4 траўня 2024, Субота, 1:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка набірае паветра перад утапленнем»

8
«Лукашэнка набірае паветра перад утапленнем»

Стратэгічна ціск на бізнэс – шлях да тупіку.

Беларускі ўрад абмежаваў выплату прыбыткаў і дывідэндаў інвестарам з «несяброўскіх» краінаў. Гэта не першы такі захад супраць бізнэсмэнаў, якія некалі рызыкнулі ўкласці грошы ў нашу эканоміку.

Эксперты, з якімі паразмаўляў «Белсат», адзначаюць, што ўлады ў Менску дзейнічаюць паводле прынцыпу «дзень прастаяць ды ноч пратрымацца»: на кароткі час абмежаванні сапраўды могуць даць ім нейкі плён, аднак стратэгічна гэта шлях да тупіку.

Чарговы «сюрпрыз» для інвестараў з «несяброўскіх» краінаў з'явіўся на Нацыянальным прававым партале. Пастанова ўрада забараняе выплату прыбыткаў і дывідэндаў без дазволу абласных выканкамаў ці Менскага гарвыканкама.

Згодна з зацверджанай працэдурай, прыбытак, які не дазволяць аддаць інвестару, будзе пералічвацца на спецыяльны банкаўскі рахунак і захоўвацца там да таго часу, пакуль абмежаванне не скасуюць. Пакуль вызначана, што гэты захад будзе дзейнічаць да канца 2025 года.

Адзначым, што «несяброўскія» краіны для ўладаў рэжыму Лукашэнкі: усе дзяржавы – чальцы ЕЗ, Албанія, Аўстралія, Вялікая Брытанія, ЗША, Ісландыя, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Новая Зеландыя, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Швэйцарыя.

Раней урад Беларусі павысіў падатак на прыбытак замежных кампаній з «несяброўскіх» краінаў, часткова прыпыніў удзел у пагадненнях аб падвойным падаткаабкладанні з шэрагам дзяржаваў, зацвердзіў спіс юрыдычных асобаў з замежным капіталам, якія нельга прадаваць.

«Новыя абмежаванні – своеасаблівае лагічнае прадаўжэнне», – канстатаваў эканаміст і фінансіст Віталь Алейнік.

«Але якія грошы можна заводзіць у краіну, калі ніякія прыбыткі адтуль нельга будзе атрымаць?» – заўважыў эканаміст.

Ён параўнаў дзеянні ўладаў з тапельцам, якія спрабуюць набраць больш паветра ў лёгкія:

«Калі вы ныраеце ў ваду, як мага больш паветра хочаце ўтрымаць у сабе. Зразумела, што з цягам часу гэтае паветра ў вас проста скончыцца, вам усё роўна давядзецца вынырваць і чыніць нейкія іншыя захады. Пераседзець дзень, пратрымацца ноч – такім чынам будуецца і палітыка, і эканоміка ў Беларусі. Зразумела, што гэта не стратэгічны падыход да развіцця эканомікі».

Віталь Алейнік упэўнены, што многія замежныя бізнэсмэны хочуць сабраць рэчы – і на выхад, і ў любых умовах паспрабуюць знайсці шчыліну, каб забраць з сабой заробленыя грошы:

«Калі вы будзеце працаваць фактычна ў такіх прыгонных умовах, то эфектыўнасць вашай працы будзе вельмі сумнеўнай. Шмат які бізнэс хацеў бы сысці. Калі глядзець у перспектыву, гэтыя бізнэсы будуць шукаць нейкага выйсця: альбо зачыняцца, альбо прадаваць дзель, альбо нейкім чынам усё роўна выводзіць капітал».

Іншы эканаміст, які пагутарыў з журналістамі на ўмовах ананімнасці, адзначыў, што яшчэ адной мэтай усіх абмежаванняў супраць «несяброўскіх» інвестараў можа быць прымус прадаваць бізнэс «сябрам».

«Стымулюецца перадзел рынку: хочуць забраць актывы за нішто або прымусіць прадаць з коштам, значна ніжэйшым за рынкавы. Цяпер шмат расейскіх пакупнікоў. Мяркую, гэта ў іх інтарэсах», – сказаў эксперт.

Пры гэтым замежныя бізнэсмэны не гараць жаданнем страчваць свае грошы, таму выбіраюць тактыку «схавацца ў бульбу» і перачакаць.

«Інвестары не хочуць аддаваць актывы за нішто і сыходзіць. Верагодна, чакаюць нейкіх зменаў у палітыцы. Пастанова не дае забраць свае сумленна заробленыя грошы і стымулюе заганяць іх назад у эканоміку і такім чынам прадаўжаць інвестыцыйны цыкл. Аднак гэта тактыка, але не стратэгія – гэта ўсё, што трэба ведаць пра дзеянні нашага ўраду», – падсумаваў ён.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках