў:
- Правілы ўнутранага распарадку арганізацыі не могуць абмяжоўваць работнікаў у пытаннях, якія не датычацца яго работы ў гэтай арганізацыі. Удзел у канферэнцыях і адукацыйных мерапрыемствах - гэта асабісты выбар кожнага работніка, які ніяк не звязаны з яго працай у канкрэтнай арганізацыі.