«Мне сёння ў аптэцы далі рэшту расейскімі рублямі»
3- 18.04.2024, 17:33
- 10,052
Беларусы падзяліліся сваімі гісторыямі.
Нумізматыка ўвайшла ў чат. Берасцейцы расказалі, якія манеты знаходзяць пасля разлікаў у крамах і грамадскім транспарце. Былі нават швэйцарскія франкі, зазначае bgmedia.site.
Трыгерам для актыўнага абмеркавання ў сетцы стаў доріс у Instagram, дзе берасцейка пасля паездкі на маршрутным таксі знайшла ў сябе польскія і расейскія манеты. Гэта была рэшта, якую даў ёй кіроўца замест беларускіх капеек. Пасажырка выказала сваю незадаволенасць гэтай сітуацыяй і намякнула, што гэта далёка не першы выпадак.
«Хацелася б звярнуць увагу на тое, што ў апошні час усё часцей я і мае калегі, хто ездзіць на маршрутках, выяўляем у сваіх партманэтах рэшту з замежнымі манетамі. Пагадзіцеся, такі сабе кругазварот манет», - напісала берасцейка.
Допіс праз 14 гадзін пасля публікацыі сабраў 71 каментар.
Карыстальнікі ўмоўна падзяліліся на тры лагеры. Адны пісалі, што аўтарка «раздзьмула» дыскусію праз дзве манеты і называлі сітуацыю «абсурднай». Іншыя жартавалі, што «не дай Бог у такой сітуацыі апынуцца», задаваліся пытаннем, а не «ці польскі гэта след?» і былі б згодныя «замест двух рублёў атрымаць два еўра». Нехта напісаў, што можна было атрымаць рэшту круглай літыевай «батарэйкай 2032».
Але былі і тыя, хто ўзгадаў свае кур'ёзныя гісторыі з замежнымі манетамі ў Берасці:
«Я ў таксі неяк разлічвалася чэшскімі кронамі, кіроўца заўважыў, малайчына. А тут проста трагедыя года».
«У мяне такая ж сітуацыя была замест 2 р. Рэшту далі 2 злотых. Знайшоў дома».
«Мне аднойчы швэйцарская манетка трапілася. Таксама ў маршрутцы далі».
«Мне сёння ў аптэцы далі рэшту - адзін расейскі рубель замест нашага».
Улічваючы, што Берасце — памежны горад, нумізматычная разнастайнасць у крамах і грамадскім транспарце не тое, каб вельмі моцна здзіўляе. А вам пападаліся замежныя манеты пры разліках? Ці, магчыма, вы самі памылкова разлічваліся замежнымі грашыма?